Навіны

30 студзеня 2023

Credit Suisse абслугоўваў сакрэтныя афшорныя кампаніі Абрамовіча, у тым ліку даваў шматмільённыя крэдыты

Структуры Абрамовіча атрымлівалі крэдыты не толькі ад Credit Suisse, але і ад сябе самых.

OCCRP сцвярджае: расейскі алігарх Раман Абрамовіч трымаў больш за два мільярды актываў або наяўных грошай у Credit Suisse, UBS і Barclays. Пра гэта гаворыцца ў дакументах якія ўцяклі з Credit Suisse і кіпрскага пастаўшчыка паслуг MeritServus.

«Уцечка дакументаў з Credit Suisse дае ўяўленне аб актывах, якімі банк кіраваў для Абрамовіча. У нейкі момант іх кошт складаў больш за 1,4 мільярда еўраў, хаця дакладныя даты невядомыя», – гаворыцца ў матэрыяле.

Датычнасць Абрамовіча да афшорных кампаній, піша OCCRP, была ўтоена за кошт складанай карпаратыўнай структуры. У прыватнасці, за кошт непразрыстага траста і пасрэдніцкай кампаніі, якая належыць MeritServus.

Гэтыя афшорныя фірмы валодалі акцыямі буйных амерыканскіх кампаній, якія выкарыстоўваліся ў якасці закладу для крэдытаў ад Credit Suisse. Фірмам алігарха належалі акцыі United States Steel Corporation, Uber, Microsoft і Amazon.

Структуры Абрамовіча атрымлівалі крэдыты не толькі ад Credit Suisse, але і самыя ад сябе. OCCRP выявілі «загадкавыя даўгавыя ланцужкі» паміж структурамі, што, на думку экспертаў арганізацыі, наводзіць на падазрэнні ў адмыванні грошай.

«Безпадстаўныя крэдыты могуць быць эфектыўным спосабам адмывання нелегальных даходаў праз складаныя сеткі кампаній. Калі такія крэдыты хутка пагашаць або выкарыстоўваліся для паўторных транзакцыяў, як, мабыць, у гэтым выпадку, то варта сурʼёзна задумацца аб іх легітымнасці », – растлумачыў OCCRP юрыст Transparency International Куш Амін.

Расейскіх алігарх Раман Абрамовіч у сакавіку 2022 года быў уключаны ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі і Еўразвязу. Па дадзеных The Wall Street Journal, ЗША не сталі ўводзіць санкцыі супраць алігарха пасля кансультацый амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім. Па словах крыніц выдання, Абрамовіч мог стаць пасярэднікам у перамовах паміж Масквой і Кіевам.

У пачатку студзеня The Guardian паведаміла, што бізнесмен паспеў незадоўга да пачатку вайны ва Украіне зрабіць сваіх семярых дзяцей бенефіцыярамі шматмільярдных трастаў, каб, як выказалі здагадку журналісты, засцерагчы свае грошы ад еўрапейскіх і брытанскіх санкцый. Пры гэтым самаму малодшаму бенефіцыяру на момант перадачы актываў было ўсяго 9 гадоў.