У 2022 годзе, паводле звестак літоўскіх мытнікаў, пачаўся рэзкі спад патоку кантрабандных цыгарэт з Беларусі. Ведамства звязвае гэта з тым, што быў уведзены шэраг міжнародных санкцый у адносінах да Беларусі і Расеі.

У мытні таксама адзначылі, што абʼёмы кантрабанды знізіліся дзякуючы таму, што ў санкцыйныя спісы патрапілі тавары, якія традыцыйна служылі прыкрыццём для нелегальнай перавозкі цыгарэт, напрыклад калійныя ўгнаенні, драўніна і вырабы з драўніны.

Сваю ролю адыграла і ўзмацненне жорсткасці кантролю – на КПП былі ўсталяваныя новыя сістэмы кантролю рэнтгена чыгуначных саставаў. «Рызыка быць злоўленай для перавозчыкаў кантрабанды рэзка павялічылася, адпаведна сталі змяншацца партыі кантрабанды – да некалькіх соцень скрынь цыгарэт у партыі», – адзначылі ў літоўскай мытні.

Спаду папярэднічаў рэзкі рост кантрабанды. Калі ў 2017 і 2018 літоўскія мытнікі звычайна затрымлівалі каля 6 мільёнаў пачкаў кантрабандных цыгарэт за год, то з 2019 года ў ведамстве пачалі фіксаваць павелічэнне тытунёвага патоку з Беларусі. У 2019 годзе літоўская мытня затрымала 8,6 млн. пачкаў з Беларусі, у 2020 16,88 млн. пачкаў, а ў 2021 ужо 22,4 млн. пачкаў

Такое павелічэнне па часе супала з адкрыццём у Менску яшчэ адной тытунёвай фабрыкі «Інтэр Табака», якая належыць бізнесмену Аляксею Алексіну – аднаму з «гаманцоў» Лукашэнкі. У 2021 годзе, паводле даных KPMG, вытворчасць цыгарэт у Беларусі ў два разы перавышала абʼёмы ўнутранага спажывання.

Пра тое, як Алексін зарабляў давер у Лукашэнкі і прасоўваў сваю імперыю на беларускім рынку, мы расказвалі ў нашым расследаванні.

У прэс-службе літоўскай мытні нам паведамілі, што ў 2019-2021 гг. пачалі расці і самі партыі кантрабанды – калі раней у звычайнай партыі знаходзіліся прыкладна 100-200 скрынь цыгарэт, то ў 2019-2021 не рэдкасць было знайсці 800-1000, нават 1200 скрынь цыгарэт.

Яблыкі, мэбля, кераміка. У чым возяць кантрабанду?

У большасці выпадкаў кантрабандысты выкарыстоўваюць традыцыйныя схованкі ў прычэпе грузавога цягача – звычайна гэта падлога ці столь прычэпа. Сустракаюцца і схованкі ў пачатку прычэпа з фальшывай сценкай. У такія схованкі змяшчаюцца прыкладна 100-200 скрынь цыгарэт. Часам сустракаюцца буйнейшыя партыі, якія хаваюцца за афіцыйным грузам. Напрыклад, 24 студзеня гэтага года ў Коўне супрацоўнікі мытні затрымалі грузавы цягач з 1330 скрынямі цыгарэт, якія ў Літву былі ўвезены пад прыкрыццём яблыкаў. Або 22 лютага гэтага года ў дарожным пункце Шальчынінкай мытнікі затрымалі каля 1000 скрынь цыгарэтаў, якія былі схаваныя ў мэблі.

«У 2022-м у нас былі выпадкі, калі кантрабанда ўвозілася пад прыкрыццём грузу бітумнага даху, керамічнай пліткі, бульбяных чыпсаў і г.д.

Але гэта, як правіла, патрабуе або значна большых намаганняў і рэсурсаў для хованкі тавару, або значна лягчэй выкрываецца супрацоўнікамі літоўскай мытні», – растлумачылі ў ведамстве.

Якія маркі цыгарэт найчасцей трапляюць з Беларусі ў Літву?

У 2021 годзе: Minsk 5 Superslims, Minsk Superslims, Queen Menthol, Minsk Capital MS, MInsk Capital QS, NZ Gold, NZ 10, NZ 8, NZ Gold QS, NZ Black.

У 2022-ым годзе: Minsk Superslims, Queen Menthol, Minsk Capital MS, Minsk Capital QS, NZ Gold, NZ 10, NZ 8, NZ Gold QS, Fest.

Хто займаецца затрыманнем кантрабандных цыгарэт у Літве?

Трэба адзначыць, што дадзеныя мытні – толькі частка афіцыйнай статыстыкі па затрыманні кантрабандных цыгарэт. У Літве сваю статыстыку вядуць розныя дзяржаўныя службы. Як нам паведамілі ў літоўскай мытні, ёсць грузы, якія затрымлівае памежная служба і супрацоўнікі паліцыі (ужо непасрэдна на тэрыторыі Літвы, напрыклад на кропках рознічнага продажу на рынках).

Для паўнаты карціны іх вынікі неабходна складаць разам. Так, напрыклад, для пагранічнай службы Літвы 2022-ы стаў наадварот – рэкордным годам па колькасці кантрабанды за апошнія два дзесяцігоддзі. У 2022 годзе памежнікамі было канфіскавана больш за 4,3 мільёна пачкаў кантрабандных цыгарэтаў, а ў 2021 годзе – 2,5 мільёна пачкаў. У ведамстве адзначылі, што наймацнейшы ціск на літоўскую памежную службу з-за кантрабанды застаецца на мяжы з Беларуссю (каля 80%), адкуль у Літву спрабуюць увезці абсалютную большасць нелегальных тытунёвых вырабаў.

Паводле звестак пагранічнай службы Літвы, пасля ўзмацнення аховы мяжы з Беларуссю сістэмамі маніторынгу, а таксама ўстаноўкі там фізічнага барʼера з-за нелегальнай міграцыі ўсё часцей выбіраюцца «дыстанцыйныя» спосабы кантрабанды – беспілотнікі або цыгарэтныя «плыты».

У 2022 годзе, як і ў папярэднія гады, пагранічнікі затрымалі больш за ўсё цыгарэт марак «NZ», «Мінск» і «Фэст», вырабленых на гарадзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман».

железная дорога
Крыніца: БРЦ

Рэкордныя затрыманні літоўскіх пагранічнікаў абумоўлены перш за ўсё кантрабандай, якая перавозіцца па чыгунцы (67% затрыманых цыгарэтаў), а канкрэтна праз пункт пропуску Стасілас (Літоўская Рэспубліка) – Беняконі (Рэспубліка Беларусь). Праверкі там найчасцей праводзілі памежнікі, літоўскія мытнікі мелі абмежаваныя магчымасці дагляду ў гэтым пункце. І менавіта таму ён зараз зачынены, а грузы накіроўваюцца ў Кену, дзе працуе рэнтген кантроль. Да канца 2024 г. такую ж сістэму плануюць усталяваць і ў пункце пропуску Стасілас, паведамілі нам у літоўскай мытні.