Пры гэтым Слюнькін дапускае, што амбасадар у Менск можа і не вярнуцца. Аднак і ў такім выпадку няма нагоды казаць аб тым, што Кіеў вырашыў змяніць сваю пазіцыю адносна Беларусі.
«Я б не звязваў адкліканне амбасадара з тым, што памяняўся іх [украінскіх уладаў – заўв.] стратэгічны падыход. Проста пад ціскам, у тым ліку ўнутранай крытыкі і вось гэтых гучных сустрэч Лукашэнкі з Пушыліным, украінскія ўлады вымушаныя нешта рабіць. І я думаю, што сукупнасць гэтых фактараў іх прымушае прымаць такія рашэнні. А наяўнасць ці адсутнасць Кізіма ў Менску насамрэч не тое каб з тэхнічнага пункту гледжання ці з гуманітарнага шмат значыла б. Ён рэальна знаходзіцца там у ізаляцыі, гэта значыць ён практычна ні з кім там, калі верыць публічным заявам яго самога, не сустракаецца і, калі на яго месцы будзе не амбасадар, а ягоны намеснік (часовы павераны), то ніякім чынам гэта не паўплывае на гуманітарныя патокі бежанцаў, якімі ўкраінцы абгрунтоўваюць неабходнасць наяўнасці пасольства і пасла. Я б дакладна не стаў казаць, што стратэгічны курс Кіева пасля сустрэчы з Пушыліным памяняўся або памяняецца », – падкрэсліў палітычны аналітык.
Пра тое, што палітычны курс Украіны адносна Беларусі мог змяніцца, паводле слоў Слюнькіна, не гаворыць і ўнесены прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім законапраект аб спыненні дзеяння пагаднення з Беларуссю аб узаемнай абароне дзяржаўных сакрэтаў.
«Пачынаючы з 2022 года, то бок з моманту, калі і адбылася гэтая агрэсія, у якую Лукашэнка ўцягнуў нашу краіну, гэтыя разрывы двухбаковых адносін адбываюцца з рознымі дзяржавамі. У першую чаргу з прыгранічнымі, таму што там база нарматыўна-прававых актаў двухбаковых значна большая. І такія дакументы разрываюцца і Польшчай, і Літвой, і Латвіяй і, у першую чаргу, Украінай. Украіна ў дадзеным выпадку рэкардсмен. Яны разарвалі ўжо дзясяткі дакументаў і гэта проста адзін з іх. Тут не варта шукаць нейкай дадатковай падаплёкі. Гэта лагічна, таму што ўзровень адносін не адпавядае тым пагадненням, у якіх яны складаліся», – дадаў эксперт.
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст лічыць, што пры пэўных абставінах наступным крокам Кіева можа стаць і разрыў дыпламатычных адносінаў паміж краінамі.
«Гэта сурʼёзны выклік тым, скажам так, зыбкім адносінам, якія былі да апошняга часу. Таму што за гэтым ужо стаіць як бы цень прызнання расейскай анексіі. І зразумела, што Кіеў на гэта адрэагаваў. Але наколькі гэта будзе сурʼёзнай рэакцыяй, пакуль цяжка сказаць. Адкліканне амбасадара для кансультацый – гэта крок сурʼёзны, але амбасадар можа вярнуцца праз некаторы час», – сказаў ён.
Пры гэтым прызначэнне замест амбасадара ў Менску часовага паверанага Дракахруст лічыць «прамежкавай фазай» паміж разрывам дыпламатычных адносін і адкліканнем амбасадара. Гэта, паводле яго слоў, будзе «зніжэннем дыпламатычнага прадстаўніцтва».
«Украіна пакуль зрабіла адзін крок. Калі будзе яшчэ адна стадыя, якую я згадаў, гэта будзе сведчыць аб тым, што там [ва Украіне] ставяцца да гэтага сурʼёзна і збіраюцца пераглядаць некаторыя свае падыходы», – растлумачыў аглядальнік.
Нагадаем, 19 красавіка Кіеў адклікаў амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый. Гэта адбылося пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прызначаным Расеяй «кіраўніком» акупаванай часткі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным.
Кіраўнік Камітэту Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкай супрацы Аляксандр Меражка ў размове з журналістамі заявіў, што гэта сурʼёзны сігнал для Лукашэнкі, які, сустрэўшыся з «кіраўніком» акупаванай тэрыторыі, пайшоў на сурʼёзную правакацыю.