Антыфэйк / фактчэк

29 чэрвеня 2023

Фэйкі тыдня: мяцеж Прыгожына напалохаў Польшчу, уладам Украіны выгадная вайна, эканоміка Менску расце амаль гэтак жа добра, як кітайская

А таксама — БТ пераблытала пратэст апазіцыі з акцыяй супраць пераносу Дня перамогі, «СБ» паставіла дыягназ прэзідэнту Францыі на падставе фэйкавага відэа. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк № 1: Праз мяцеж ПВК «Вагнэр» польскае войска перавялі ў стан падвышанай баявой гатовасці

Дата фэйка: 25.06.2023

У пятніцу вечарам 23 чэрвеня Яўген Прыгожын абвінаваціў вайсковае кіраўніцтва Расеі ў ракетным удары па тылавым лагеры ваяроў ПВК «Вагнэр» і абвясціў пачатак «Марша справядлівасці».

У ноч на 24 чэрвеня вагнэраўцы захапілі Растоў-на-Доне, заблакаваўшы штаб Паўднёвай вайсковай акругі і аб'екты сілавых устаноў, і рушылі калонай у кірунку расейскай сталіцы. Прыгожын заявіў, што 25-тысячнае войска наймітаў нішто не спыніць, але ў 200-х кіламетрах ад Масквы павярнуў іх назад. Як паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, са стваральнікам прыватнай вайсковай кампаніі дамовіўся Аляксандр Лукашэнка.

Польшча праз гэты мяцеж перавяла войска ў стан падвышанай баявой гатовасці, заявіў 24 чэрвеня былы дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у інтэрв'ю Марку Фейгіну:

Аляксей Арастовіч: А калі б гэта было інсцэнаванне, падымаў бы [прэзідэнт Польшчы Анджэй] Дуда польскія ўзброеныя сілы ў стан падвышанай баявой гатовасці?

Марк Фейгін: З іншага боку, ён абавязаны, ён не павінен унікаць.

А. А.: Чаму ён абавязаны? Літва не падымала, Фінляндыя не падымала і іншыя краіны, якія мяжуюць з Расеяй, — не. 

М. Ф.: Гэта не супастаўныя па маштабах краіны.

А.А.: Пачакайце, яны як мінімум павінны былі па агульным сцэнары рэагавання падымаць. Польшча падымала.

Пра тое, што Анджэй Дуда прывёў узброеныя сілы ў стан падвышанай баявой гатовасці, напісаў і тэлеграм-канал «Bild на рускай». Пасля чаго гэтую інфармацыю падхапілі расейскія і ўкраінскія медыі, але са спасылкай на тўітэр польскага прэзідэнта. У гэты дзень там быў размешчаны толькі адзін пост і ў ім нічога не было сказана пра прывядзенне арміі ў стан падвышанай баявой гатовасці:

«У сувязі з сітуацыяй у Расеі сёння раніцай мы правялі кансультацыі з прэм'ер-міністрам і Міністэрствам нацыянальнай абароны, а таксама з хаўруснікамі. Ход падзей за нашай усходняй мяжой знаходзіцца пад пастаянным наглядам». 

Падвышаная баявая гатовасць польскага войска згадваецца ў тўіце кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэка Северы. Аднак яго змест супярэчыць паведамленню выдання Bild і словам Арастовіча. 

«Польскія ўзброеныя сілы знаходзяцца ў пастаяннай гатовасці з лютага 2022 года, і ўзровень не быў зменены ў сувязі з апошнімі падзеямі. Мы сочым за сітуацыяй, кансультуючыся з хаўруснікамі, і ставімся да яе як да ўнутранай справы Расеі», — напісаў Севера 24 чэрвеня. 

Гэта значыць, бунт ПВК «Вагнэр» не справакаваў узмацненне абароны Польшчы.

Фэйк № 2: БТ пераблытала малдаўскія пратэсты

Дата фэйка: 18.06.2023 

Украіна і Малдова перанеслі святкаванне Дня перамогі з 9 на 8 траўня. Гэтае рашэнне выклікала пратэсты ў Кішынэве, паведамілі ў праграме «Вакол планеты» на тэлеканале «Беларусь 1».

«Фашызм не пройдзе і не скажэнню гісторыі. Малдаване зноў выйшлі на акцыю пратэсту ў Кішынэве. Гэтым разам мясцовыя жыхары сталі на абарону Дня перамогі. Выступілі супраць новай назвы і яго пераносу на 8 траўня. Нагадаю, раней кіроўная партыя прапанавала перайменаваць свята Дзень перамогі над нацызмам і Дзень памяці загінулых у Другой сусветнай вайне», — гаворыцца ў сюжэце ад 18 чэрвеня. 

Пратэсты супраць пераносу Дня перамогі сапраўды прайшлі — каля будынку парламента. А на відэа «Беларусь 1» паказаная акцыя каля Канстытуцыйнага суда Малдовы, дзе прайшоў пратэст супраць ліквідацыі апазіцыйнай партыі «ШОР».

У перадачы «Вакол планеты» не ўпершыню паказваюць гледачам відэа, якое не мае дачынення да тэмы сюжэту. Напрыклад, у траўні мітынг на мяжы Польшчы з Чэхіяй і Нямеччынай выдалі за пратэсты ў Варшаве.

Фэйк № 3: Макрон дэманструе статус, навешваючы на сябе дзясяткі кветкавых вянкоў

Дата фэйка: 16.06.2023

16 чэрвеня ў эфіры «Радыё-Менск» псіхолаг Алёна Дзіёдзіна і вядоўца Алёна Радоўская ацанілі асабістыя якасці Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Для гэтага яны параўналі паводзіны першага падчас студзеньскага візіту ў Зімбабвэ, калі на выхадзе з самалёта Лукашэнку надзелі на шыю вянок з белых, чырвоных і зялёных кветак, і другога — падчас паездкі ў Французскую Палінезію ў ліпені 2021 года. 

— Літаральна на пару секунд мы выйдзем з эфіру, таму што мы пакажам вам відэа цалкам. Калі чалавек, які прылятае, мы ўсе бачылі, калі прэзідэнт прылятаў у Зімбабвэ, калі яго сустракалі на вышэйшым дыпламатычным узроўні, гэта быў самы вышэйшы ўзровень сярод усіх сустрэч дыпламатычных, і таксама вешалі вянкі. Скажы, калі ласка, навошта Макрону трэба было на сябе навешваць абсалютна ўсе. На відэа бачна — не адзін, не два вянкі. Навошта? Гэта такая знешняя трансляцыя «я адкрыты, я гатовы», каб   спадабацца чалавеку, — сказала Радоўская.

— Гэта нейкая знешняя дэманстрацыя свайго палітычнага статусу на тэрыторыі гэтай дзяржавы, дзе яго прымаюць, — працягнула Дзіёдзіна.

Вядоўца і псіхолаг абмяркоўвалі відэа, на якім на Макрона апранаюць кветкавыя вянкі. У выніку французскі прэзідэнт апынуўся абвешаны імі ад галавы да каленяў.

Насамрэч гэтыя кадры — відэамантаж. Гэты гумарыстычны ролік быў зроблены два гады таму і стаў вірусным.

У арыгінальным відэа вянкоў на французскім Прэзідэнце значна менш.

Фэйк №4: Уладам Украіны патрэбна была вайна, каб узбагаціцца на ільготным размытненні імпартных аўто

Дата фэйка: 20.06.2023 

Дэпутат беларускага парламента Алег Гайдукевіч заявіў, што Украіне выгадная вайна, бо кіраўніцтва краіны ўзбагачаецца на ільготным размытненні імпартных аўтамабіляў. 

«А для іх гэта заробак. Паглядзіце, нават па лічбах. Які цяпер, напрыклад, велізарны аб'ём пайшоў закупак аўтамабіляў з Еўропы ва Украіну. Схема простая. Там у іх ёсць ільготы для мытных пошлін, таму гэта ўсё ў бізнес ператвараецца. Перапрадаецца потым гэта ўсё ў іншыя краіны постсавецкай прасторы, зарабляюць, крадуць», — распавёў Гайдукевіч у ток-шоу «Будні» на «СБ ТБ» 20 чэрвеня.

«Нулявое размытненне» увялі ва Украіне пасля пачатку вайны. Дзейнічала ільгота на працягу красавіка, траўня і чэрвеня 2022 года. З 1 ліпеня яе адмянілі. За гэты час украінцы завезлі больш за 200 тысяч аўто. 

Па дадзеных Інстытуту даследавання аўтарынка, усплёск рэгістрацыі імпартуемых былых ва ўжыванні аўтамабіляў прыйшоўся на красавік, травень, чэрвень і ліпень 2022 года, калі рэгістравалі па 50-90 тысяч патрыманых іншамарак. Пазней пайшоў спад — да 15-20 тысяч іншамарак у месяц. Гэты ўзровень трымаецца дагэтуль.

За ўвесь 2022 год пры ўсіх ільготах украінцы завезлі крыху больш за 400 тысяч аўто з прабегам. Гэта менш, чым да вайны — у 2021 годзе такіх машын было 533 тысячы. 

Фэйк № 5: Эканоміка Менску расце тэмпамі, блізкімі да лепшых сусветных паказнікаў

Дата фэйка: 19.06.2023 

Эканоміка Менску дэманструе аднаўленчы рост. Па выніках пяці месяцаў прырост валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) склаў амаль 5% да студзеня. Такая заява прагучала 19 чэрвеня ў перадачы «Сталічныя падрабязнасці» на канале СТБ. Палітолаг Вадзім Ялфімаў параўнаў гэты паказнік з сусветнымі тэмпамі росту. 

«Калі параўнаць з сусветнымі тэмпамі росту — 6% гэта, наогул, ідэал... Ён толькі ў Кітая [такі] рост. А 4,8% — гэта вельмі і вельмі», — заявіў ён у той жа дзень у эфіры «Радыё-Менск». 

Аднак і вядоўца СТБ, і Вадзім Ялфімаў змаўчалі пра адну важную дэталь. У студзені 2023 года ВУП Менску, які называецца валавым рэгіянальным прадуктам, упаў больш чым на 7% у параўнанні са студзенем 2022 года. Па выніках пяці месяцаў падзенне склала 2,5% да таго ж перыяду мінулага года. З гэтай розніцы атрымаліся амаль 5% аднаўленчага росту. 

Гэта значыць, эканоміка сталіцы працягвае заставацца ў мінусе, толькі ў меншым.

Важны яшчэ адзін нюанс: вышэйзгаданы мінус — у адносінах да паказнікаў мінулага года. У студзені 2022 года, да ўвядзення санкцый, эканоміка адчувала сябе адносна нядрэнна, паказваючы 1% росту. Праз пяць месяцаў, ужо ў траўні, паказнікі аселі на 3,6% да таго ж перыяду мінулага года. Менавіта да гэтага падзення ў Менгарвыканкаме цяпер лічаць рост. У рэчаіснасці ён магчымы толькі дзякуючы нізкай базе мінулага года.

Дадзеная маніпуляцыя бачная і па актуальнай статыстыцы Белстату. Сярод усіх рэгіёнаў Беларусі Менск — аўтсайдар па дынаміцы ВРП. Хоць у цэлым па краіне ВУП расце — за першыя пяць месяцаў плюс 0,9%.

Гэта значыць, Вадзім Ялфімаў параўнаў скарачэнне адмоўнага эканамічнага паказніка сталіцы з рэальным ростам ВУП Кітая. Які, дарэчы, за год вырас на 3%, а не на 6%, як сцвярджае Ялфімаў. Кітай не лідаруе па тэмпах росту ВУП у свеце. У Індыі ў 2022 годзе было 8%, у Іраку — 9,5%.