Антыфэйк / фактчэк

24 верасня 2021

Фэйкі тыдня: Генацыд на беларуска-польскай мяжы

У апошнія месяцы паміж Беларуссю і краінамі Еўразвяза разгарэўся міграцыйны скандал.

Аўтары:
Рэдактары:
У апошнія месяцы паміж Беларуссю і краінамі Еўразвяза разгарэўся міграцыйны скандал. 

ЕС падазрае, што мігранты з Блізкага Усходу, Афганістана, краін Афрыкі трапляюць на межы еўрапейскіх краін пры садзейнічанні беларускіх прадстаўнікоў улады. Мінск адмаўляе ўсе абвінавачанні ў свой адрас, і ў сваю чаргу абвінавачвае краіны-суседкі ў тым, што яны сілай выцясняюць мігрантаў, якія трапілі на іх тэрыторыю, назад у Беларусь. У выніку такога супрацьстаяння нараджаюцца відэа, міма якіх мы прайсці проста не можам. Адно з іх паказалі ў «Клубе рэдактараў» на Беларусь-1.

«Уначы 16 верасня памежнікі знайшлі ў загароджы калючага дроту, які яны ўсталявалі на мяжы, яго за называюцца, чалавека. Ззаду польскія памежнікі. Як жывёлу гоняць яе праз гэты дрот на тэрыторыю Беларусі. Ён атрымаў сур'ёзныя траўмы. Калі будзе зараз відэа, мы ўбачым. Вось паглядзіце што з ім робіцца. Гэта проста бляха нейкая. Гэта генацыд»,- пракаментаваў відэа кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. 

А зараз давайце больш уважліва паглядзім на пацярпелага. Калі ён перапаўзае праз калючы дрот, ён з барадой, у шэрай талстоўцы з капюшонам, у чорных джынсах і белых красоўках. А калі пацярпеламу апрацоўваюць раны, ён ужо паголены, без каптура, у сініх джынсах і чорных красоўках. Няўзброеным вокам бачна, што той, які поўз праз дрот і той, якому аказваюць дапамогу беларускія медыкі - гэта два розныя чалавекі.

Тэзісы перадвыбарнай праграмы Ціханаўскай абвяргаюцца статыстыкай

У перадачы "Клуб рэдактараў", якая выходзіць на тэлеканале Беларусь-1, міністр інфармацыі і праўладныя палітолагі, узяліся абвяргаць тэзісы выступленняў Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкала падчас перадвыбарнай кампаніі 2020 года. Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант параіў тэлегледачам не верыць апаненткам Лукашэнкі на слова, а правяраць з дапамогай статыстыкі іх словы 

«Звяртаюся да нашых тэлегледачоў, чытачоў: калі вы чытаеце і слухаеце ўсіх гэтых дзеячаў наконт таго, наколькі ўсё дрэнна - не залянуйцеся, адкрыйце статыстыку і вы ўбачыце, што вас, хутчэй за ўсё, водзяць за нос». 

Мы вырашылі праверыць, ці можна верыць Эйсмант і выявілі шэраг маніпуляцый той самай статыстыкай, да якой Эйсмант раіў звяртацца

«Я зараз вам зачытаю тэзісы, а вы паглядзіце. Калгасы або развальваюцца або стагнуюць, - казалі яны падчас сваіх мерапрыемстваў. Нам дапамог Інстытут эканомікі НАН Беларусі. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі: 18 год - 5 млрд, 19 - 5,5, 20 - 5,8 млрд даляраў».

Гэта значыць Эйсмант спрабуе пераканаць сваіх тэлегледачоў у тым, што насамрэч калгасы не развальваюцца і не знаходзяцца ў стадыі стагнацыі, падаючы толькі лічбы па экспарце сельгаспрадуктаў і тое толькі за 3 апошнія гады. 

Мы вырашылі пагартаць статыстыку Белстата далей і выявілі, што за 10 гадоў колькасць сельгасарганізацый скарацілася на 185 адзінак. У 2011 годзе ў Беларусі было ўсяго 40 стратных сельгасарганізацый, а цяпер іх - 177. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў 2011 годзе была больш як 15 з паловай працэнтаў, цяпер - 5,5 працэнта. Крэдыторская запазычанасць складае амаль 8,8 млрд рублёў. Гэта 60 працэнтаў ад выручкі. Для параўнання - 10 гадоў таму запазычанасць складала 40% ад выручкі.

Гэта значыць аб нязручных паказчыках Эйсмант умоўчаў, вырваўшы з кантэксту - толькі зручныя для дзяржаўнага тэлебачання лічбы. 

«Бальніцы і паліклінікі не адчыняюцца. Мы праверылі. Недзе плюс дзесьці мінус, прыкладна на тым самым узроўні яно і засталося».

І мы праверылі! Мінус 61 бальнічная арганізацыя за 10 гадоў. 

«Наступная тэза. Пасля ўступлення Расіі ў СГА там упалі цэны на грузавыя аўтамабілі і трактары, а нашы МТЗ і МАЗ знізілі свае продажы на шматкроп'е працэнтаў, трэба дадаць любую лічбу. Ну нагадваю, па відах прадукцыі за 5 гадоў рост вытворчасці трактароў на 15%, грузавых аўтамабіляў у 1,7 раза, легкавых аўтамабіляў у 2,5 раза, аўтобусаў у 1,7 раза». 

Каб карціна поспехаў беларускай прамысловасці была больш поўнай, мы зноў дапоўнім гэтую статыстыку звесткамі Белстата за 10 гадоў. У 2010-м выраблялася больш за 50 тысяч трактароў для сельскай гаспадаркі, у 2020-м - менш за 40 тысяч. Грузавых аўтамабіляў схадзіла з канвеера 12,5 тысяч у год, а зараз менш за 6 тысяч. Аўтобусаў выпускалі каля 2 тысяч, а зараз 1,5 тысячы. Таксама амаль у 2 разы скарацілася вытворчасць збожжаўборачных камбайнаў і веласіпедаў. Толькі выпуск легкавых аўтамабіляў сапраўды павялічыўся. Дзесяць гадоў таму Беларусь вырабляла 365 легкавушак, зараз больш за 21 тысячу.

Што да МАЗа, то па выніках 2020 года ён паставіў на расійскі рынак 3729 грузавікоў, для параўнання ў 2010-м - амаль 6 з паловай. Так што скарачэнне продажаў беларускіх грузавікоў у Расіі сапраўды прысутнічае.

Украінцы чакаюць вызвалення з боку Расеі 

Уладзімір Жырыноўскі ў эфіры праграмы «60 хвілін» на тэлеканале Расея-1 заявіў, што ўкраінцы чакаюць, калі Расея іх «вызваліць».

«Яны ў захапленні сёння. Уся Украіна радуецца. Яны чакаюць такога моманту, каб рэальна з Усходу прыйшло вызваленне. Таму там будуць сустракаць з кветкамі, Гардзей! З букетамі кветак! З песнямі! І ніякага супраціву ніхто не акажа». 

Ад каго расейцы павінны вызваліць украінцаў, незразумела. А вось стаўленне ўкраінцаў да Расеі і да незалежнасці Украіны вымераў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі. Згодна з вынікамі апытання, 41% украінцаў станоўча ставіцца да Расеі. У той жа час негатыўна ўспрымаюць усходняга суседа 42 працэнты. Апытанне таксама паказала, што незалежнасць Украіны ад Расеі падтрымліваюць 88% украінцаў. І толькі 7% падтрымліваюць ідэю аб'яднання. Мусіць, аб гэтых 7% і казаў Уладзімір Жырыноўскі.

Акрамя гэтага, мы вырашылі асабіста спытаць у некаторых украінцаў, ці чакаюць яны вызвалення з боку Расеі. Увага! Нашае апытанне не мае нічога агульнага з сацыялагічным даследаваннем. 

Яшчэ адзін пракол у сацыялогіі ў тым жа выпуску «60 хвілін» дапусціла яго вядучая - Вольга Скабеева. Яна заявіла, што Уладзіміру Пуціну давяраюць 40% украінцаў.

«У вас былі сацапытанні на мінулым тыдні, дзе Пуціну давяраюць 40% украінцаў. Да гэтага часу! І гэта пры тым, што ў вас няма сацыялогіі». 

Насамрэч Уладзімір Пуцін узначальвае рэйтынг самых нялюбых палітыкаў сярод украінцаў. Па дадзеных даследаванняў сацыялагічнай групы «Рэйтынг» давяраюць яму толькі 15% украінцаў, а негатыўна пры гэтым ставяцца 81%. Дарэчы, услед за Пуціным самы нялюбы палітык ва Украіне - гэта Лукашэнка.

На гэтым Вольга Скабеева, зрэшты, не спынілася. Тэлевядучая заявіла, што Уладзімір Зяленскі назваў рускіх ворагамі.

«Зяленскі заявіў, што расейцы і ўкраінцы - ворагі. Мы сталі ворагамі. Прамая цытата».

Трэба прызнаць, што Уладзімір Зяленскі выступаючы на міжнароднай канферэнцыі «Ялцінская еўрапейская стратэгія», сапраўды, казаў, што расейцы і ўкраінцы, на жаль, з сяброў сталі ворагамі. Але Скабеева замоўкла кантэкст гэтага выказвання. А менавіта тое, што ўкраінскі лідэр выказаў спадзяванне, што сітуацыя зменіцца.  

«Галоўная праблема ў тым, што палітыка Расеі, найперш інфармацыйная, яна не паважае самастойнасць Украіны. І праблема ў тым, што стаўленне ўкраінскага народа да расейцаў пасля гэтага зламалася. Адносін зараз няма. Раней я казаў: партнёры, сябры. А хто мы зараз? Мы сталі ворагамі. Ад сяброў - да ворагаў. І як зараз усё гэта вярнуць назад, ніхто не разумее. Я думаю, што гэта вядома толькі чакай. У любым выпадку, дабро заўсёды перамагае. І ў любым выпадку ўсё памірацца. Усе памірацца».