Дата фэйка: 16.05.2023
У той жа дзень расейскія дроны нанеслі ўдары па Хмяльніцкай вобласці Украіны і, паводле паведамленняў расейскіх медыяў, знішчылі склад з боепрыпасамі. Выданне «Інсайдэр» піша, што там захоўваліся старыя савецкія авіябомбы. У Крамлі сцвярджаюць, што гэта былі танкавыя снарады са збедненым уранам, якія Украіне раней паставіла Вялікая Брытанія.
На гэтым фоне тэлеграм-канал імя былога супрацоўніка ізраільскіх спецслужбаў Якава Кедмі 16 траўня паведаміў, што ў польскім Любліне павысіўся ўзровень радыяцыі.
«На ўсходзе Польшчы з'явіліся скокі радыяцыі ў паветры. Учора ў Любліне вымяральныя прыборы зафіксавалі рэзкае павышэнне ўзроўню вісмуту ў 6-7 разоў. Вісмут – прадукт распаду збедненага ўрану, які выкарыстоўваецца ў боепрыпасах. У каментарах палякі пішуць, што радыяцыйная пагроза прыйшла з Хмяльніцкай вобласці, дзе раніцай 14 траўня ўдарам "герані" быў знішчаны 649-ы авіяцыйны склад», – піша Кедмі і публікуе скрыншот (прыводзім яго ніжэй).
За ім гэтую навіну падхапілі расейскія і беларускія дзяржаўныя медыі.
Універсітэт Мары Кюры-Складоўскай у Любліне, які вядзе маніторынг узроўню радыяцыі, сапраўды зафіксаваў скачок узроўню вісмуту днём 15 траўня. Аднак, калі паглядзець на дадзеныя па ўзроўні вісмуту з пачатку 2023 года, бачна, што такія скокі – звычайная з'ява. Яны здараліся даволі часта і да выбухаў у Хмяльніцкім.
У тым ліку – і да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У дадзеных па вісмуце за той жа перыяд 2021 года бачна, што тады скокі бывалі нават больш значныя.
На сайце ўніверсітэту Мары Кюры-Складоўскай прадстаўлена інфармацыя аб прычынах ваганняў. Вісмут знаходзіцца ў паветры ў выглядзе пылу. Калі ідзе дождж ці снег, яго прыбівае ападкамі, часціцы металу асядаюць на вымяральных прыборах. Менавіта таму на пачатку дажджу фіксуецца ўзровень вісмуту значна вышэй, чым напрыканцы, калі дождж гэтыя часціцы з прыбораў змывае. Гэта значыць ваганні ўзроўню вісмуту маюць натуральнае паходжанне і не нясуць небяспекі, гаворыцца ў паведамленні ўніверсітэту.Там жа сказана, што гэты ізатоп з'яўляецца адным з прадуктаў распаду прыроднага ўрану-238.
Дзяржаўнае агенцтва атамістыкі Польшчы 17 траўня выпусціла афіцыйнае абвяржэнне, назваўшы дэзынфармацыяй навіны аб радыёактыўнай пагрозе. Аднак праз пару дзён, 19 траўня, - гісторыя атрымала працяг. Сакратар Савету бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў заявіў, што з Украіны ў Еўропу рухаецца радыёактыўнае воблака.
«Украіне таксама "дапамаглі", націснулі на сваіх сатэлітаў і паставілі боепрыпасы са збедненым уранам. Іх знішчэнне прывяло да таго, што радыёактыўнае воблака накіравалася ў бок Заходняй Еўропы. І ў Польшчы ўжо зафіксаваны рост радыяцыі», - паведаміў Патрушаў.
БРЦ спраўдзіў дадзеныя Федэральнага ведамства па радыяцыйнай абароне Нямеччыны. 19 траўня ніякіх зменаў узроўню радыяцыі там не фіксавалі. Даследчы цэнтр Еўракамісіі, які маніторыць радыёактыўнасць навакольнага асяроддзя па ўсёй Еўропе, таксама не ўбачыў надыходзячага воблака.
Дарэчы, на мапе выпраменьвання па Еўропе самы высокі яго ўзровень - да 450 наназіверт - зафіксаваны пад Брагінам, у Беларусі. Гэтую інфармацыю пацвярджае і Мінпрыроды рэспублікі. Гэта значыць узровень радыяцыі там удвая вышэйшы, чым ва Украіне ці Еўразвязе.
Ну і, нарэшце, «Камсамольская праўда», каб пацвердзіць чуткі аб выбуху склада з уранавымі снарадамі і тое, што гэта стварыла небяспеку апраменьвання, прааналізавала інфармацыю аб замерах радыяцыйнага фону ў месцы выбуху на ўкраінскіх сэрвісах.
«Іх словы ўскосна пацвярджаюць і ўкраінскія сэрвісы, якія манітораць радыяцыйную абстаноўку: 12-га траўня адбыўся ўсплёск з 60-80 наназіверт (звычайны фон) да 140-160. Гэта не вельмі і шмат, але такі скачок, ды такі рэзкі…» – піша гэтая газета.
Мы праверылі – узровень радыяцыі ў Хмяльніцкім сапраўды падняўся, але гэта адбылося за некалькі дзён да выбухаў, аб якіх гаворыцца ў артыкуле.