Сертыфікаваны падман
Нягледзячы на рэкордныя намалоты алейнага насення ў краіне, дырэктар «Аграпрадукту» Алег Цяслюк у жніўні 2023 распавёў журналістам, што прадпрыемству не хапае сыравіны:
«Нам трэба больш за 300 тыс. тонаў рапсу на год — а ўся Беларусь вырабляе прыкладна 900 тыс. тонаў, перапрацоўшчыкаў нямала, і ўсім трэба. Так што каля 30% ад патрэбы даводзіцца набываць у суседзяў. Раней везлі рапс з Украіны і Расеі, цяпер засталіся толькі расейскія пастаўкі».
У прадпрыемства засталіся расейскія пастаўкі — гэта праўда. Але адкуль Расея бярэ рапс, які потым прадае Беларусі, Цяслюк змаўчаў. У 2023 годзе «Аграпрадукт» набываў алейнае насенне, вырашчанае ў тым ліку на акупаванай частцы Херсонскай вобласці. Толькі за жнівень з Херсоншчыны прадпрыемству паставілі каля 728 тонаў сыравіны. Пра гэта БРЦ даведаўся з дадзеных Федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Зерно», якія нам перадалі ўкраінскія хакеры KibOrg.
Пастаўшчыкі Херсонскага рапсу «Аграпрадукту» — расейскія кампаніі «Велес-Агро» і «Агротрейд». Апошняя звязаная з сям'ёй Антона Ціхамірава, былога сакратара ялцінскага аддзялення партыі «Единая Россия», які супрацоўнічаў з расейскай адміністрацыяй анексаванага Крыму. [*] [*]
Ці маглі ў кампаніі «Аграпрадукт» не ведаць аб паходжанні сыравіны, якую яны набываюць? Наўрад ці. У таварасуправаджальных дакументах на пастаўкі (СДІЗ) адрасам адпраўлення пазначаная Расейская Федэрацыя, але вобласць прапісаная ўкраінская — Херсонская. [*] [*]
Рапсавы алей, выраблены ў тым ліку і з украінскага збожжа, беларускае прадпрыемства пастаўляла ў Еўразвяз. Паводле дадзеных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, у 2024 годзе ў Літву і Латвію паступіла прыкладна па 50 тыс. тонаў прадукцыі «Аграпрадукту». З іх 30 тыс. і 2 тыс. тонаў адпаведна прызначаліся для ўнутраных рынкаў гэтых краінаў.
На свой тавар прадпрыемства атрымала некалькі сертыфікатаў адпаведнасці міжнародным стандартам якасці, у тым ліку ISO 9001. Апошні неабходны для выхаду на еўрапейскія рынкі і прадугледжвае поўнае інфармаванне пакупнікоў або канчатковых спажыўцоў аб якасці прадукту або паслугі, працэсах вытворчасці і гэтак далей. Абавязковая ўмова ягонага атрымання — выкананне «ўсіх дзеючых заканадаўчых і нарматыўных патрабаванняў». Сертыфікацыя ISO добраахвотная. Але такі дакумент уплывае на выбар кампаніі замежнымі партнёрамі, бо сведчыць аб бездакорнай дзелавой рэпутацыі контрагента, захаванні ім этычных нормаў. [*] [*]
Забароны няма — возім
Рапсавы алей «Аграпрадукту», паводле звестак «Латвійскіх грамадскіх СМІ» (Latvijas Sabiedriskais medijs, LSM), у Латвію возяць чатыры фірмы. Сярод іх — латвійская лагістычная кампанія K.I.F. Гэтую інфармацыю пацвердзіла БРЦ крыніца з Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі. Абарот K.I.F. з €1 млн у 2021 годзе павялічыўся да €2,3 млн у 2023-м. [*]
Журналісты латвійскага тэлеканалу TV3 наведалі офіс кампаніі і спыталі ў яе прадстаўніка, ці імпартуе K.I.F. прадукцыю беларускага «Аграпрадукту».
«Не, мы не імпартуем. Мы проста выступаем як мытныя брокеры, як экспедытары», — адказаў суразмоўца, але пацвердзіў, што фірма супрацоўнічае з беларускім «Аграпрадуктам», надае лагістычныя паслугі. Таксама ў кампаніі сказалі, што ў іх няма латвійскіх кліентаў, якія замаўляюць рапсавы алей гэтага прадпрыемства: «Гэтым займаецца эстонская кампанія, яны потым адпраўляюць далей».
Аб пастаўках беларускага тавару ў кампаніі K.I.F. кажуць адкрыта: забароны Еўразвязу няма — возім. Аднак запэўніваюць, што правяраюць паходжанне прадукцыі, глядзяць, ці ёсць вытворца ў санкцыйным спісе. Калі ёсць — працаваць з ім не будуць. Пра тое, што алей «Аграпрадукту» можа быць выраблены з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны, у K.I.F. не ведалі, сказаў прадстаўнік кампаніі: «У нас няма такой інфармацыі, што імпартаваны прадукт з Беларусі быў выраблены на акупаваных тэрыторыях. Канешне, гэта важна».
У Латвію за першыя шэсць месяцаў 2024 года, паводле афіцыйнай статыстыкі Еўрастату, завезлі амаль 68,89 тыс. тонаў рапсавага алею з Беларусі.
«Латвійская чыгунка» (Latvijas dzelzceļš, LDz) у адказе на запыт журналістаў TV3 пацвердзіла, што «Аграпрадукт» экспартаваў рапсавы алей у 2021-2024 гадах. Расследаванне, якое правёў дэпартамент санкцыяў LDz, паказала, што ані сам рапсавы алей, ані «Аграпрадукт», ані кіраўнікі прадпрыемства не знаходзяцца пад санкцыямі, гаворыцца ў лісце. Таксама ў ім прыводзяцца дэталі паставак:
«Тавар ад "Аграпрадукту" ў асноўным атрымліваюць два экспедытары: SIA LAT FLEX і SIA K.I.F., якія забяспечваюць далейшае транспартаванне тавару ў Кітай і Ізраіль. Прадукцыя, якая вырабляецца беларускай кампаніяй, таксама транспартуецца ў многія еўрапейскія краіны: Бельгію, Нідэрланды, Польшчу, Літву, Эстонію і іншыя». [*]
Транзітам можна
Літва амаль да сярэдзіны мінулага года, як і яе суседка, імпартавала беларускі рапсавы алей. Вазілі яго туды, паводле дадзеных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, мясцовыя кампаніі Baltijos Pervezimai, GEN Cargo і Baltic Cargo Agent. З чэрвеня 2024 года ў краіне ўвялі забарону на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёлы з Расеі і Беларусі. Аднак транзіт гэтай прадукцыі праз тэрыторыю Літвы на момант выхаду расследавання дазволены, што дае магчымасць абыходзіць абмежаванні.