Абʼядноўвае абедзве схемы кіпрская кампанія Dimicandum Invest Holding LTD і сувязь з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Аўтары: Аляксей Аляксееў
Рэдактары: Максім Саўчук, Лола Бурыева, Станіслаў Івашкевіч
Экспартаваць падсанкцыйныя ўгнаенні прадпрыемству «Беларуськалій» дапамагае еўрапейская кампанія. Еўрапейскага ў ёй, праўда, толькі рэгістрацыя — кіпрская. Належыць кампанія ўраджэнцы Усходняй Украіны. Фіндырэктар — былы беларускі чыноўнік. Доказы, якія сабраў БРЦ, кажуць пра верагоднасць таго, што зарабляе на ўгодах кампаніі найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. Адбываецца гэта за кошт павелічэння транспартна-экспедыцыйных выдаткаў дзяржаўнай калійнай кампаніі. Працуючы над гэтым расследаваннем, мы выйшлі і на іншае злачынства, да якога ён можа мець дачыненне, — незаконнаму рээкспарту прэміяльных аўтаў з Украіны ў Расею.

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з ініцыятывай «Рабочы рух», тэлеканалам «Белсат», праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы», Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, Кіпрскай сеткай расследавальніцкіх рэпартажаў CIReN, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Пасля разгону дэманстрацыяў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, а затым садзейнічання афіцыйнага Менску расейскаму ўварванню ва Украіну ЕЗ і ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускіх калійных угнаенняў і дзяржаўнага манапольнага прадпрыемства «Беларуськалій», якое іх вырабляе.

Беларусь па-ранейшаму можа экспартаваць калійныя ўгнаенні ў Кітай, Бразілію або Інданезію, якія былі яе асноўнымі імпарцёрамі і да ўвядзення санкцыяў. Але лагістыку краіне прыйшлося перабудаваць. Замест перавозак найбольш кароткім шляхам праз літоўскі порт у Клайпедзе, як гэта было да ўвядзення абмежаванняў, беларускі калій цяпер экспартуецца праз Расею. Гэты шлях і даўжэйшы, і даражэйшы.

У ААН выказвалі заклапочанасць ускладненнем лагістыкі паставак беларускага калію ў краіны з недахопам харчавання. Але расследаванне БРЦ паказала, што значную частку выдаткаў на яе могуць складаць схемы з прыкметамі карупцыі, а не наступствы ўвядзення санкцыяў.

$35 мільёнаў стратаў

Вялікі порт Санкт-Пецярбург у Расеі з 2022 года зрабіўся адным з асноўных экспартных вокнаў для вывазу калійных угнаенняў з Беларусі. Тут «Беларуськалій» карыстаецца паслугамі чатырох тэрміналаў. На адным з іх, Балтыйскім судамеханічным заводзе (БСМЗ), адмыслова павялічылі магутнасці для апрацоўкі беларускага калію. Праз яго перавальваюць каля траціны ўсяго аб'ёму экспарту ўгнаення (перавалка — перагрузка з аднаго віду транспарту на іншы).

Крыніца: James O'Brien / OCCRP

Згодна з публічнымі фінансавымі справаздачамі БСМЗ, у 2023 годзе абарот кампаніі павялічыўся больш чым у 30 разоў — да $35 млн. Трыма гадамі раней гэта лічба толькі трохі перавышала мільён долараў. Расейскія медыі тлумачылі рост пачаткам паставак беларускага калію праз гэты тэрмінал. [*]

Таксама расейская прэса пісала, што ў 2023 годзе БСМЗ пераваліў каля двух мільёнаў тонаў беларускага калію. З дакументаў, якія мы атрымалі ад крыніцаў у судаходнай галіне, вынікае, што яго было больш — звыш трох мільёнаў тонаў.

У нас атрымалася даведацца пра кошты на перавалку ў порце Санкт-Пецярбургу ў 2021 і 2024 гадах. Яны нязначна вар'іруюцца ў межах $11 за метрычную тону калійных угнаенняў. Калі экстрапаляваць гэтую лічбу на 2023 год, то атрымліваецца, што за перавалку трох мільёнаў тонаў угнаенняў БСМЗ павінен быў атрымаць каля $33 млн. Гэта прыкладна адпавядае выручцы прадпрыемства за мінулы год, якую мы бачым у адкрытых крыніцах — $35 млн.

Аднак, мяркуючы па кантракце, які трапіў нам у рукі, «Беларуськалій» заплаціў за перавалку ў БСМЗ у 2023 годзе ўдвая больш — амаль $70 млн.

Як высветліў БРЦ, замест таго каб наўпрост плаціць БСМЗ за перавалку грузаў з цягнікоў на судны, «Беларуськалій» заключыў дамову на гэтую паслугу з кіпрскай кампаніяй Dimicandum Invest Holding LTD коштам амаль удвая вышэйшым за рынкавы — $20 за тону. А кіпрская кампанія затым аформіла асобны кантракт з портам ужо ад свайго імя і плаціла яму за гэтую працу па рынкавым кошце. [*] [*] [*]

Аплата праводзілася часткамі. У чэрвені 2023 года «Беларуськалій» і Dimicandum Invest Holding LTD падпісалі дакумент на аванс за ліпень і жнівень, у жніўні — за верасень і гэтак далей. [*] [*]

У дамове адзначаецца, што беларускі калій прызначаны для экспарту за межы Мытнага саюзу. З дакументаў, якія ёсць у распараджэнні БРЦ, вынікае, што з расейскіх партоў ён у 2023 годзе накіроўваўся ў Кітай, Інданезію і Бразілію. Dimicandum Invest Holding LTD пазначана ў паперах як экспедытар. [*]

Пры гэтым у нас ёсць падставы лічыць, што паслугі Dimicandum Invest Holding LTD не былі абавязковымі. Порт сам ажыццяўляе перавалку, яму належаць краны, абсталяванне, склады, паведамілі БРЦ у транспартнай кампаніі «Порт-Экспрэс». Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі і ў пецярбургскім партовым тэрмінале «Порт Бронка».

У той жа час дамова з экспедытарам можа быць выгадная кліенту, распавяла дырэктарка па развіцці інфармацыйнай агенцыі «Портньюз» Надзея Малышава:

«Экспедытар можа мець зніжку на перавалку, на загрузку порта; у экспедытара можа быць кантракт з портам, што ён яго загружае рэгулярна ў нейкіх абʼёмах».

Аднак гэта наўрад ці датычыцца супрацы беларускага калійнага гіганта з БСМЗ. «Беларуськалій» — і так асноўны кліент тэрміналу, які не мае патрэбы ў зніжках ад пасярэдніка. Нашае расследаванне паказала, што гэтая схема магла быць арганізаваная з мэтай вывесці сродкі айчыннага манапольнага вытворцы калійных угнаенняў на карысць давераных асобаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Вектар» Шэймана

З доказаў, якія сабраў БРЦ, вынікае, што з кіпрскай пракладкай, якая атрымлівае палову ад сумы, пазначанай у дамове з «Беларуськаліем», можа быць звязаны Віктар Шэйман — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Ён стаў даверанай асобай Лукашэнкі яшчэ да яго абрання прэзідэнтам, а пасля займаў ключавыя пасады ў краіне. Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ як адказны за нераскрытыя знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Віктар Шэйман ужо быў фігурантам расследаванняў БРЦ. Чытайце:

Як сын Шэймана здабываў золата ў Афрыцы

Як учорашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў стала спадарожніцай Віктара Шэймана

 

Віктар Шэйманn
Крыніца: БРЦ / Віктар Шэйман

Афіцыйна Dimicandum Invest Holding LTD належыць з моманту заснавання ў 2012 годзе грамадзянцы Рэспублікі Кіпр Галіне Акрытавай Александроў. Яна ж зʼяўляецца яе дырэктаркай. Але пагадненне з «Беларуськаліем» падпісала не Акрытава. [*] [*]

Дамову аб перавалцы ўгнаенняў у порце Санкт-Пецярбургу падпісалі генеральны дырэктар «Беларуськалію» Галаваты І.І. і фінансавы дырэктар Dimicandum Invest Holding LTD Свірыдаў А.Р. Чалавек з прозвішчам і ініцыяламі апошняга ў 2019-2021 гадах быў намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраваў ведамствам тады Віктар Шэйман. [*]

Андрэй Свірыдаў, Іван Галаваты, Віктар Шэйман
Крыніца: БРЦ / Андрэй Свірыдаў, Іван Галаваты, Віктар Шэйман

Мы знайшлі пацвярджэнне, што фіндырэктар кіпрскай кампаніі Свірыдаў А.Р. і Свірыдаў-чыноўнік — гэта адзін і той жа чалавек. На сайце Кіраўніцтва справамі прэзідэнта захаваўся дакумент з подпісам намесніка Шэймана — ён ідэнтычны подпісу на дамове Dimicandum Invest Holding LTD з «Беларуськаліем».

Сам Свірыдаў у размове з журналістам БРЦ прызнаў, што з'яўляецца фінансавым дырэктарам Dimicandum Invest Holding LTD, але, паводле ягоных словаў, з «Беларуськаліем» ніякіх дакументаў не падпісваў.

«Вы ведаеце, зараз тут шмат нейрасетак, так што ў вас няма такіх доказаў», — заявіў ён.

Афіцыйна Андрэй Свірыдаў быў вызвалены ад пасады намесніка кіраўніка справамі Лукашэнкі 19 лютага 2021 года «ў сувязі з пераходам на іншую працу». Менш чым праз месяц, 11 сакавіка таго ж года, ён стаў кіраўніком ЗАТ «Вектар Капітал Груп». У лютым 2024-га яго змяніў на пасадзе дырэктара іншы экс-чыноўнік, звязаны з Віктарам Шэйманам, — былы першы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі Мікалай Селіванаў. Ён займаў гэтую пасаду з лютага 2013 па верасень 2022 года. [*] [*]

Паводле інфармацыі, якую БРЦ атрымаў ад «Кіберпартызанаў», Свірыдаў працягнуў працаваць у «Вектар Капітал Груп» і пасля сыходу з пасады яе кіраўніка. Таксама, акрамя Свірыдава і Селіванава, у ёй працавалі ў 2023 годзе яшчэ двое былых чыноўнікаў з Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Спецыялізацыя кампаніі — «дзейнасць галаўных арганізацыяў», што азначае назіранне і кіраванне іншымі юрыдычнымі асобамі, якія ўваходзяць у нейкую структуру. [*]

Сувязь «Вектар Капітал Груп» з Віктарам Шэйманам бачная і ў расследаванні абʼяднання былых сілавікоў Беларусі BELPOL аб перапродажы па заніжаным кошце ўчастку ў Сочы расейскай кампаніі «Комплекс-Інвест», які належыць Рэспубліцы Беларусь. У ім дэманструецца ліст на бланку «Вектар Капітал Груп» за подпісам Селіванава на імя дырэктара кампаніі «Комплекс-Інвест». Былы першы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі спасылаецца на пазіцыю «нашага кіраўніка», якога называе «В.У.Ш.» (ініцыялы Віктара Уладзіміравіча Шэймана). Таксама BELPOL паказаў штатны расклад «Комплекс-Інвест» — на ім стаяць подпісы экс-кіраўніка кіраўніцтва справамі Лукашэнкі побач з рэзалюцыяй «зацвярджаю В.У. Шэйман» і Селіванава пад словам «узгоднена».

Люксавыя аўты для Russia Today

Вывучаючы дзейнасць Dimicandum Invest Holding LTD, мы высветлілі, што гэтая кампанія трапляла ў поле зроку праваахоўных органаў ва Украіне.

У пачатку траўня 2023 года Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла аб ліквідацыі маштабнай схемы нелегальных паставак у Расею падсанкцыйных аўтамабіляў прэміум-класа. Паводле звестак СБУ, бізнесовец са Львова са жніўня 2022 да сакавіка 2023 года нелегальна пераправіў у РФ 45 аўтамабіляў на агульную суму больш за €3 млн. Ён набываў прэміяльныя транспартныя сродкі ва ўкраінскіх аўтасалонах, афармляў іх на падкантрольныя камерцыйныя структуры, пасля чаго па падробленых дакументах перапраўляў транзітам праз тэрыторыю Еўразвязу ў Беларусь, а адтуль у РФ.

Сярод замоўнікаў аўтамабіляў былі топ-менеджары «Газпрому» і супрацоўнікі Russia Today.

Праваахоўнікі не называлі прозвішча арганізатара гэтай схемы, але ўкраінскія медыі са спасылкай на свае крыніцы паведамлялі, што львоўскі бізнесовец — гэта Віталь Бобыр. Як арганізатар ён пазначаны і ў матэрыялах крымінальнай справы. Бобыру ўдалося схавацца ад следства. Украіна абвесціла яго ў міжнародны вышук.

Віталь Бобыр
Крыніца: БРЦ / Віталь Бобыр

У сакавіку 2023 года ў межах гэтай крымінальнай справы суд у Кіеве арыштаваў маёмасць, знойдзеную падчас ператрусу: розныя дакументы, тэхніку і пячаткі звыш дваццаці кампаніяў з Украіны, адной беларускай — ТАА «БЕЛ-БІТФАЙНДЭР», а таксама дзвюх кіпрскіх — Rostumel Holding Limited і ўжо знаёмай нам Dimicandum Invest Holding LTD.

Апроч таго ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі след, які паказвае на сувязь падазраванага з чалавекам з беларускай улады. У перапісцы на адным з канфіскаваных тэлефонаў ён сцвярджае, што ягоным кумам зʼяўляецца высокапастаўлены беларускі чыноўнік (далей аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):

«...наконт палітычнага Пытання яны не ведаюць што мой кум другі чалавек у Беларусі і можа прагарантаваць за мяне. Ён у свой час Януковічу тэлефанаваў за мяне».

Эксклюзіўны пастаўшчык лому

Віталь Бобыр не называе прозвішча свайго беларускага заступніка, але мы знайшлі шэраг ускосных сувязяў паміж ім і Віктарам Шэйманам. Менавіта экс-кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі медыі называюць другім чалавекам у Беларусі. Сувязь з Шэйманам прасочваецца і праз афіляваных з ім людзей.

Напрыклад, Таццяна Аношка ў 2019-2020 гадах кіравала звязанай з Віктарам Шэйманам кампаніяй ТАА «Глобалкастам».

А ў 2011-2016 гадах яна ж працавала ў ТАА «Белферумгруп». Паводле інфармацыі ДАІ, на пасадзе фінансавага дырэктара. 

Гэтая кампанія была зарэгістраваная ў красавіку 2011 года. Праз паўтара месяца Аляксандр Лукашэнка асабістым указам надзяліў яе эксклюзіўным правам займацца ў Беларусі зборам, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і пастаўкамі лому і адходаў чорных і каляровых металаў. [*] [*] [*] [*] [*]

Заснавалі ТАА «Белферумгруп» дзве кампаніі. Першая — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Люксберг». Другая — украінскае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Шольц утылізатар АГ». Пячаткі ў тым ліку гэтай кампаніі знайшлі пры ператрусе ў межах крымінальнай справы аб нелегальным экспарце прэміяльных аўтаў у Расею. Яе заснавальніцай і ўладальніцай зʼяўляецца Бобыр Ірына Пятроўна — маці львоўскага бізнесоўцы, якога падазраюць у арганізацыі гэтай схемы. [*]

Праз «Шольц утылізатар АГ», звязаную з Віталём Бобырам, людзі Віктара Шэймана маглі выйсці на Dimicandum Invest Holding LTD. У 2017 годзе пры пасярэдніцтве гэтай кіпрскай кампаніі ТАА «Шольц утылізатар АГ» паставіла з Украіны ў Нямеччыну сталёвыя пруты. [*]

Беларускі след у рээкспарце аўтаў

Паінфармаваная крыніца на ўмовах ананімнасці паведаміла БРЦ: украінскія следчыя лічаць, што аўтарам незаконнай схемы паставак у Расею прэміяльных аўтаў зʼяўляўся львоўскі бізнесоўца. Аднак шэраг фактаў паказвае, што сапраўдныя яе арганізатары знаходзяцца ў Менску.

Тая ж крыніца пацвердзіла журналістам БРЦ, што галоўны падазраваны па гэтай крымінальнай справе — Віталь Бобыр. Паводле іх дадзеных, звязаныя са львоўскім бізнесоўцам кампаніі набывалі люксавыя машыны ва ўкраінскіх аўтасалонах, а затым перапрадавалі іх кіпрскім Dimicandum Invest Holding LTD і Rostumel Holding Limited. Затым іх набывала беларуская кампанія «БЕЛ-БІТФАЙНДЭР», пасля чаго аўты перапраўлялі канчатковым пакупнікам у РФ.

БРЦ таксама атрымаў шэраг дакументаў, якія сведчаць аб дачыненні Андрэя Свірыдава да гэтай незаконнай схемы. Падчас вобшукаў у офісах кампаніі, якія звязаныя з Бобырам, сярод іншага ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі бланк дамовы на продаж кампаніі Dimicandum Invest Holding LTD аўтамабіля AUDI SQ8 коштам больш за €75 тыс. Прычым у банкаўскіх рэквізітах кіпрскай кампаніі пазначаны беларускі «Парытэтбанк». [*]

Ад крыніцаў ва Украіне мы атрымалі фота пашпарту і дзве даверанасці на Свірыдава, падпісаныя кіраўніком Dimicandum Invest Holding LTD. Першая датаваная 1 верасня 2022 года. Яна ўпаўнаважвае экс-намесніка кіраўніка справамі Лукашэнкі здзяйсняць ад імя Dimicandum Invest Holding LTD любыя ўгоды без абмежавання сумы і быць яе прадстаўніком: падаваць ад імя кампаніі заявы, дакументы, весці перамовы і іншае. Другая даверанасць ад 1 снежня 2022 года дапоўненая яшчэ двума пунктамі, якія дазваляюць Свірыдаву адкрываць для Dimicandum Invest Holding LTD банкаўскія рахункі і выкарыстоўваць сродкі з іх. [*] [*] [*]

Са словаў Свірыдава, гэтыя дакументы з’яўляюцца падробкай. 

«Даверанасці ніякай не было. Гэта, напэўна, проста пыл у вочы людзям. Напэўна, спецыяльна вы падстроілі, каб нашумець, падняць сваю статыстыку», — заявіў ён БРЦ. 

Экс-намеснік кіраўніцтва справамі Лукашэнкі таксама выказаў здагадку, што дакументы падрабілі ўкраінскія праваахоўнікі, каб яго запляміць. 

Як БРЦ давёў вышэй, Андрэй Свірыдаў зʼяўляецца не проста былым высокапастаўленым чыноўнікам — ён працягвае працаваць у структурах, якія звязаныя з Віктарам Шэйманам.

Паказальныя таксама ўзаемаадносіны беларускіх уладаў з ТАА «БЕЛ-БІТФАЙНДЭР», якая купляла ў Dimicandum Invest Holding LTD і Rostumel Holding Limited люксавыя аўты.

Гэтая кампанія зʼяўляецца рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогіяў і займаецца майнінгам крыптавалюты. Яе ўладальнік і кіраўнік — грамадзянін Кітаю Ха Цзяньфэн. У студзені 2024 года, высокапастаўленыя гарадзенскія чыноўнікі правялі сустрэчу з кітайскімі інвестарамі па пытанні будаўніцтва лічбавага тэхнапарку «БЕЛ-БІТФАЙНДЭР» на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» — ужо пасля таго, як кампанія стала фігурантам крымінальнай справы ва Украіне. [*]

Санкцыі за парушэнне санкцыяў

Санкцыі забараняюць не толькі імпартаваць і экспартаваць угнаенні «Беларуськалія» ў краіны ЕЗ, але і даваць гэтаму прадпрыемству фінансавыя ці эканамічныя рэсурсы. Кіпрская Dimicandum Invest Holding LTD, аказваючы паслугі «Беларуськалію», парушае санкцыі, лічаць трое незалежных экспертаў. БРЦ папрасіў іх прааналізаваць атрыманыя дакументы.

«Санкцыі ЕЗ забараняюць кампаніям, зарэгістраваным у ЕЗ, аказваць паслугі або даваць прадукцыю “Беларуськалію”, а перавалка калійных угнаенняў у Санкт-Пецярбургу, як я разумею, была б непасрэдным парушэннем санкцыяў у дадзеным выпадку. Нават калі калій не патрапіць у якую-небудзь краіну ЕЗ, бо мэта санкцыяў — пераканацца, што “Беларуськалій” не атрымлівае прыбытак ад паслугаў або прадукцыі, якія прадстаўляюцца кампаніямі, зарэгістраванымі ў ЕЗ», — сказаў намеснік генеральнага сакратара Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Гунар Экелёве-Слідал.

Рэспубліка Кіпр — чалец ЕЗ з 2004 года. Выконваць санкцыі павінныя ўсе арганізацыі Еўразвязу, паведаміў БРЦ дырэктар Цэнтру вывучэння фінансавых злачынстваў і пытанняў бяспекі пры Каралеўскім абʼяднаным інстытуце абаронных даследаванняў (RUSI) у Лондане Том Кітынг.

«У дадзеным выпадку, калі яны спрыяюць гандлю калійнымі ўгнаеннямі, што забараняюць санкцыі, з арганізацыямі, якія зарэгістраваныя за межамі ЕЗ, іх дзейнасць усё роўна неабходна расследаваць. Па-мойму, гэта відавочна падобна на парушэнне санкцыяў», — адзначыў ён.

Такога ж меркавання прытрымліваецца эксперт па санкцыях Аляксандр Дзімітрэнка з такійскай юрыдычнай кампаніі Ashurst:

«Відавочна, што такая кампанія [Dimicandum Invest Holding LTD] трапіць пад санкцыі ЕЗ, гэта вельмі проста. Санкцыі ЕЗ будуць ужывацца да яе дзейнасці».

Мы спрабавалі звязацца з уладальніцай Dimicandum Invest Holding LTD Галінай Акрытавай Александроў, каб узяць каментар, — беспаспяхова. Аднак з намі паразмаўляла чалец яе сям'і Алена Броўкіна (Акрытава), дырэктарка кампаніі Damelen Consulting Limited, якая выступала фірмай-сакратаром Dimicandum Invest Holding LTD. Яна заявіла, што да апісанай у нашым расследаванні ўгоды  з «Беларуськаліем» ейная каманда дачынення не мае:

«Пра тое, што былі нейкія заключаныя дамовы ці нехта ад імя кампаніі гэта рабіў, мы не былі ў курсе. <...>  Я вам кажу з поўнай адказнасцю, што мы даверанасць на спадара Свірыдава ніколі не выдавалі, і мы ведаць не ведаем, што гэта за чалавек».

Таксама Броўкіна (Акрытава) сцвярджае, што яны не ўдзельнічалі ў перапродажы ўкраінскіх люксовых аўтамабіляў. Пры гэтым звяртацца ў якія-кольвек кампетэнтныя органы Акрытавы, са словаў Броўкінай (Акрытавай), не збіраюцца:

«Гэта не нашая адказнасць. Калі хтосьці, нейкая паліцыя, нешта знайшла — яна звяртаецца ў нашую паліцыю, у паліцыю Кіпра, і паліцыя Кіпра ўжо накіроўвае нам афіцыйны запыт, на які мы адказваем. І далей ідзе расследаванне. Хто рабіў гэтыя махінацыі, на якой падставе? Гэта ўжо, гэта ўжо справа пракуратуры, паліцыі ўкраінскай, кіпрскай, я не ведаю. Ну, ва ўсялякім разе, не нашая. Мы, як нашая кампанія спыніла абслугоўванне гэтых кампаніяў у пачатку 2022 года. Усё».

БРЦ звярнуўся ў праваахоўныя органы Кіпру з просьбай пракаментаваць дзейнасць кампаніі Dimicandum Invest Holding LTD. Нам адказалі, што запыт перададзены ў кампетэнтныя органы для прыняцця далейшых захадаў.

Дадзены матэрыял падрыхтаваны пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу. Адказнасць за яго змест нясе выключна праект EU4IM, які фінансуецца Еўразвязам. Змест матэрыялу належыць БРЦ і не абавязкова адлюстроўвае бачанне Еўразвязу.