Абʼём наяўных грошай у абароце павялічваўся і раней, але куды больш сціплымі тэмпамі. Напрыклад, з 2016 па 2021 год штогадовы рост не перавышаў аднаго мільярда, а ў 2022-м – 1,4 млрд рублёў.
Абʼём наяўных у абароце расце 17 месяцаў запар. Павялічваецца і шырокая грашовая маса – колькасць усіх грошай у дзяржаве (наяўных і безнаяўных), у тым ліку ў выглядзе каштоўных папер і каштоўных металаў. У чэрвені гэты паказнік перавысіў 64 млрд рублёў. Год таму абʼём грашовай масы быў на ўзроўні 52,5 млрд рублёў.
Акрамя таго, мяняецца структура шырокай грашовай масы, у тым ліку з-за паскоранага росту долі наяўных грошай у абароце. У чэрвені 2021 года на наяўныя прыходзілася 8,4% грашовай масы, у чэрвені мінулага года – 10,7%. У гэтым годзе паказнік дасягнуў 12,8%.
Старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна ў размове з БРЦ звязала такую тэндэнцыю, у тым ліку, з ростам недаверу насельніцтва.
«Павелічэнне наяўнасці ў абароце можа быць звязана з тым, што ў людзей расце недавер з-за эканамічнай і ўнутрыпалітычнай сітуацыі, якая склалася ў краіне, а таксама з-за вайны, якая ўплывае на Беларусь», – патлумачыла Лузгіна.
Паводле яе слоў, на рост наяўных грошай у абароце мог паўплываць і курс долара. «Здаецца, зараз нічога страшнага не адбываецца, але долар умацоўваецца. А ў нас ступень доларызацыі вельмі высокая. І людзі глядзяць на курсы валют». Таму беларусы хочуць захоўваць грошы ў найбольш ліквіднай форме і здымаюць іх з рахункаў», – лічыць эксперт.
Яшчэ адным фактарам Лузгіна назвала мяккую грашова-крэдытную палітыку Нацбанка, з-за якой зніжаецца прывабнасць рублёвых дэпазітаў як формы зберажэння грошай. Эканаміст папярэдзіла, што рост колькасці наяўных грошай у абароце можа стварыць дадатковы ціск на інфляцыю.
«У любы момант, калі адбываюцца нейкія катаклізмы эканамічнага, палітычнага характару, любая падзея, на якую можа зрэагаваць насельніцтва, наяўныя могуць выліцца на рынак. У форме падвышанай пакупкі валюты або тавараў. Плюс гатоўкай можна рабіць разлікі, якія ідуць міма справаздачнасці. Гэта спрыяе развіццю ценявой эканомікі», – кажа Лузгіна.
Таксама яна адзначыла, што грошы, якія на руках, не працуюць. Калі б яны былі ў банках, іх можна было б інвеставаць, накіраваць на эканамічнае развіццё, але зараз «яны проста ляжаць дома».