Восенню 2022 года вакол прадукцыі Svalya разгарэўся скандал з-за сыру пад назвай «Расейскі», напісаным расейскімі літарамі, – яго вытворца пастаўляў у Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. На фоне вайны ва Украіне і ўвядзення санкцый супраць Расеі такая назва выклікала пытанні. На расейскіх форумах пісалі, што кампанія так назвала сыр, каб больш зарабіць, таму што «Расейскі» любяць у ААЭ. Узімку таго ж года Delfi паведаміла, што прадукты Svalya з рускамоўнымі назовамі таксама можна купіць у расейскіх крамах у ЗША і Балгарыі.
Pieno Žvaigždės патлумачыла гэта ў сацсетках тым, што «найменне тыпу «расейскі сыр» выкарыстоўвалася гэтак жа, як і іншыя агульнаўжывальныя найменні тыпу або віду прадукцыі, напрыклад, «галандскі сыр», «грэцкі ёгурт», «італьянская піца» і г.д. Назва выкарыстоўвалася проста для вызначэння тыпу прадукту». Таксама ў кампаніі заявілі, што пастаўкі прадукту «Расейскі сыр» прыпыненыя, а назва зменена. Такую інфармацыю падавалі літоўскія медыі са спасылкай на вытворцу. БРЦ не ўдалося знайсці арыгінальнае паведамленне.
На момант публікацыі на афіцыйным сайце вытворцы такога прадукту няма. Але апроч паліц супермаркетаў мы знайшлі «Расейскі» у онлайн-крамах Ізраілю і ААЭ – таксама ў выглядзе «прадукту з малочнага і расліннага тлушчу» без слова «сыр» на этыкетцы.
Партнёры БРЦ з літоўскага выдання Siena накіравалі пісьмовы запыт у Pieno Žvaigždės і патэлефанавалі ў прэс-службу кампаніі, аднак не атрымалі каментар: па электроннай пошце не адказалі, а па тэлефоне заявілі, што асобы, адказныя за камунікацыю з медыямі, знаходзяцца ў адпачынку.