Навіны

16 мая 2023

Абмежаванні на выезд з Беларусі закрануць больш за 125 тысяч чалавек

Самая шматлікая катэгорыя – вайскоўцы.

16 траўня ўступілі ў сілу змены асобных частак закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». БРЦ падлічыў, што новыя абмежаванні на выезд з краіны закрануць як мінімум 126 тысяч чалавек.

Абмежаванні на выезд у асноўным датычацца чыноўнікаў, дзяржаўных службоўцаў і сілавікоў. Самая шматлікая катэгорыя – вайскоўцы. Па дадзеных даследавання Military Balance 2022, колькасць войскаў Беларусі – 48 тысяч чалавек. Яшчэ 12 тысяч беларусаў, паводле звестак гэтага ж даследавання, служаць у памежных войсках. Таксама ў спіс патрапілі транспартныя войскі, але дакладнай ацэнкі іх колькасці БРЦ знайсці не ўдалося.

Другая па колькасці катэгорыя беларусаў, якіх закрануць абмежаванні, – супрацоўнікі МУС. Па дадзеных BYPOL, штатная колькасць ведамства на кастрычнік 2020 года – 46 128 чалавек. У 2021 годзе «Белсат» паведамляў пра 69 тысяч супрацоўнікаў ведамства, але ў падліках мы ўлічвалі мінімальную лічбу.

У катэгорыю невыязных патрапілі і супрацоўнікі КДБ. Па дадзеных на 2022 год, іх колькасць не перавышае 10 тысяч чалавек. Такія звесткі пазначаны ў часопісе «Разведчык» фонду дапамогі ветэранам Службы знешняй разведкі Расеі.

Абмежаванні таксама закрануць работнікаў Службы бяспекі прэзідэнта, Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце, органаў фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, Следчага камітэту (СК), Дзяржкамітэту судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, а таксама работнікаў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і Дзяржаўнай фельдʼегерскай службы пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

Дакладна ацаніць колькасць супрацоўнікаў гэтых ведамстваў немагчыма. На партале дзяржзакупак БРЦ знайшоў тэндары на набыццё соцень нагрудных знакаў для некаторых службаў. Напрыклад, Фельдʼегерская служба закупляла 100 знакаў, Дзяржінспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету – 200, а цэнтральны апарат СК – 190. Менскі СК закупляў форму для 436 чалавек. Улічваючы, што знакамі адрознення ўзнагароджваюць толькі малую частку супрацоўнікаў, а форму купляюць рэгулярна, абнаўляючы яе па меры неабходнасці, можна зрабіць выснову, што ў гэтых ведамствах працуюць не менш за тысячу беларусаў.

Усім ім зараз могуць адмовіць у выездзе з краіны «у мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставін, якія перашкаджаюць іх выезду». Парадак узгаднення выезду вызначаецца ўнутранымі дакументамі канкрэтных ведамстваў.

Пашпартны кантроль на беларускай мяжы
Крыніца: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Яшчэ 18 вышэйшых чыноўнікаў Беларусі будуць узгадняць замежныя паездкі асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам. У спіс патрапілі сем старшыняў выканаўчых камітэтаў, начальнікі Службы бяспекі і Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце, кіраўнік КДБ, міністры ўнутраных спраў, абароны і замежных спраў. Выезд за мяжу з прэзідэнтам давядзецца ўзгадняць старшыням Дзяржаўнага пагранічнага камітэту, Дзяржаўнага мытнага камітэту, СК, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз і Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Пры падліках мы выкарыстоўвалі адкрытыя дадзеныя, пры гэтым не ўлічвалі беларусаў, «у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне правапарушэнняў супраць парадку кіравання», паколькі гэта пераменны паказнік. Афіцыйна колькасць супрацоўнікаў дзяржорганаў і сілавых ведамстваў улады Беларусі не раскрываюць.

Новаўвядзенні таксама закрануць грамадзян Беларусі, чый выезд за мяжу «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі» краіны. Яны набудуць моц праз шэсць месяцаў. Хто і на якіх падставах патрапіць у гэтую катэгорыю, у дакуменце не пазначана.

Папраўкі ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» былі апублікаваныя 16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Законапраект быў унесены ў Палату прадстаўнікоў у чэрвені 2022 года. Навошта спатрэбіліся такія захады, у публічнай частцы дакументу не ўдакладняецца.