На беларуска-літоўскай мяжы зʼявіліся чэргі з некалькіх соцень грузавікоў. Журналіст БРЦ зʼездзіў на КПП «Каменны лог», каб разабрацца, што стала гэтаму прычынай.

НА МЯЖЫ

На чатырох хвілінах відэа, якое журналіст БРЦ зняў 19 кастрычніка, падʼязджаючы да пункту пропуску «Каменны лог», бачныя чэргі фураў з абодвух бакоў ад КПП. Адзін з кіроўцаў у чарзе распавёў, што прапускаюць «не вельмі добра»:

«Для выезду з Літвы ў Беларусь трэба выдаткаваць гадзін пяць».

Звычайна, па словах кіроўцы, на гэта ідзе гадзіны дзве. Але такое бывала і раней.

«З Беларусі вельмі дрэнна. Дзесяць содняў людзі адстойваюць у чарзе, каб выехаць з Беларусі і заехаць у Літву. Але, па размовах кіроўцаў, гэта не працуе літоўскі бок. У Беларусі хутка праверылі і ўсё. Далей ужо стаяць, каб заехаць у Літву. Не запускаюць, не правяраюць. Я даўно не ездзіў. Але месяц таму я, можа, прастаяў ад сілы дзень. 12 гадзін стаяў і заязджаў. Бывала яшчэ хутчэй».

Тое, што грузавыя машыны праходзяць мяжу марудна, пацвердзіў і іншы кіроўца, які адпачываў на стаянцы каля КПП з літоўскага боку.

«Дзве гадзіны стаю, ніводнай [машыны] не выязджала. Машыны чатыры павінна было прайсці за гэты час. Літоўская мытня гаворыць, што працуе ў штатным рэжыме. Але затрымліваюць літоўцы. Не надглядаюць, яны асабліва не працуюць, каву пʼюць і робяць выгляд, што нас няма. Пытацца нешта сабе даражэй», – распавёў дальнабойнік.

ВЕРСІІ БЕЛАРУСКАЙ І ЛІТОЎСКАЙ МЫТНЯЎ

20 кастрычніка днём на пункце пропуску «Каменны лог» («Медзінінкай»), паводле звестак сайту Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Рэспублікі Беларусь, на выезд стаяла больш за 700 фур. У пункта «Беняконі» («Шальчынінкай») сабралася 550 грузавікоў, а ў пунктах пропуску «Прывалкі» («Райгардас») і «Катлоўка» («Лаварышкес») – па 185 і 110 грузавікоў. Павялічыліся чэргі і на беларуска-латвійскім пункце пропуску «Грыгораўшчына» («Патэрніекі»): з 15 верасня па 20 кастрычніка амаль у 9 разоў – да 175 фур.

У панядзелак раніцай, 23 кастрычніка, сітуацыя практычна не змянілася. У 10:00 на «Каменным логу» было 680 машын. У «Беняконях» чарга вырасла да 630 грузавікоў.

Беларускія дзяржаўныя медыі 19 кастрычніка 2023 года пісалі, што чэргі на мяжы з Літвой выкліканыя закрыццём некалькіх пунктаў пропуску паміж Беларуссю і ЕЗ. І дадалі, што «нягледзячы на ініцыятывы Беларусі, накіраваныя на аднаўленне супрацы, улады еўрапейскіх краінаў дэманстратыўна ігнаруюць прапановы, пагаршаючы абстаноўку на мяжы».

Мы патэлефанавалі ў дзяжурную службу Гарадзенскай рэгіянальнай мытні і ўдакладнілі, што адбываецца на мяжы.

«Дрэнна працуе літоўскі бок. Абсалютна. 740 машын зараз там чарга. Сітуацыі ніякай няма. Машыны афармляюцца. Машыны едуць. Проста яны едуць марудна. Усё, што забірае літоўскі бок, мы ім даём. А з нашага боку грузавікі аформленыя і да шлагбаўму літоўскага. Так што вы тэлефануеце літоўцам – спытаеце, чаму яны так павольна машыны да сябе пускаюць», – пракаментаваў дзяжурны.

Прадстаўніца літоўскай мытні Ірміна Фралова-Мілашэне паведаміла БРЦ, што затор на мяжы літоўскі бок назірае ўжо амаль месяц: «Павелічэнне патоку транспарту ў бок Літвы звязанае з тым, што іншыя суседнія з Беларуссю краіны ЕЗ, Польшча і Латвія, у цяперашні час маюць толькі па адным дзейнаму КПП на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым на беларуска-літоўскай мяжы працуюць 4 памежныя пункты».

У канцы верасня літоўскі бок ужо тлумачыў, што чэргі звязаны з закрыццём некаторых КПП на мяжы Беларусі і ЕЗ і пераразмеркаваннем транспартных патокаў. Мы спрабавалі звязацца з пунктам пропуску «Медзінінкай», каб удакладніць, ці ёсць яшчэ нейкія прычыны ўзнікнення чэргаў на мяжы акрамя закрыцця некаторых КПП, аднак з 20 кастрычніка там не здымаюць слухаўку.

Перадсвяточны ажыятаж?

Мы вывучылі архіўныя дадзеныя па чэргах грузавых аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы за жнівень – кастрычнік гэтага года. Павялічвацца яны сталі з сярэдзіны верасня. Да прыкладу, на выезд праз той жа «Каменны лог» у пятніцу 15 верасня максімальная чарга за дзень складала 20 грузавікоў. У пятніцу 22 верасня – ужо 200 машын. А, у пятніцу 6 кастрычніка – 450. Прыкладна такая ж сітуацыя і ў «Катлоўцы». 15 верасня чаргі не было ўвогуле, 6 кастрычніка на мяжы стаяла 90 фур, а 13 – 200. 18 жніўня – Літва прыняла рашэнне аб прыпыненні працы двух з шасці КПП на мяжы з Беларуссю. Закрылі «Шумскас» («Лоша») і «Цвярячюс» («Відзы»).

Акрамя таго, з 19 верасня прыпыніў працу латвійскі пункт пропуску «Сілене» («Урбаны»). На мяжы Беларусі і Латвіі зараз працуе толькі адзін КПП, што адбіваецца на чэргах. Калі 15 верасня ў КПП «Грыгараўшчына» за суткі збіралась максімальна 20 грузавікоў, то праз тыдзень – 22 верасня – чарга была ў пяць разоў большай.

Польшча свае межы для беларускіх і расейскіх фур, якія едуць з Беларусі, закрыла ў пачатку лета «да асаблівага распараджэння».

Прычын закрыцця памежных пераходаў на мяжы ЕЗ з Беларуссю некалькі. Сярод іх – магчымыя пагрозы з боку наймітаў ПВК «Вагнэра», падраздзяленні якога летам прыйшлі ў краіну. Акрамя таго, беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні, мэта якіх – «вядома, дэстабілізацыя», заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау. Таксама сярод прычын – кантрабанда і міграцыйны крызіс. У канцы жніўня Польшча, Літва і Латвія паабяцалі поўнасцю закрыць межы з Беларуссю ў выпадку ўзброенага інцыдэнту або прарыву мігрантаў.

Падрабязней аб міграцыйным крызісе, які справакавалі Беларусь і Расея, чытайце ў нашым расследаванні «Пад прыкрыццём сілавікоў. Хто мог зарабіць мільёны долараў на міграцыйным крызісе ЕЗ, які забраў дзясяткі жыццяў».

Грузаперавознікі пацвярджаюць, што настолькі вялікія чэргі сталі ўтварацца нядаўна.

«У Катлоўцы мая машына стаіць. Яна на заезд 35-я, а ўсяго 200 машын. І не пройдзе ніяк з суботы. Гэта значыць стаіць трэці дзень. Раней такіх чэргаў не было. Тут, мусіць, святы. Ажыўленне такое кожны год. Перад Новым годам, да Калядаў. А потым месяц паўза будзе. Чэргаў не будзе», – распавёў БРЦ дальнабойнік на ўмовах ананімнасці.

Гэта значыць, паводле слоў нашага суразмоўцы, перад зімовымі святамі чэргі павялічваюцца штогод. Аднак ён не бярэцца прагназаваць, наколькі яны вырастуць.

Па дадзеных архіва на сайце ДПК, як правіла, у сярэдзіне восені чэргі сапраўды павялічваюцца. Напрыклад, летась 5 і 12 верасня 2022 года ў КПП «Каменны лог» чэргаў не было наогул. 19 верасня там сабралася 170 машын. 17 кастрычніка чарга была з 440 аўто, а 24 – з 400. Каля прапускнога пункта «Катлоўка» па панядзелках з пачатку верасня 2022 года збіралася максімум 30-40 грузавікоў. 17 і 24 кастрычніка стаяла ўжо па 160 і 180 машын.