У адзіны дзень галасавання беларусы будуць абіраць 110 сваіх прадстаўнікоў у Палату прадстаўнікоў і каля 1200 у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У нядзелю 25 лютага ў Беларусі пройдзе адзіны дзень галасавання. Гэта першыя выбары пасля масавых пратэстаў 2020 года. БРЦ сабраў 9 фактаў, якія ўплываюць на іх вынік. І на тое, ці паўторацца падзеі чатырохгадовай даўніны.

Парламент не можа зняць Лукашэнку з пасады

У адзіны дзень галасавання беларусы будуць абіраць 110 сваіх прадстаўнікоў у Палату прадстаўнікоў і каля 1200 у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Палата прадстаўнікоў — ніжняя палата парламенту. Верхняя — Савет Рэспублікі — часткова абіраецца дэпутатамі мясцовых саветаў (па восем ад кожнай вобласці і гораду Менску). Яшчэ восем прызначае Аляксандр Лукашэнка.

Да рэферэндуму аб змене Канстытуцыі, які прайшоў у 2022 годзе, беларускі парламент меў тэарэтычную магчымасць зняць з пасады прэзідэнта. Пасля ўнясення зменаў у асноўны закон гэтай магчымасці ў парламента больш няма. Дэпутаты могуць толькі звярнуцца з такой прапановай да Усебеларускага народнага сходу.

Гэты новы дзяржаўны орган павінен з'явіцца напрыканцы красавіка. У яго ўвойдзе 1200 дэлегатаў, у тым ліку самі дэпутаты абедзвюх палатаў, Аляксандр Лукашэнка, чальцы ўраду. Для зняцця прэзідэнта з пасады неабходна, каб за гэтае рашэнне прагаласавала большасць ад поўнага складу Усебеларускага народнага сходу.

Большасць беларусаў не чакае пазітыўных зменаў

Паводле апытання міжнароднага экспертнага цэнтру iSANS, удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы маюць намер узяць 31% беларусаў. Яшчэ 26% абралі варыянт «хутчэй так». Не пойдуць ці хутчэй не пойдуць на выбары 29% апытаных.

Пры гэтым 47% рэспандэнтаў упэўненыя, што сітуацыя ў Беларусі пасля абрання новага складу парламента і мясцовых саветаў не зменіцца. Лічаць, што яна істотна палепшыцца, 5% беларусаў. Яшчэ 13% — што сітуацыя палепшыцца, але нязначна. Негатыўных зменаў чакае 3% рэспандэнтаў. 31% апытаных не змаглі адказаць.

Выбары адбываюцца ва ўмовах масавых рэпрэсіяў і цэнзуры

Пасля задушэння пратэстаў 2020 года ў Беларусі дзясяткі тысячаў беларусаў прайшлі праз крымінальныя і адміністрацыйныя справы. Згодна з дадзенымі праваабарончага цэнтру «Вясна», праз тры з паловай гады рэпрэсіі не толькі не саслаблі, наадварот — сітуацыя крытычна пагоршылася. Кожны дзень па ўсёй краіне працягваюцца ператрусы і затрыманні. Толькі за студзень 2024-га затрымалі не менш за 310 чалавек.

Паводле ацэнак праваабаронцаў, на канец лютага ў беларускіх турмах знаходзіцца каля паўтары тысячы палітвязняў. Яшчэ не менш за 745 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю. Некаторых з іх арыштавалі ізноў.

Беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» большасць незалежных беларускіх медыяў, сотні каналаў у сацыяльных сетках і блогаў. У Беларусі гэтыя рэсурсы заблакаваныя, а любое распаўсюджванне іх кантэнту ў сацыяльных сетках ці падпіска на іх пагражае беларусам крымінальным пераследам.

Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам беларускія ўлады душаць іншадумства ў грамадстве і насаджаюць страх ва ўсіх сферах адносінаў, канстатуюць праваабаронцы.

Галасаваць за межамі Беларусі больш нельга

На будучых выбарах упершыню не будуць сфармаваныя выбарчыя ўчасткі за мяжой. Адзіная магчымасць для беларускіх грамадзянаў, якія пражываюць не на радзіме, прыняць удзел у галасаванні — прыехаць у Беларусь.

Паводле дадзеных беларускага МУС, толькі ў 2021-2022 гадах з Беларусі з'ехалі больш за 200 тысячаў грамадзянаў. Паводле інфармацыі выдання «Зеркало», намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ацаніў колькасць праціўнікаў цяперашніх беларускіх уладаў, якія зʼехалі, у 350 тысячаў. Паводле ацэнак Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), праз палітычныя рэпрэсіі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года краіну маглі пакінуць да паўмільёна беларусаў. А значыць прагаласаваць, не вяртаючыся на радзіму, не змогуць да 5% грамадзянаў.

Тым з іх, хто браў удзел у пратэстах, пералічваў ахвяраванні праваабарончым арганізацыям і незалежным СМІ або пакідаў негатыўныя каментары ў сацсетках на адрас Аляксандра Лукашэнкі, беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў, прыезд у Беларусь пагражае турэмным зняволеннем.

У большасці бюлетэняў — два прозвішчы

На гэтых выбарах на 110 месцаў у парламенце прэтэндуюць 265 кандыдатаў. Гэта значыць сярэдні конкурс на дэпутацкі мандат складае 2,4 чалавека. На 12 514 пазіцыяў у мясцовых саветах вылучыліся 18 802 прэтэндэнты — гэта прыкладна паўтара чалавека на месца.

Усе апазіцыйныя партыі ліквідаваныя

У парламенцкіх выбарах 2019 года ўдзельнічалі прадстаўнікі 16 палітычных партыяў. У тым ліку адкрыта апазіцыйныя. Летам-восенню 2023 года Вярхоўны суд ліквідаваў большасць з іх.

У выніку ў Беларусі засталіся толькі чатыры легальна дзеючыя палітычныя партыі: Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і партыя «Белая Русь». Усе яны падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку.

Яўка б'е рэкорды, хоць неабходнасці ў гэтым больш няма

Датэрміновае галасаванне б'е рэкорды. Паводле дадзеных ЦВК Беларусі, у ім за тры дні ўзялі ўдзел 24,44% выбарнікаў. Для параўнання — за тры дні датэрміновага галасавання яўка на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года склала 22,47%, у 2015-м — 18,69%.

Апазіцыйныя палітыкі і актывісты неаднаразова крытыкавалі датэрміновае галасаванне ў Беларусі за магчымасць фальсіфікацыяў. Напрыклад, ноччу выбарчыя скрыні застаюцца без нагляду назіральнікаў. Гэта адкрывае шырокія магчымасці для ўкіду бюлетэняў з мэтай завышэння яўкі. Да цяперашніх выбараў яна павінна была перавышаць 50%, каб іх прызналі адбыўшыміся. Летась беларускі парламент прыняў папраўкі ў Выбарчы кодэкс, якія адмянілі парог яўкі. Гэта значыць выбары адбудуцца, калі на іх хоць хтосьці прыйдзе.

За вынас бюлетэня пагражае штраф

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ініцыятыва «Сумленныя людзі» заклікала беларусаў дасылаць для публікацыі на анлайн-платформе «Голас» фотаздымкі сваіх бюлетэняў. Паводле дадзеных платформы, на гэтую просьбу адгукнулася больш за 550 тысячаў выбарнікаў. Па выніках атрыманых і апрацаваных афіцыйных участковых пратаколаў і фотаздымкаў бюлетэняў, фальсіфікацыі былі выяўленыя на кожным трэцім участку, паведамлялі ў выніковай справаздачы стваральнікі «Голасу».

Новыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс фактычна робяць незаконным гэты спосаб зафіксаваць фальсіфікацыі выбараў. За вынас бюлетэня за межы выбарчага ўчастку пагражае штраф 600 рублёў (каля $200). Забаронена таксама фота і відэаздымка запоўненага бюлетэня.

Таксама забароненая паўторная выдача новага бюлетэня замест сапсаванага. Зрэшты, псаваць бюлетэнь забаронена было і да прыняцця паправак. Так, падчас рэферэндуму па змене Канстытуцыі ў 2022 годзе жыхара Віцебску затрымалі за тое, што ён паставіў два «крыжыкі» ў бюлетэні. Паводле версіі міліцыі, паставіўшы два знакі замест аднаго, мужчына зладзіў несанкцыянаваны пікет.

Лукашэнка вывеў на вуліцу ўзброеныя патрулі

У дзень пачатку датэрміновага галасавання Аляксандр Лукашэнка даручыў сілавікам арганізаваць патруляванне са стралковай зброяй на вуліцах беларускіх гарадоў.

«Патрулі мусяць быць узброеныя. Стралковай зброяй. Прынамсі пісталетамі. І пра гэта павінны ведаць усе», — запатрабаваў ён.

Падчас той жа нарады з сілавікамі Лукашэнка палохаў грамадства пагрозай Трэцяй сусветнай вайны. Ён сцвярджаў, што польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь. Беларускія апазіцыянеры, якія знаходзяцца за мяжой, і «іх куратары ад спецслужбаў» прапрацоўваюць некалькі сцэнароў змены ўлады ў Беларусі, адзін з якіх «прадугледжвае арганізацыю дзяржаўнага перавароту або гвалтоўны захоп улады непасрэдна ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі», заявіў Лукашэнка.

Тым часам на беларускім тэлебачанні дэманструецца відэасюжэт, у якім супрацоўнікі МУС затрымліваюць спачатку «парушальніка, які фатаграфуе выбарчы бюлетэнь», а пасля — «дэбашыраў, якія каля будынку выбарчага ўчастку штучна стварылі чаргу».

На думку палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана, беларускім уладам цяпер важна правесці максімальна спакойны выбарчы цыкл пасля 2020 года, каб прадэманстраваць усім, што «старонка перагорнутая» і ўсё адбываецца па іх сцэнары.

Іншая аналітыка