Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Месяц таму, 5 студзеня 2024 года, Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які адмяняе манаполію на бязмытны продаж алкаголю ў Duty Free. Пасля таго як 11 ліпеня 2024 года ён набудзе моц, на гэты рынак могуць прыйсці новыя гульцы. Але якія менавіта і на якіх умовах, у дакуменце не пазначана.
З 2008 года на рынак Duty Free нараўне з дзяржаўнай кампаніяй дапусцілі і прыватныя, у тым ліку і тую, што належыць бізнесвумен Алене Скрыпель. А з ліпеня 2022 года — эмірацкі афшор і прадпрыемства «Тытунь-інвест». Уладальнікі апошняга — Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч — у 2023 годзе трапілі пад санкцыі ЗША як важныя для Лукашэнкі і ягонага рэжыму «кашалькі».
Правілы ўсталёўвае ён
Да 2007 года крамы Duty Free у Беларусі размяшчаліся не толькі на мяжы і ў аэрапортах. Яны працавалі ў межах Менску, арыентуючыся ў першую чаргу на замежных дыпламатаў, чым нагадвалі сетку магазінаў «Бярозка» ў СССР. З 2005 года Камітэт дзяржкантролю пачаў дакладваць аб парушэннях у іх працы. Напрыклад, аб нелегальнай пастаўцы на ўнутраны рынак Беларусі 60% алкаголю з Duty Free. Гэта значыць, што напоі перапрадавалі.
Больш за пяцьдзясят крамаў Duty Free зачынілі ў 2007 годзе, а ў 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка ўсталяваў у сегменце бязмытнага гандлю ў крамах Duty Free манаполію. Эксклюзіўнае права атрымалі кампаніі «Дыпмаркет» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, СП ЗАТ «Сомлен» і ТАА «Бела Трэйдынг д'юці фры». Праз чатыры гады паводле ягонага ж указу да спецаператараў дадалася прыватная кампанія ТАА «Хелена Валеры». Адной з галоўных умоваў адкрыцця крамаў стала штоквартальнае адлічэнне ў дзяржбюджэт 10% ад выручкі аператара.
Каб павялічыць паступленне валюты ў краіну, у 2015 годзе алкаголь і цыгарэты беларускай вытворчасці вызвалілі ад акцызаў у крамах Duty Free. У тым жа годзе Лукашэнка ўказам даў эксклюзіўнае права бязмытнага гандлю алкаголем у Duty Free кампаніям «Дыпмаркет», «Беламаркет Хелена Валеры», «Маркетліга» і «Беламаркет д'юці фры».
А фірмы чые?
Да ліпеня 2024 года — да ўступлення ў сілу новага закону — права на бязмытны гандаль алкаголем у крамах Duty Free будуць мець чатыры кампаніі.
УП «Дыпмаркет» належыць дзяржустанове «Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпусу і афіцыйных дэлегацыяў «Дыпсэрвіс». «Дыпсэрвіс» у сваю чаргу падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Беларусі. [*] [*]
Кампанія «Маркет Ліга» да нядаўняга часу належала дзяржаве. Яе заснавалі ў 2013 годзе РУП «Белмытсэрвіс» і ТАА «Спортліга». У 2017 годзе РУП «Белмытсэрвіс» саступіў сваю долю Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту Рэспублікі Беларусь і РДГА «Прэзідэнцкі спартовы клуб» пад кіраваннем сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя. У 2022 годзе ўласнікі зноў змяніліся: па 50% стала належаць эмірацкаму афшору «Алекс Джэнерал Трэйдынг ФЗЕ» (Alex General Trading FZE) і кампаніі «Тытунь-інвест» бізнесоўцаў Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча. [*] [*]
Тытунёвая фабрыка, якая належыць іх кампаніі, у 2015 годзе фігуравала ў журналісцкім расследаванні аб кантрабандзе беларускіх цыгарэт у Еўропу праз крамы Duty Free.
Уладальнікі «Тытунь-інвест» Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч таксама станавіліся фігурантамі расследаванняў БРЦ:
«Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы»
Адзін з першых сузаснавальнікаў «Маркет Лігі» — «Белмытсэрвіс» — на 100% кантралюецца Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі. [*] [*]
Гэтая кампанія атрымлівала эксклюзіўныя ўмовы паставак з дазволу Аляксандра Лукашэнкі. Адзін з доказаў гэтаму — ліст на ягонае імя, які ёсць у распараджэнні БРЦ. У 2023 годзе «Белмытсэрвіс» трапіў пад санкцыі ЗША як прадпрыемства, «якое садзейнічае буйнамаштабным схемам кантрабанды ў Расею ў інтарэсах алігархаў і рэжыму Лукашэнкі».
Яшчэ адзін удзельнік рынку — фірма «Беламаркет д'юці фры». Яе заснавалі ў 2013 годзе кампаніі ТАА «Ацурок» (Беларусь) і Karl-Heinz Drewes (Нямеччына). Ужо ў 2014 годзе 50,01% кампаніі стала валодаць літоўская фірма UAB Mello Trading, якая ў 2022 годзе паказала чыстую страту ў €300 тысячаў. Астатняя частка адышла ТАА «Дыпмаркет», якое праз «Дыпсэрвіс» кантралюецца Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта Беларусі. [*] [*]
Сумясціць алкаголь і спорт
Кампаніі «Хелена Валеры» і «Сомлен», якія мелі права прадаваць алкаголь у Duty Free да 2015 года, і «Беламаркет Хелена Валеры», якая заняла іх месца, належаць мажарытарнаму ўладальніку (уладальнік пераважнай долі ў статутным капітале) Алене Скрыпель. Яна з 2014 года ўзначальвае Беларускую асацыяцыю гімнастыкі. [*] [*] [*] [*] [*] [*]
Кар'еру Скрыпель пачынала ў «Беларусбанку» пад кіраўніцтвам Тамары Віннікавай, якая была неафіцыйнай эканамічнай дарадцай Аляксандра Лукашэнкі, а пазней узначальвала Нацбанк — да 1997 года, калі яе затрымаў КДБ па падазрэнні ў здзяйсненні службовых злачынстваў і нанясенні дзяржаве шкоды ў асабліва буйных памерах. Скрыпель жа працавала ў «Беларусбанку» начальніцай валютнага кіравання, але сышла ў пачатку 90-х праз канфлікт з начальствам.
Сваю першую кампанію «Хелена Валеры» бізнесвумен зарэгістравала ў 1992 годзе, у 1996-м другую — ТАА «Сомлен». У 2013 годзе яна стала сузаснавальніцай «Беламаркет Хелена Валеры», якой на момант публікацыі кіруе яе бізнес-партнёрка Рыта Брыцікава. Яна ж з'яўляецца першай намесніцай Скрыпель у Асацыяцыі гімнастыкі. [*]
З Аляксандрам Лукашэнкам Алена Скрыпель пазнаёмілася, па яе словах, у 1996 годзе на цырымоніі ўручэння прэміяў года — «Калядных сустрэчах».
«У апошні момант было прынятае рашэнне, што на цырымонію прыедзе кіраўнік дзяржавы разам з мітрапалітам. Мы пагаварылі з Аляксандрам Лукашэнкам, ён прапанаваў дапамогу ў правядзенні мерапрыемства. З тых часоў “Калядныя сустрэчы” штогод праводзяцца 7 студзеня на Каляды», — распавядала Скрыпель.
Па яе ініцыятыве вясной 2018 года недалёка ад Драздоў на праспекце Пераможцаў у Менску пабудавалі Палац мастацкай гімнастыкі. На адкрыцці прысутнічалі Аляксандр Лукашэнка, Наталля Качанава і гімнастка Аліна Кабаева, якую расейскі Фонд барацьбы з карупцыяй называе грамадзянскай жонкай Уладзіміра Пуціна. Тады Алена Скрыпель казала, што Асацыяцыі мастацкай гімнастыкі, якую яна ўзначальвае, даверылі пабудаваць побач з Палацам яшчэ і шматфункцыйны будынак.
Як піша Realt.by, участак пад будаўніцтва ў 2,4 гектара кампаніі «Хелена Валеры» далі ў арэнду. Праект распрацоўвала Творчая майстэрня Барыса Школьнікава — айчыма біятланісткі Дар'і Домрачавай. На адкрыццё ў траўні 2023 года прыехаў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар.
Элегантны спосаб увайсці на рынак
Ці прыйдуць пасля ўступлення ў сілу новага закону на рынак Duty Free незалежныя і не набліжаныя да ўлады кампаніі? На думку бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, «патуранняў не відаць, імпарт усё гэтак жа ліцэнзуецца і падлягае дзяржаўнаму кватаванню».
«Я б не казаў пра нейкі вялікі перадзел рынку. Крамы Duty Free — гэта смачны кавалачак па-за канкурэнцыяй. <...> Зразумела, што з вуліцы не зойдзеш. <...> [Але ў новым дакуменце] ніякай асаблівай канкурэнцыі, ніякага асаблівага рынку, ніякіх асаблівых умоваў, якія раптам сышлі ад сацыялізму да капіталізму, я б у гэтым дакуменце не шукаў. Я хутчэй бы шукаў у ім спробу кагосьці новага ўвайсці на гэты сціснуты рынак. Вось такі элегантны спосаб. Таму што, калі раней назвы канкрэтных кампаніяў былі дакладна прапісаныя, то сёння такім элегантным спосабам прыбралі гэтае прадпісанне, магчыма, для кагосьці свайго. Хто гэты свой, мы даведаемся пазней, калі пачнуць адчыняцца новыя крамы», — сказаў Аляксандр Кныровіч.
БРЦ адправіў запыт у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі з просьбай растлумачыць, дзякуючы чаму і пры якіх абставінах прыватныя фірмы атрымалі эксклюзіўнае права на гандаль алкаголем у беларускіх Duty Free. Таксама мы звярнуліся да кампаніяў «Маркет Ліга» і «Беламаркет Хелена Валеры» з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Адказаў на момант публікацыі мы не атрымалі.