
Крыніца: ej.by
Фальшывы транзіт
У снежні 2020 года расейская мытня і ФСБ накрылі на рэгіянальным складзе буйную партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт «Карона» рынкавым коштам больш за паўмільёна долараў. «Тавар накіроўваўся на экспарт транзітам праз Расею, аднак быў разгружаны ў Тульскай вобласці для наступнай незаконнай рэалізацыі на ўнутраным рынку», гаварылася ў паведамленні расейскіх сілавікоў.
Сярод тых, хто быў уцягнуты ў нелегальныя пастаўкі цыгарэт з Беларусі ў Расею, апынуўся і прадпрымальнік Аляксандр Грэчышнікаў. Гэта актывіст «Народнай грамады», «кандыдат пратэсту» на выбарах 2020 года, які ў 2021 годзе з'ехаў у Літву разам з сямʼёй на фоне палітычнага пераследу і аднаўлення крымінальнай справы аб махлярстве.
Продажы беларускіх цыгарэтаў у Расею, сцвярджае Аляксандр Грэчышнікаў, вяліся па схеме «перарванага транзіту». Гэта калі на паперы цыгарэты свабодна едуць праз Расею ў іншыя краіны, дзе не трэба ляпіць на пачкі акцызы, але на справе туды не даязджаюць, а разгружаюцца, да прыкладу, у Падмаскоўі або той жа Туле. Менавіта з-за гэтай схемы ў апошні год моцна выраслі абʼёмы цыгарэтнай кантрабанды з Беларусі ў Расею, паведамілі мытнікі.
Ад Аляксандра Грэчышнікава мы атрымалі дакументы, якія праліваюць святло на кантрабандную схему, і вырашылі іх праверыць. Па словах былога кантрабандыста, сам ён у гэтай схеме выконваў ролю пасярэдніка паміж бізнесоўцамі, якія купляюць цыгарэты на менскай фабрыцы «Тытунь-Інвест», і сілавікамі, якія саму схему «крышуюць».
Так, паводле атрыманых дакументаў, летам 2018 года кліент фабрыкі Паўла Тапузідзіса – чэшская фірма «Atomic Corporation» мела намер паставіць беларускія цыгарэты «Карона» у Абʼяднаныя Арабскія Эміраты ці Іран.
Цыгарэты афармляліся менавіта ў гэтыя краіны, таму што туды можна было пастаўляць іх без акцызу, а значыць танней – на чвэрць, а то і напалову, распавялі інсайдары. Машыны грузіліся на фабрыцы «Тытунь-Інвест» у Менску. Затым фуры пад канвоем Дэпартаменту аховы МУС Беларусі даязджалі да мяжы з Расеяй, і пасля мяжы канвой спыняўся, а машыны з цыгарэтамі ехалі далей.
Па дакументах груз чэшскай фірмы павінен завяршыць мытны транзіт у Казахстане і выехаць за межы Еўразійскага эканамічнага саюзу. Але адбывалася гэта толькі на паперы і за пэўную плату, распавялі нам некалькі крыніц, якія былі задзейнічаныя ў такіх схемах.
Па словах Грэчышнікава, дакументы адпраўляліся на казахскую мытню, дзе ставіліся пячаткі, што машына да іх прыбыла. Для гэтага яны прасілі фатаграфіі фуры, каб устаўляць у свой кампʼютар, што сапраўды нібыта машына да іх дайшла. Адпаведныя пячаткі ставіліся на дакументы, і потым гэтыя дакументы вярталіся ў Беларусь для замоўцы.
Расследуючы гэтую схему, мы здабылі кантакты і «адпрацавалі» беларускіх кіроўцаў-кантрабандыстаў, якія былі задзейнічаныя ў ланцужку. Адзін з іх распавёў, што за фіктыўны транзіт мытнікам, бывала, плацілі і па 100 тысяч долараў. Па словах кіроўцы, у нейкі момант яны перасталі рабіць фіктыўныя пазнакі на мытні, менская фабрыка стала зачыняць гэтыя пытанні самастойна.
Журналісты з казахскага інтэрнэт-выдання «Vласть» накіравалі запыт наконт беларускай цыгарэтнай кантрабанды ў казахстанскую мытню. Мясцовыя чыноўнікі не выключылі, што мытнікі на месцах маглі рабіць памылкі або прымаць фіктыўныя пастановы.
Эксперт у лагістычнай сферы звярнуў увагу на тое, што ў дакументах няма адзнак аб міжнародных пераходах, праз якія павінна праходзіць машына. Там, як мінімум, павінны быць адзнакі аб перасячэнні ўзбекскай, туркменскай і іранскай межаў.
Калі яны не пазначаныя, то машына па гэтых дакументах не можа прайсці.
Што насамрэч адбываецца з беларускімі цыгарэтамі, красамоўна дэманструюць і лічбы. Паводле дакументаў, атрыманых ад інсайдараў, з 18 да 30 ліпеня 2018 года ў ААЭ было пастаўлена больш за 3 мільёны пачкаў беларускіх цыгарэт «Карона» амаль на 750 тысяч долараў.
Але, паводле звестак ААН, у ліпені 2018 года ААЭ не ўвозіла цыгарэты з Беларусі, а толькі ў сакавіку, чэрвені і снежні.
З пастаўкамі ў Іран сітуацыя яшчэ цікавей. Дэкларацыі і рахункі ёсць, але цыгарэты растварыліся, так і не патрапіўшы ў Іран.
Пастаўшчыкі цыгарэтаў
Чэшская фірма «Atomic Corporation» з сярэдзіны чэрвеня па пачатак жніўня 2018 паставіла амаль 4 мільёны пачкаў цыгарэтаў «Карона» на суму больш за 900 тысяч долараў. Хто за ёй стаіць? Уладальнік кампаніі – беларус Алег Максіменка. З дапамогай «Кіберпартызанаў» мы даведаліся, што Максіменка прапісаны ў Магілёве. Яму 54 гады. У пачатку 2000-х працаваў у «Магілёўэнерга». Потым працаваў у прыватнай будаўнічай кампаніі з чэшскім капіталам. Была ў яго невялікая доля і ў фірме – «РайБудДом».
Гэтая кампанія праваліла будаўніцтва дому ў Магілёве. У выніку дом дабудоўвала мясцовае дзяржпрадпрыемства.
Партнёрам Максіменка па скандальнай будоўлі з падманутымі дольшчыкамі быў Канстанцін Кастэнка. Чалавек з такім жа імем і прозвішчам падпісваў даверанасці на перавозку цыгарэтаў ад імя «Atomic Corporatio».
На ўдзел 40-гадовага менчука Кастэнка ў кантрабандных схемах нам таксама паказалі нашыя інсайдары. Акрамя Максіменкі Кастэнка меў у партнёрах Ігара Чорнага – гендырэктара і акцыянера групы кампаній «Ізабуд» і фігуранта Панамскага архіва.
Канстанцін Кастэнка адмовіўся ад каментароў, ледзь пачуўшы першае пытанне раследавальнікаў.
Бізнес-імперыя Тапузідзіса
А цяпер вернемся да таго, без каго нелегальныя пастаўкі цыгарэтаў у Расею былі б немагчымыя. У пачатку 1990-х гадоў створаная Паўлам Тапузідзісам кампанія «Прыма» выпускала цыгарэты і запалкі пад папулярнымі савецкімі брэндамі, затым яго кампанія «Тытунь-Інвест» (зарэгістраваная ў 1997 годзе) занялася вытворчасцю цыгарэтаў пад савецкімі і ўласнымі гандлёвымі маркамі «Карона» і «Форт». https://tabak-invest.by/about / Яшчэ пазней фабрыка Тапузідзіса заключыла пагадненне з Japan Tobacco International і вырабляе цыгарэты пад брэндамі Winston, Camel, Sobranie, LD і Monte Carlo. Да нядаўняга часу «Тытунь-Інвест» была адзінай прыватнай тытунёвай фабрыкай у Беларусі.
З 2006 года «Тытунь-Інвест» адкрывае гандлёвыя цэнтры «Карона» у абласных гарадах і раённых цэнтрах, сёння гэта ўжо каля 35 гандлёвых абʼектаў рознай велічыні. А з 2011 года асвойвае рынак адпачынку і забаў. На беразе Менскага мора вырастае загарадны комплекс Robinson Club. Цяпер «Тытунь-Інвест» уваходзіць у дзясятку самых буйных падаткаплацельшчыкаў Менску. За 2020 выручка кампаніі павялічылася больш чым на чвэрць – да 660 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак – амаль у два разы (да 80 мільёнаў долараў).
Сёння Тапузідзіс удзельнічае ў грамадскім і палітычным жыцці Беларусі. Ён традыцыйна ўзначальвае адну з выбарчых камісій у Менску. Зʼяўляецца намеснікам старшыні Савету па развіцці прадпрымальніцтва пры беларускім урадзе і ганаровым консулам Грэцыі ў Беларусі. Пры гэтым у інтэрвʼю выданню «Наша Ніва» бізнесовец адмаўляў, што ягоны бізнес склаўся дзякуючы дзяржаве або з маўклівай згоды ўладаў.
Аднак у той час, як яго бізнес-імперыя расла як на дражджах, Тапузідзіс, як вынікае з базы пералётаў, якую далі «Кіберпартызаны», злятаў на грэцкі курорт з сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыем і ягонай сямʼёй – жонкай Ганнай, трыма дачкамі і бабуляй дзяўчынак Галінай Лукашэнка.
Павел Тапузідзіс адмаўляе сваё дачыненне да кантрабанды цыгарэт. Але на іншыя пытанні адмовіўся адказваць па тэлефоне.
Аўтар Аляксандр Ярашэвіч, рэдактары Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч
Іншыя Расследаванні
Расследаванні
Бульдозерам па санкцыях. Як уладальнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін зарабляе насуперак і дзякуючы эмбарга
Заваёўваючы расейскі рынак пад дэвізам імпартазамяшчэння, беларускае прадпрыемства «Амкадор» выкарыстоўвае мноства імпартаваных дэталяў.
Расследаванні
Цёмныя воды «Санта Брэмар». Расследаванне аб афшорах, крэдытнай каруселі і падатковых труках «рыбнага караля» Аляксандра Машэнскага
«Санта Брэмар» пазіцыянуе сябе як беларуска-нямецкае прадпрыемства, што намякае на замежныя інвестыцыі ў праект. На першы погляд, так і ёсць.
Расследаванні
Дзіцячая спецаперацыя. Хто вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
Некаторых дзяцей з Украіны вучыў гуляць у хакей Дзмітрый Баскаў, іншую групу адправілі глядзець матч з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.