Антыфэйк / фактчэк

06 ліпеня 2023

Фэйкі тыдня: мяцеж Прыгожына ўмацаваў Пуціна, расейцы наносяць удары ўкраінскімі ракетамі, замежныя інвестары бескарысныя для Беларусі

А таксама — украінцы незадаволеныя выдаткамі загінулых у батыскафе «Тытан», расейская крылатая ракета ўдарыла па замежных наймітах у рэстаране Краматорска. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк № 1: Эксперты Politico мяркуюць, што пасля бунту ПВК «Вагнэр» Пуцін стане мацнейшым 

Дата фэйка: 26.06.2023 

Яўген Прыгожын, пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі, 24 чэрвеня дамовіўся з кіраўніцтвам Расеі аб спыненні бунту. Падраздзяленні ПВК «Вагнэр» спыніліся прыкладна за 200 кіламетраў ад Масквы і павярнулі ў месцы дыслакацыі. Іх заснавальнік паляцеў у Менск. 

Каментуючы «Марш справядлівасці» расейскіх наймітаў, тэлевядоўца Вольга Скабеева ў тэлеграм-канале напісала, што Уладзімір Пуцін цяпер стане яшчэ мацнейшым. Паводле яе слоў, такую выснову зрабілі эксперты выдання Politico, кажучы пра наступствы бунту ў Расеі. У пацверджанне яна прывяла наступныя цытаты: 

«Прафесар паліталогіі Мічыганскага дзяржаўнага універсітэту Франц:

“Улічваючы, што іншыя вайскоўцы не далучыліся да закліку Прыгожына аб згуртаванні, Пуцін, верагодна, стане яшчэ мацней. Адзін з магчымых зыходаў — дэманстрацыя сілы праз шырокамаштабныя кампаніі ва Украіне”.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Венскага цэнтру па раззбраенні і нераспаўсюдзе Сокаў:

“Я не чакаю ніякага ўплыву на вайну. Я не чакаю ад гэтай падзеі якога-небудзь паслаблення Пуціна і рэжыму. На самой справе, яго падтрымка сярод вайскоўцаў можа ўзрасці — як з боку Шайгу, так і вышэйшага начальства, але, магчыма, што больш важна, з боку генералаў і афіцэраў на перадавой”».

Гэтыя цытаты ў артыкуле Politico сапраўды ёсць. Аднак выданне апытала не дваіх, а 14 экспертаў па Расеі. Большасць выказала меркаванне, што «Пуцін уразлівы, а расейская дзяржава парахнее», а таксама, што «вобраз непераможнага Пуціна заплямлены».

Толькі два эксперты ўгледзелі ў бунце пазітыў для прэзідэнта Расеі: расеец Мікалай Сокаў і амерыканка Эрыка Франц. Апошняя сапраўды заявіла, што ўлада Пуціна, верагодна, умацуецца, але пры гэтым мяцеж ПВК «Вагнэр» акажа моцнае негатыўнае для Расеі ўздзеянне на фронце.

«Бачная расколіна ў даспехах Пуціна можа апынуцца галоўным матыватарам для ўкраінскіх сіл і, што важна, для сусветных дзяржаў, якія іх падтрымліваюць. А калі Пуцін прайграе вайну, у Расеі могуць з'явіцца магчымасці для палітычных пераменаў, якіх у адваротным выпадку не існавала б», — заявіла яна.

Фэйк № 2: Украінцы папракаюць загінулых на «Тытане» ў няслушным выдатку грошай

Дата фэйка: 22.06.2023 

Сусветныя медыі абураныя рэакцыяй украінцаў на трагедыю батыскафа «Тытан», які з пасажырамі адправіўся ў экспедыцыю да патанулага 111 гадоў таму «Тытаніка» і знік, паведаміў 22 чэрвеня тэлеграм-канал «ЖЗ прэміум». Пазней былі знойдзены абломкі падводнага апарата і, верагодна, парэшткі загінулых.

«Хто сказаў, што ў украпрапаганды дна няма? Ёсць! Нават вядома яго глыбіня — 3,5 тысячы метраў ніжэй за ўзровень мора. На такой глыбіні захрас батыскаф з турыстамі, якія пагрузіліся паглядзець на патанулы “Тытанік”. У спецыяльным роліку паказана, як украінская прапаганда папракае няўдачлівых падарожнікаў, што тыя выдаткавалі 250 тысяч долараў на гэты экстрэмальны тур, замест таго, каб аддаць грошы Украіне. Так, маўляў, вам і трэба. 

Нават звыклыя да эскапад украў “сусветныя СМІ” і тыя асалапелі ад крыважэрнасці і проста прагнасці насельнікаў цэ Эўропы», — напісаў гэты тэлеграм-канал (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).

У пацверджанне гэтых слоў аўтар паказаў відэасюжэт, як сцвярджаецца, тэлеканалу Al Jazeera. У ім — кадры з мітынгу са сцягамі Украіны, якія суправаджаюцца тэкстам «украінцы абвінавачваюць экіпаж падводнага апарата “Тытан” у пустым марнаванні грошай». Пасля чаго распавядаецца, што адбылося з батыскафам.

На сайце Al Jazeera няма матэрыялаў пра пратэсты ўкраінцаў супраць марнавання 250 тысяч долараў на экскурсію да «Тытаніка». Аднак, ёсць відэаролік пра сам «Тытан». Менавіта з яго ўзятыя кадры для роліка «ЖЗ прэміум». 

Фатаграфія, якую гэты тэлеграм-канал выдае за пратэст украінцаў супраць «няправільнага марнавання ўласных грошай падарожнікаў», зробленая падчас украінскай акцыі ля прадстаўніцтва ААН у нямецкім горадзе Бон. Яна была прысвечана трагедыі, выкліканай знішчэннем плаціны на Кахоўскай ГЭС. Падтрымаць гэтую акцыю, дарэчы, прыйшла вядомая экаактывістка Грэта Тунберг.

Канчаткова сумневы развеяла сама Al Jazeera, назваўшы відэа фэйкам. 

«Мы хочам удакладніць, што відэа створанае не Al Jazeera, і мы сцвярджаем, што кантэнт быў сфабрыкаваны трэцім бокам», — гаворыцца ў паведамленні на сайце тэлеканалу.

Фэйк № 3: Расейскія бамбавікі наносяць удары ўкраінскімі ракетамі

Дата фэйка: 27.06.2023

Расейскі тэлеграм-канал «Мядзведзь» выпусціў ролік, прысвечаны ваеннай моцы Расеі. У прыватнасці ў ім паказаная спецыфічная ракета на ўзбраенні ПКС РФ.

«Расейскія бамбавікі Ту-22М3 наносяць удары ракетамі Х-22/32 ад Сум да Запарожжа», — гаворыцца ў тэксце пад відэа.

У роліку распавядаецца пра расейскую звышгукавую ракету Х-32, але на відэа паказаная не яна. Як выглядае Х-32, можна ўбачыць на графіцы ніжэй. 

БРЦ знайшоў арыгінальнае відэа, якое расейцы выдалі за сваё. На ім — украінская ракета «Няптун», якая знішчыла флагман расейскага чарнаморскага флоту — крэйсер «Масква». 

Крыніца: «Расейская газета»

Гэта відэа выпрабаванняў ракеты, апублікаванае 3 гады таму на ўкраінскім ютуб-канале «Мілітарны». Гэта значыць, тэлеграм-канал «Мядзведзь», спрабуючы прадэманстраваць вайсковую моц Расеі, выдаў украінскую ракету за расейскую.

Фэйк № 4: У выніку ракетнага ўдару па Краматорску былі параненыя замежныя найміты

Дата фэйка: 28.06.2023

У выніку ракетных удараў па Краматорску, якія Расея нанесла 27 чэрвеня, загінулі трынаццаць мірных жыхароў, сярод іх пісьменніца Вікторыя Амеліна. Яшчэ 61 чалавек быў паранены. Сярод параненых былі замежныя найміты, сцвярджае тэлеграм-канал «ЖЗ прэміум».

«Народная прыкмета. Калі ціпса і змагары пасля ракетнага ўдару пачынаюць лямантаваць пра “злачынствы расейцаў”, значыць трапленне было ў самую цэль. УДІЛ неахвотна прызнала наяўнасць замежнікаў сярод параненых. Значыць, трапленне прыйшлося як раз па наймітам і аднымі параненымі там справа не абыдзецца», — напісалі на наступны дзень аўтары канала (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).

У якасці доказу яны прывялі скрыншот поста з тэлеграм-канала «Наша Ніва». Пра тое, што параненыя трое замежнікаў, паведамлялі таксама ўкраінскія медыі і тэлеграм-каналы, а тэлеканал Бі-бі-сі ўдакладніў, што ўсе трое — не найміты, а грамадзяне Калумбіі з арганізацыі Aquanta Ucraina («Трымайся Украіна»). Гэта група падтрымкі Украіны ў Лацінскай Амерыцы.

Крыніца: El Pais / Пацярпелыя калумбійцы, якім аказалі першую медычную дапамогу

Пацярпелі калумбійскі дэпутат Серхіа Харамільё, пісьменнік Эктар Абад і журналістка Каталіна Гомес. Гэта пацвярджаюць і ў арганізацыі.

«Сёння ўвечары, калі мы вячэралі ў піцэрыі RAI у Краматорску з Вікторыяй Амелінай, выбітнай украінскай пісьменніцай, і выдатнай журналісткай Каталінай Гомес, мы сталі аб'ектам расейскай атакі крылатай ракетай, выпушчанай па рэстарацыі», — гаворыцца ў паведамленні Aquanta Ucraina.

Фэйк № 5: Беларусь нічога не страціць ад сыходу Stadler 

Дата фэйка: 22.06.2023

Швейцарскі вытворца цягнікоў Stadler сыходзіць з Беларусі, паведаміў 22 чэрвеня міністр транспарту Літвы. Увечары таго ж дня Рыгор Азаронак і палітолаг Андрэй Лазуткін на прыкладзе Stadler патлумачылі, чаму замежныя інвестары бескарысныя і Беларусь ад іх сыходу нічога не страціць.

«Калі мы бярэм, якія страты для Беларусі... Ну вось, якая была лакалізацыя ў таго ж Stadler? Колькі мы выраблялі кампанентаў для яго? Кажуць, у раёне 1%. Гэта вось тое, што мы рэальна маглі зрабіць тут. Хоць кабель нейкі, металічная панэль, гума, тэхніка, генератар, батарэя — усё гэта можна было вырабляць у Беларусі. Але інвестар не дурань, навошта гэта ўсё пакідаць вам, калі можна гатовыя запчасткі прывезці сюды, сабраць і атрымаць вагон, які можна прадаць далей у Расею. Гэта значыць, мы з гэтага нічога не зараблялі. Акрамя таго, калі браць нейкі заробак рабочага, пра што прэзідэнт сказаў, інвестар — не дурань, ён не будзе плаціць больш, чым сярэдні заробак па краіне па галіне ў прамысловасці», — заявіў Лазуткін.

Завод «Штадлер Менск» па вытворчасці чыгуначнага транспарту запусцілі ў горадзе Фаніпаль пад Менскам у 2014 годзе. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна Stadler Rail Group. Яно вырабляла ў Беларусі адно- і двухпавярховыя цягнікі, саставы метро і трамваі.

БРЦ праверыў, ці сапраўды Stadler пакідае Беларусь, — на прадпрыемстве такіх заяў не рабілі. На момант публікацыі там нават набіралі персанал.

Да гэтага часу «Штадлер Менск» лічыўся адным з сапраўды ўдалых інвестыцыйных праектаў у Беларусі.

«Чаму нам цікавы быў Stadler. Я ўжо не аднойчы пра гэта казаў. Яны прыйшлі сюды з грашыма? З грашыма. Яны прыйшлі сюды з новымі тэхналогіямі? З новымі тэхналогіямі. Яны прыйшлі сюды са сваімі рынкамі, гэта значыць яны ведаюць, куды прадаць сваю прадукцыю. Сапраўды так», — казаў Аляксандр Лукашэнка ў лістападзе 2014 года.

Stadler таксама прызналі найлепшым экспарцёрам 2016 года. А ў 2017 годзе за стварэнне спрыяльных умоў для персаналу кампанію назвалі «Працадаўцам года».

Інфармацыі пра заробак на прадпрыемстве ў адкрытых крыніцах не шмат, але вядома, што ў 2018 годзе сярэдні заробак там быў 2100 беларускіх рублёў. У гэты час у Беларусі, паводле звестак Белстату, сярэдні намінальны налічаны заробак складаў 954 рублі. А сярэдні заробак у прамысловасці ў тым жа годзе — крыху вышэй за 1000 рублёў.

Гэта значыць, на «Штадлер Менск» заробкі былі вышэйшыя за сярэднія па галіне. Старшыня Менаблвыканкаму Аляксандр Турчын нават хваліў прадпрыемства. 

«Сацыяльны складнік гэтак жа важны, як і вытворчыя поспехі. “Штадлер Менск” — гэта выдатны прыклад недзяржаўнага прадпрыемства, дзе думаюць не толькі пра рэалізацыю новых праектаў і атрыманне прыбытку, але і клапоцяцца пра дабрабыт усіх членаў калектыву», — казаў чыноўнік у кастрычніку 2020 года.

Словы Лазуткіна пра тое, што толькі 1% кампанентаў для выпуску цягнікоў Stadler вырабляецца ў Беларусі, таксама не адпавядаюць рэчаіснасці. 

«Трамваі можам лакалізаваць да ўзроўню, які лічым аптымальным, да 60-70%. Ён максімальны, бо нават нашыя беларускія пастаўшчыкі маюць прыкладна такі ўзровень, паколькі набываюць матэрыялы за мяжой. Для цягніка метро ўзровень лакалізацыі 50-60%, усё залежыць ад патрабаванняў кліента», — распавёў у 2019 годзе дырэктар прадпрыемства.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі