Антыфэйк / фактчэк 07 чэрвеня

На беларускім радыё заявілі, што Японія абавязаная сваім эканамічным цудам савецкім часопісам. Правяраем

Пра тое, што ў Японіі ўсталявалі помнік часопісу «Наука и жизнь» як «аснове японскага эканамічнага цуду», паведамляў сатырычны рэсурс «Панорама».

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё заявілі, што японскі эканамічны цуд стаў магчымым дзякуючы савецкім навукова-тэхнічным часопісам. Гэтае сцвярджэнне супярэчыць як храналогіі падзей, так і афіцыйнай пазіцыі самой Японіі.

Кантэкст: Пасля таго як Доналд Трамп яшчэ на год падоўжыў санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя ЗША ў 2006 годзе, у беларускіх дзяржаўных медыя пачалі абмяркоўваць уплыў абмежаванняў на развіццё эканомікі і тэхналогіяў. У якасці прыкладу таго, як санкцыі нібыта могуць спрыяць тэхналагічнаму рыўку, у эфіры прывялі Японію.

Эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 21 траўня заявіў, што санкцыі і міжнародная ізаляцыя могуць стымуляваць развіццё ўласных тэхналогіяў. Паводле яго слоў, абмежаванні супраць Кітая падштурхнулі краіну да паскоранага развіцця ўласных тэхналагічных рашэнняў. У якасці гістарычнага прыкладу ён прывёў Японію.

«Успомніце, тая ж самая Японія. Яна купляла… падпісвалася на савецкія часопісы для дзяцей: “Моделист-конструктор”, “Юный техник”, “Наука и техника”. Для чаго? Для таго, каб атрымліваць гэтыя крупінкі тэхналагічных думак, поглядаў, падыходаў, магчымасцяў. І яны ў свой час у тым ліку і на гэтай базе дзесьці змаглі змадэляваць сваю тэхналагічную перавагу», — заявіў Цішчанка.

Японскае эканамічнае і тэхналагічнае развіццё, якое пазней назвалі японскім эканамічным цудам, пачалося ў сярэдзіне 1950-х гадоў — ужо пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Часопіс «Юный техник» пачаў выходзіць толькі ў 1956 годзе, а «Моделист-конструктор» — у 1962-м. Часопіс «Наука и техника» перастаў выходзіць у 1941 годзе і аднавіўся толькі ў 1960-х. То бок японская прамысловасць пачала актыўна развівацца яшчэ да з’яўлення большай часткі часопісаў, згаданых у эфіры.

Сама Японія тлумачыць прычыны свайго тэхналагічнага росту інакш. Паводле дадзеных японскага Міністэрства адукацыі, культуры, спорту, навукі і тэхналогіяў, пасля вайны краіна зрабіла стаўку на хуткае ўкараненне перадавых заходніх тэхналогіяў. Для гэтага стварылі дзяржаўныя структуры, якія адказвалі за імпарт тэхналогіяў і навуковых распрацовак з ЗША і Еўропы.

Міф пра тое, што японскі эканамічны цуд вырас з савецкіх часопісаў, існуе ўжо шмат гадоў. Дадатковую вядомасць яму надала публікацыя сатырычнага сайта «Панорама» ў 2022 годзе. Тады выданне выпусціла жартоўную навіну пра тое, што ў Японіі нібыта ўсталявалі помнік часопісу «Наука и жизнь» як «аснове японскага эканамічнага цуду». Пазней гэтую сатыру Аляксандр Цішчанка пераказаў ужо як рэальную гісторыю.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць