Фэйк №1: Беларусь і Расея будуць сумесна вырашаць, ці выкарыстоўваць ядраваю зброю
Дата фэйку: 1.04.2023
Міністры абароны Расеі і Беларусі 25 траўня падпісалі дакументы аб парадку ўтрымання расейскай нестратэгічнай ядравай зброі на беларускай тэрыторыі. У той жа дзень кіраўнік расейскага абароннага ведамства Сяргей Шайгу паведаміў, што прымаць рашэнне аб яго выкарыстанні будзе Масква. Тым самым ён аспрэчыў заяву Аляксандра Лукашэнкі.
«Усё будзе паводле закону і па правілах. Што да кіравання, кантролю і іншае за ядравым узбраеннем, ну ты мяне ведаеш даўно. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», — сказаў Лукашэнка 31 сакавіка 2023 года.
На наступны дзень пасля гэтай заявы, 1 красавіка, газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ Беларусь сёння» патлумачыла, што гэтыя словы азначаюць.
«Рашэнне аб выкарыстанні размешчаных у нашай краіне расейскіх спецбоепрыпасаў будзе прымацца сумесна кіраўнікамі Беларусі і Расеі на аснове дамоўленасцяў паміж нашымі краінамі ў сферы абароны нацыянальнай бяспекі. Ключавое слова — "сумесна". Таму любыя інсінуацыі, якія прадстаўляюць Беларусь толькі месцам захоўвання і стартавай пляцоўкай і змяшчаюць цэнтр прыняцця рашэнняў толькі ў Маскву, не адпавядаюць рэчаіснасці», — напісаў аглядальнік газеты Антон Папоў.
Заява міністра абароны Расеі супярэчыць таму, што напісаў аўтар беларускага дзяржаўнага выдання і раней заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі павінна быць падрыхтаванае спецыяльнае сховішча для тактычнай ядравай зброі, а з красавіка беларускія лётчыкі вучацца пілатаваць самалёты, здольныя несці ядравыя зарады.