Кантэкст: Еўракамісія выступае супраць аднаўлення паставак расейскага газу па «Паўночным патоку» нават пасля заканчэння вайны ва Украіне. Пра гэта паведаміла галоўная прэс-сакратарка Еўракамісіі Паўла Пінью. Паводле яе слоў, Еўропа ўжо пераканалася ў рызыках залежнасці ад расейскіх энергарэсурсаў, якія Масква выкарыстоўвала як інструмент ціску. У Бруселі не хочуць паўтарэння гэтай сітуацыі.
28 кастрычніка 2026 года на YouTube апублікавалі запіс праграмы «Экспертны клуб. Палітычнае радыёшоу» Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё. Яе ўдзельнік Алег Кухальскі, былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Іране, звязаў змену кошту нарвежскага інвестыцыйнага фонду з напружанасцю на еўрапейскіх энергетычных рынках:
«Найбуйнейшым сусветным інвестарам з'яўляецца нарвежскі інвестыцыйны фонд. Дык вось, гэты фонд за апошні час пачаў рэзка губляць капіталізацыю. То бок, гаворка ідзе за тыдзень пра дзясяткі мільёнаў долараў. Гэта паказнік таго, што на энергетычным рынку Еўразвязу — і Нарвегія, якая як бы не ўваходзіць [у ЕЗ], але яна вельмі моцна звязаная з пункту гледжання энергарэсурсаў, — адбываецца нешта не зусім добрае для еўрапейскага спажыўца.
Калі такія наймагутнейшыя структуры пачынаюць быць, ну, стратнымі. Таму што што адбываецца? Яны, тыя акцыі, на якія яны ставяць, яны не спрацоўваюць. Гэта значыць, адбываецца, ну, не паніка, але напружанасць на еўрапейскіх энергетычных рынках».
Гаворка ідзе пра Дзяржаўны пенсійны фонд Нарвегіі — найбуйнейшы дзяржаўны інвестыцыйны фонд свету. У яго паступаюць даходы краіны ад здабычы нафты і газу. Фонд укладае сродкі ў акцыі, аблігацыі, нерухомасць і іншыя актывы па ўсім свеце. Яго задача — прымнажаць назапашванні і забяспечваць будучыню нарвежскай эканомікі пасля вычарпання нафтавых рэсурсаў.
У справаздачы за трэці квартал 2026 года сапраўды зафіксавана зніжэнне кошту фонду на 670 млрд крон. Але большую частку гэтай змены — 472 млрд крон — тлумачыць умацаванне нарвежскай валюты. Замежныя актывы пры пераліку ў кроны сталі каштаваць менш.
Змена кошту фонду праз валютны курс і вынік яго інвестыцыяў — розныя паказнікі. Інвестыцыйная страта за квартал склала 278 млрд крон. Даходнасць укладанняў у аблігацыі аказалася адмоўнай — мінус 3,5%. Даходнасць акцыяў у цэлым была блізкай да нуля, але вынікі асобных сектараў істотна адрозніваліся.
Менавіта энергетычныя кампаніі паказалі найбольшы рост сярод сектараў, прадстаўленых у партфелі акцыяў фонду. Укладанні ў іх прынеслі прыбытак, а не страту. Справаздача абвяргае тлумачэнне Кухальскага, які выкарыстаў страты фонду як сведчанне праблемаў на энергетычным рынку Еўропы. Акрамя таго, адмоўны вынік аднаго квартала не азначае, што фонд стаў стратным паводле вынікаў года. За першае паўгоддзе 2026-га інвестыцыйны прыбытак у кронах склаў 1,753 трлн. Пасля вылічэння страты трэцяга квартала — 278 млрд — вынік за студзень-верасень заставаўся станоўчым: каля 1,475 трлн крон, або амаль €140 млрд.