Антыфэйк / фактчэк

22 снежня 2022

Фэйкі тыдня: Украінскія ўцекачы забіваюць палякаў

Гэтая гісторыя вядомая толькі беларускім і расейскім медыярэсурсам.

«Ад пачуцця беспакаранасці і ўсёдазволенасці ўцекачы з Украіны ўжо пачалі не толькі красці, але і забіваць тых, хто не даспадобы» – беларускае тэлебачанне збірае фэйкі з інтэрнэту, каб запалохаць гледачоў.

У праграме «Вакол планеты» на тэлеканале «Беларусь-1» заявілі наступнае:

«У Кракаве мясцовая сям'я пусціла да сябе бежанцаў, якія нахабіліся са старту. Па рахунках плаціць яны адмовіліся, а ў кватэры па традыцыі зладзілі вэрхал. Калі гаспадары вырашылі іх выселіць, украуцекачы проста замкнуліся ў кватэры. Высялялі іх з дапамогай паліцыі і крана».

Гэтая гісторыя вядомая толькі беларускім і расейскім медыярэсурсам. У польскіх СМІ аб гэтым не пісалі. А відэа, якое тут дэманструюць як доказ, у YouTube зʼявілася больш за год таму, калі яшчэ не было ні вайны, ні бежанцаў з Украіны.

У гэтай жа праграме паведамілі яшчэ адну страшную навіну:

«У Варшаве на мясцовага жыхара напаў натоўп пʼяных бежанцаў. Мужчына заступіўся за дзяўчат, да якіх чаплялася кампанія з 3-4 маладых людзей. У выніку бойкі мужчына атрымаў некалькі нажавых раненняў і пасля памёр. Паліцыя доўгі час спрабавала схаваць, што злачынцамі, мяркуючы па паказаннях, былі ўкраінцы».

Забойства адбылося ў траўні і беларуская прэса адразу стала абвінавачваць украінцаў. Цяпер вядомыя імёны, прозвішчы і знешні выгляд меркаваных забойцаў – іх абвясцілі ў вышук.

І хоць паліцыя не называе нацыянальнасці падазраваных, ва ўсіх траіх меркаваных злачынцаў тыповыя польскія імёны.

Польскія грамадзяне масава ўцякаюць ад вайсковых збораў у Нямеччыну 

«Пасля абвяшчэння масавых вучэнняў у Польшчы ўзніклі чэргі на мяжы. Палякі масава з'яжджаюць у Нямеччыну», - сцвярджае «СБ. Беларусь сёння» і ў пацвярджэнне публікуе такое відэа.

Такое ж відэа транслюецца і ў расійскай перадачы «60 хвілін». 

У Польшчы ў наступным годзе сапраўды на ваенную падрыхтоўку прызавуць 200 тысяч рэзервістаў. Аднак ніякіх масавых уцёкаў і шматкіламетровых чэргаў на мяжы гэта, вядома, не выклікала.

Польшча і Нямеччына ўваходзяць у Шэнгенскую зону і паміж гэтымі краінамі няма мытнага кантролю, а на гугл картах можна ўбачыць, што на іх мяжы няма кіламетровых корак. 

Зрэшты, можа іх няма зараз, а да гэтага былі?! Тады бянтэжыць другая дэталь на відэа, што палякі вязуць у Нямеччыну аўтамабілі.

Звычайна аўта вязуць з Нямеччыны, а не наадварот. І аўтавозамі, а не на прычэпах. Так, хутчэй, возяць аўтамабілі ва Украіну ці Беларусь. А улічваючы, што ва Украіне абнулілі пошліны для аўтамабіляў, мы вырашылі ў першую чаргу праверыць інфармацыю аб польска-ўкраінскай мяжы.

У выніку WeeklyTopFake удалося геалацыраваць тую самую дарогу ў лесе, на якой знялі чаргу. Па гэтым плоце, дарожнаму знаку і рэкламнаму банэру. Як мы і меркавалі, аказалася, што гэта мяжа Польшчы не з Германіяй, а Украінай. Дарога вядзе на памежны пункт пропуску «Ягадзін-Дарагуск». І мы вырашылі на свае вочы пераканацца. 

Тут ёсць той самы плот, знак і рэкламны банэр. І чарга тут сапраўды ёсць. Але толькі гэта не палякі, якія ратуюцца ад вучэнняў у Нямеччыне, а ўкраінцы, якія едуць дадому.

Польскія пагранічнікі палівалі бежанцаў з вадамётаў 20 градусны мароз 

За год гісторыя з нелегальнымі мігрантамі на беларуска-польскай мяжы абрасла «шакуючымі падрабязнасцямі». Палітолаг Аляксандр Шпакоўскі раптам узгадаў, што палякі палівалі іх з вадамётаў у 20-градусны мароз. Аб гэтым ён заявіў у эфіры «Альфа радыё».

«Мы што забыліся, як у 20-градусны мароз палівалі іх з брандспойтаў, як закідвалі светлашумавымі гранатамі бежанцаў?»

Гэта, канешне, няпраўда. Паліваць кагосьці ці нешта ў 20 градусны мароз у прынцыпе немагчыма — бо гэта тое самае надвор'е, калі людзі робяць вось гэты прыкол.

Адзначым, што ў той дзень, калі на мяжы прымянялі вадамёты, беларускія дзяржСМІ паведамлялі, што палякі паліваюць іх вадой пры тэмпературы -2.

«Вадаметы пры -2 – замах на забойства», – пісалі яны. 

Насамрэч у той дзень, калі на мяжы ўжывалі вадамёты, тэмпература была +2 - +4, што пацвердзіў і генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед:

«Толькі 15-16 лістапада зафіксаваны і задакументаваны шматлікія факты незаконнай дэпартацыі бежанцаў з тэрыторыі Польшчы, прымяненне ў дачыненні да іх вадамётаў, якія змяшчаюць хімічныя прымешкі пры тэмпературы навакольнага асяроддзя не больш за 4 градусы».

Чатыры градусы - гэта, вядома, не спякота, быць змоклым у такое надвор'е вельмі некамфортна. Але і пры такой тэмпературы бывае дождж. Нельга ж сказаць, што дождж пры +4 — гэта «замах на забойства»!

Мы не абясцэньваем пакуты мігрантаў, якіх беларускі бок штурхае на штурм мяжы, а польскі — назад. Тут размова аб тым, як падаюць інфармацыю дзяржСМІ. Спачатку плюс 4 у іх ператварылася ў мінус 2. А потым палітолаг Шпакоўскі вырашыў — што ўжо там драбязніцца, скажу — мінус 20 было.  

Але гэта яшчэ ня ўсё. Потым Шпакоўскі сцвярджае, што для дастаўкі мігрантаў у Беларусь нічога спецыяльна не рабілася.

«І больш за тое, пакуль у Еўрапейскага Звяза былі дамовы ў галіне памежнай бяспекі з Рэспублікай Беларусь, з якіх яны ініцыятыўна выйшлі, гэтага не было. Хаця маршрут існаваў заўсёды. Што ў нас раней рэйсы не ляталі з блізкаўсходніх дзяржаў? Лёталі яшчэ і часцей».

Паглядзім, як насамрэч змянілася колькасць рэйсаў Белавія напярэдадні мігранцкага крызісу вясной 21 года. Аддзел «Новой газеты» выгрузіў дадзеныя з сайта flightradar24, які адсочвае палёты. І што мы бачым: з Багдаду іх колькасць павялічылася з красавіка, з Бейрута - з траўня. З Багдаду ў Мінск яшчэ пачала лятаць авіякампанія Флай Багдад.

Цікава, што паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на беларускай зямлі за апошнія гады ўвогуле не зафіксавана ніводнага турыста з Ірака, Ірана, Сірыі, Афганістана і Пакістана. У статыстыцы іх няма. Хаця ўсе мы на ўласныя вочы бачылі ў Мінску натоўпы арабскіх мігрантаў.

Такім чынам, заявы беларускіх афіцыйных асоб, напрыклад, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных аб тым, што гэтыя людзі з'яўляюцца турыстамі — таксама фэйк.

Беларусь — лідэр па праведніках народаў свету

Беларусы — гэта нацыя — лідэр па праведніках свету. Пра гэта заявіў супрацоўнік тэлеканала СТВ Яўген Пуставой.  

«Па-мойму, прапарцыйна колькасці насельніцтва мы нацыя - лідэр па праведніках свету. Самі пакутавалі, а суседзям, дзецям шынкара Мойшы, закатаванымі выхадцамі з акружэння Івана з-пад Тулы і Батыем з Узбекістана, дапамагалі. А нас жа таксама хацелі знішчыць».  

Гэта не так. Паводле звестак Сусветнага Цэнтра памяці ахвяр Халакоста Яд Вашэм, у Беларусі было 680 праведнікаў свету. Так называюць неяўрэяў, якія пайшлі на вялікую рызыку, каб выратаваць яўрэяў падчас Халакосту. 

Нават калі лічыць прапарцыйна насельніцтву, то атрымліваецца ўмоўна 68 чалавек на мільён. І гэта не лідэрства. Бо, напрыклад, у Бельгіі іх было значна больш, хаця бельгійцаў толькі на 2 мільёны больш, чым беларусаў. Яшчэ нас апярэджваюць такія краіны, як Літва, Нідэрланды, Польшча і Славакія.

У Чаркасах адкрываюць дамы распусты

Чаркаскі дэпутат прапанаваў размяшчаць у пунктах абагравання дома памяркоўнасці, сцвярджаюць «Жоўтыя слівы». У доказ публікуюць відэа з такім дыялогам двух мужчын: 

«- Поруч са мной дэпутат мійскай рады Уладзімір Іванавіч Несцярэнка. Добры дэнь. Сяргей Іванавіч нядаўна выступіў з цікаўнай ініцыятывай стварэння ў Чэркасах будынку роспусты. Можаце расказаць дэтальнейша пра сваю ініцыятыву? 

- Ну каб людзям было весялей свой час правесці, каб было». 

Зразумела, ніякіх цэнтраў распусты ніхто ва Ўкраіне не адчыняе. Гэта розыгрыш украінскага блогера, які вядзе гумарыстычны канал.

Аднак, пра тое, што гэта жарт «Жоўтыя слівы» сваім чытачам паведамляць не сталі, расказаўшы пра яго, як пра рэальную навіну.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі