Антыфэйк / фактчэк 22 красавіка 2022

Фэйкі тыдня: CNN хлусіць усяму свету, а «Жоўтыя слівы» стаяць на варце праўды і выкрываюць хлусаў

Праўладны тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» абвінаваціў амерыканскі тэлеканал CNN у хлусні

Праўладны тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» абвінаваціў амерыканскі тэлеканал CNN у хлусні. Пра гэта сведчыць адзін з апублікаваных пастоў у тэлеграм-канале.

Карацей кажучы, CNN хлусіць, таму што на спіне ў пажарнага напісана назва канадскага гораду Эдмантан, а не Львоў. Значыць, заключаюць прапагандысты, гэта пажар у Эдмантану, а не ў Львове. А зараз тлумачым, чаму хлусяць не CNN, а менавіта «Слівы».

Справа ў тым, што ў Эдмантан існуе арганізацыя «Firefighter Aid Ukraine», якая пастаўляе ва Украіну неабходны пажарны рыштунак. На іх старонцы ў Facebook можна ўбачыць, які менавіта рыштунак яны пастаўляюць ва Украіну: боты, курткі, каскі. І тут жа прадстаўнікі арганізацыі размясцілі фота, на якім бачна, што на спецвопратцы, якую яны адпраўлялі ў Львоў, сапраўды ёсць надпіс «Эдмантан».

«Дзялюся гэтым пастом з 2017 года, калі мы раздавалі ахвяраваную бункерную амуніцыю ў Львове. Бачыце «Эдмантан» на спіне курткі? Тут няма ніякай змовы. Нашы сябры і калегі-пажарныя знаходзяцца ў небяспецы, і мы будзем працягваць падтрымліваць іх», – цытата з публікацыі на старонцы арганізацыі ў Facebook.

Прыцягненне да будаўніцтва касмадрома ў Расіі беларусаў - небывалы выпадак у гісторыі

Беларусы будуць будаваць касмадром Усходні ў Расіі. Аляксандр Лукашэнка назваў гэту падзею небывалым узроўнем даверу паміж краінамі і ўвогуле ўнікальным выпадкам у гісторыі. 

«Тое, што вы прапануеце нам уключыцца з будоўлю, у гэтую гіганцкую будоўлю, – самы высокі ўзровень даверу... Прыняты закон у Расіі. Гэта ўвогуле выпадак рэдкі, увогуле такога не было, беларусы дапушчаныя да ўсіх закрытых аб'ектаў». 

Дадаў пафасу падзеі і праўладны палітолаг Аляксей Дзермант у эфіры «Альфа радыё». 

«Гэта акт найглыбейшага даверу з боку Расейскай Федэрацыі саюзніку Рэспубліцы Беларусь. Таму тое, што там беларусы прыехалі і яшчэ будуць працаваць, будаваць, дапамагаць - гэта вельмі важна. Бо не кожнай дзяржаве Расея давярае такія рэчы». 

Насамрэч выпадак далёка не ўнікальны. І беларусы не першыя замежнікі, якія дапушчаныя да будоўлі «Усходняга». Лукашэнка і Дзермант забылі сказаць, што там ужо працуюць грамадзяне Узбекістана. 

Яшчэ летам мінулага года паведамлялася, што туды адправілі працаваць 141 узбека. А мінулай восенню міністр будаўніцтва і ЖКГ Расіі расказаў, што іх там будзе больш за тысячу.

31 студзеня 2022 года кіраўніцтва Узбекістана падпісала з Расіяй нават афіцыйнае пагадненне.

А яшчэ раней да будоўлі «Усходняга» прыцягвалі нават студэнтаў. І галоўная прычына, чаму там зараз будуць працаваць беларусы - гэта банальны дэфіцыт кадраў.

Яшчэ ў чэрвені 2021 года расійскае інфармагенцтва ТАСС паведаміла, што краіне не хапае каля 2 млн будаўнікоў. Урад Расіі ва ўмовах дэфіцыту будаўнікоў гатовы прыцягнуць да работы над ключавымі аб'ектамі ў краіне каля 20-30 тыс. беларускіх спецыялістаў. І працытавалі расійскага віцэ-прэм'ера Марата Хуснулліна.

«Яны дастаткова паспяхова праектуюць і будуюць. Таму, калі мы прынцыпова дамовімся па кошце і па ўмовах, то, канечне, будзем прыцягваць». 

Выходзіць, справа тут не ў глыбокім даверы і небывалым узаемным каханні, а ў тым, што проста беларускія працоўныя, як і ўзбекскія, уладкоўваюць Расею па якасці і кошту працы.

Фіны і шведы не хочуць у НАТА

Дэпутат расійскай Дзярждумы Дзмітрый Белік прыгразіў Фінляндыі і Швецыі праблемамі ў выпадку ўступлення ў НАТА. 

«Фіннам і шведам сяброўства ў НАТА відавочна не пойдзе на карысць, мы ўжо зараз можам назіраць раскол у грамадстве па гэтым пытанні». 

Насамрэч разыходжанні ў меркаваннях можна назіраць толькі ў Швецыі. Паводле апытанняў, пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны там колькасць прыхільнікаў уступлення рэзка вырасла з 30 да 45-49%.

Шведы быццам вагаюцца, але пры гэтым пазіраюць на Фінляндыю. І на пытанне "Ці павінна Швецыя ўступіць у НАТА, калі туды ўступіць Фінляндыя?" 63% насельніцтва адказвае, што тады і Швецыі трэба ўступаць.

А вось у Фінляндыі доля прыхільнікаў НАТА расце з кожным тыднем вайны. Цяпер за ўступленне 68% насельніцтва. Гэта значыць, ужо відавочная большасць. А калі туды вырашыць уступіць Швецыя, то, паводле звестак апытання, колькасць фінаў за ўступленне вырастае да 77%. Пры гэтым яшчэ ў студзені аб НАТА марыла толькі трэць насельніцтва.

Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі апазіцыянерамі

Рыгор Азаронак у сваім тэлеграм-канале размясціў фота ўкраінскіх дзяўчат, якое падпісаў так:

«Дзве ўкраінкі аблілі сябе мачой і лайном».

Па-першае, гэтае фота - не навіна, яго зрабілі яшчэ ў 2014 годзе ў Мілане. Тады там праходзіў форум «Азія - Еўропа», які наведаў у тым ліку і Пуцін.

А па-другое, дзяўчаты аблілі сябе чырвоным віном, а зусім не тым, пра што піша Азаронак. Гэта сімвалізавала кроў людзей, якія загінулі падчас узброенага канфлікту ва Украіне. Відаць, яны хацелі прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да гэтага канфлікту.

Таксама Азаронак у дзень гадавіны выбуху ў мінскім метро ён заявіў, што Дзмітры Канавалаў і Уладзімлаў Кавалёў былі «змагарамі».

«Сёння спаўняецца 11 гадоў страшнай трагедыі на станцыі метро "Кастрычніцкая". Два вар'яты саракі ўчынілі выбух. Проста так, з нянавісці да „быдла“». 

І пасля гэтага заклікаў паглядзець фільм аб тэракце, зняты 9 гадоў таму. Дык вось у гэтым фільме няма ні слова аб тым, што асуджаныя па справе аб выбуху ў метро былі неяк звязаныя з палітыкай ці апазіцыяй. 

Больш за тое, намеснік генеральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед падкрэсліваў, што яны - адзіночкі, у іх не было ні замоўцаў, ні куратараў.

«У мяне няма ніякіх сумневаў у тым, што Кавалёў і Канавалаў - гэта адзіночкі, якія такім чынам спрабавалі рэалізаваць сябе ў жыцці».

Зверствы беларускіх добраахвотнікаў

Тэлеканал АНТ расказаў пра зверствы беларускага батальёна Каліноўскага. Сцвярджаецца, што яны адны з першых увайшлі ў Бучу і арганізавалі крывавую пастаноўку з трупаў. У якасці доказаў АНТ нават паказаў наступнае відэа.

«З нядаўняга часу ў складзе Азова батальён Каліноўскага. Беглыя беларусы па пашпарце, па духу - звычайныя нацысты. І свайго роду вэб-кам мадэлі для пазёрства і запалохвання. Многія адправіліся на сустрэчу са сваімі кумірамі. Тыя, што засталіся, працягваюць забіваць. Адны з першых уваходзілі ў Бучу. Паглядзіце, як яны ўсе разам валакуць трупы для крывавай пастаноўкі ў Бучы. Гэтыя кадры для тых, хто ўсё яшчэ не верыць. Пра зверствы нацыяналістаў расказваюць людзі з усёй Украіны». 

На самай справе, гэта відэа, знятае аператарамі агенцтва Асашыэйтэд прэс. Вось яно выкладзена ў іх архіве.

Тут жа ёсць інфармацыя, што знята відэа 2 красавіка 2022 года ў Бучы. Побач аўтар дае апісанне да частак відэа. Вось, напрыклад, яны пазначае: кадр 9 - салдаты цягнуць цела тросам, баючыся, што цела замініравана.

Ніжэй ідзе апісанне сюжэту, з якога вынікае, што, па-першае, на кадрах украінскія вайскоўцы. Няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што гэта байцы беларускага батальёну Каліноўскага. А па-другое, яны не раскладваюць целы, а наадварот іх прыбіраюць.

«Украінскія вайскоўцы пры падтрымцы калоны танкаў і бронетэхнікі прывязалі да целаў трасы і выцягнулі іх з вуліцы, баючыся, што яны могуць быць замініраваны выбуховымі прыладамі». 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць