«Хутка 700 долараў будзе сярэдні заробак пры мінімальных плацяжах за сваю хатнюю гаспадарку. Мы ж лічылі з вамі ў гэтай жа студыі, што пры 2,000 сярэдняга заробку ў Вялікай Брытаніі (2,000 фунтаў) у іх на руках пасля выплат усіх, не кажучы ўжо пра камуналку зімой, тады мы яе не лічылі, застаецца менш, чым у сярэдняга беларуса. Застаецца пасля выплаты ўсіх падаткаў і гэтак далей, і камунальных паслуг».
Па-першае: сярэдні заробак у Вялікай Брытаніі не 2,000 фунтаў у месяц, а 2,750. Пасля вылікаў падаткаў – 2,180.
Па-другое: плата за газ і святло складае амаль такую ж лічбу – 2,500 фунтаў, але толькі не ў месяц, а ў год. Урад гарантаваў брытанцам, што для сярэдняй гаспадаркі цана не падымецца вышэй за гэтую суму. Разам: на руках застаецца каля 2,000 фунтаў ці каля 2,500 долараў.
Глядзім зараз на Беларусь: сярэдні заробак, паводле звестак Белстату, зараз складае 650 долараў. Менавіта пра іх гаворыць Іван Эйсмант. Але гэта заробак брута (да выліку падаткаў). Яшчэ мінус камуналка – і ў сярэднестатыстычнага беларуса застаецца на руках каля 500 долараў.
Беларусь запусціла першы спадарожнік у 2012 годзе
Расказваючы, як Беларусь трапіла ў закрыты клуб касмічных дзяржаў, вядучая тэлеканала ОНТ Марына Караман заявіла, што Беларусь запусціла свой першы спадарожнік у 2012 годзе.
«У 2003 стварылі праект першага брусскага спадарожніка. Аляксандр Лукашэнка заўсёды падтрымлівае перспектыўныя ідэі беларусаў. Таму ў 2007 годзе прэзідэнт падпісаў указ аб запуску айчыннай касмічнай праграмы. І пачаўся першы этап касмічнага жыцця нашай краіны. Ён працягнуўся з 2008 да 2012 года. У гэты перыяд нашы навукоўцы распрацоўвалі абсталяванне і начынне для яго».
Па версіі Марыі Караман атрымліваецца, што Беларусь ажно 9 гадоў рыхтавалася, каб запусціць свой першы спадарожнік: з 2003 па 2012 год. Пры гэтым няма ні слова пра тое, што насамрэч першы запуск беларускага спадарожніка БелКА (скарочанае ад Беларускі касмічны апарат) адбыўся яшчэ ў 2006 годзе.
Аднак тая спроба аказалася няўдалай — спадарожнік да космасу так і не даляцеў. Па афіцыйнай інфармацыі, гэта адбылося з-за аварыі ракеты-носьбіта «Дняпро».
Паказальна, што тады, у 2006 годзе, беларускае тэлебачанне паспяшалася паведаміць, што спадарожнік запушчаны і космас пакораны. Цяпер жа АНТ вырашыла зноў перапісаць касмічную гісторыю нашай краіны і замоўкнуць нязручныя факты аб тым, як яна насамрэч развівалася.
Баявыя ўзнагароды Украіны — нацысцкія
Баявыя ўзнагароды Украіны практычна адзін у адзін капіююць нацысцкія. Пра гэта ў перадачы «Клуб Рэдактараў» на «Беларусь-1» паведаміў кіраўнік тэлеканала Іван Эйсмант.
«Ваеннаслужачым 52 брыгады ВСУ ўручылі ўзнагароды на гэтым тыдні. Называюцца "Сталёвыя крыжы". Нічога вам не нагадваюць? Давайце паглядзім, ёсць у нас фатаграфія. Справа, дарэчы, нацысцкі крыж, а злева украінскі. Не моцна адрозніваюцца».
Гэта не праўда. Па-першае, вайскоўцам не 52 брыгады ВСУ, а 92-й. Па-другое, украінская баявая ўзнагарода «Сталёвы крыж» насамрэч выглядае так. А тое, што паказалі, гэта не дзяржаўная, а грамадская ўзнагарода. Яна называецца — знак народнай пашаны «Сталёвы крыж непераможных».
Але і ён куды менш падобны на нацысцкі, чым, напрыклад, многія расійскія ўзнагароды — Георгіеўскі крыж ДНР, Ордэн Святога Георгія Расійскай Федэрацыі, ордэн Аляксандра Неўскага, ордэн Мужнасці і інш.
Тэму нацысцкіх крыжоў падхапіў галоўны рэдактар галоўнай дзяржаўнай газеты «СБ Беларусь Сегодня» Дзмітрый Жук.
«Вы ведаеце, пасля таго, як Алексіевіч уручылі рэальны «Жалезны крыж», нічога дзіўнага».
У рэчаіснасці, узнагарода нацыстаў часоў Другой сусветнай вайны «Жалезны крыж» нікому не ўручалася з 1945 года. У ГДР яна і зусім была забаронена. А лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч уручылі ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія». Так, ён мае форму крыжа. Але, як мы пераканаліся вышэй, многія ўзнагароды ў свеце маюць такую форму.
Аднак у Івана Эйсманта знайшліся яшчэ прыклады:
«Дарэчы, пастаўляюць якую тэхніку на Украіну. Калі там ёсць ветэраны Вялікай айчыннай вайны, яны гэта бачаць, не пазайздросціш. Глядзіце, з якімі малюнкамі ездзяць. Ці ёсць на гэтым відэа. Гэта Брэсцкая крэпасць. Чысты Вермахт. Чысты Вермахт».
Насамрэч гэта чысты Бундэсвер, гэта значыць узброеныя сілы Нямеччыны. І з моманту іх стварэння, гэта значыць з 1955 года, іх сімвалам з'яўляецца жалезны крыж. Адпаведна, на сваю ваенную тэхніку яны наносяць апазнавальны знак у выглядзе чорнага крыжа з белымі палосамі. Ён адрозніваецца ад таго крыжа, які выкарыстоўвалі нацысты. У час вайны крыж быў роўны. А сучасны — пашыраецца да бакоў. І калі Бундэсвер аддае Украіне сваю тэхніку, то цалкам натуральна, што яна паступае з нямецкім апазнавальным знакам.
Дарэчы, у розных варыяцыях ён існаваў яшчэ да вайны, яму ўжо больш за 200 год.
Еўропа паставіла крыж на сямейных каштоўнасцях
Беларусь — захавальніца сямейных каштоўнасцяў, а ў Еўропе на іх паставілі крыж. Гэты папулярны наратыў дзяржСМІ чарговы раз прагучаў у выніковай праграме тыдня на «Беларусь-1».
«Сямейныя каштоўнасці — гэта тое, на чым Еўропа даўно паставіла крыж. А такіх перспектыў для сваіх дачок бацькі не хацелі».
Мы вырашылі праверыць, ці праўда тое, што беларусы і расейцы неяк асабліва трапятліва ставяцца да стварэння сям'і. І для гэтага параўналі дадзеныя па колькасці шлюбаў і разводаў за адзін і той жа перыяд.
Колькасць шлюбаў у ЕС на 1000 жыхароў у 2019 годзе можна ўбачыць на гэтай мапе. У Беларусі ў тым жа годзе — 6,7 шлюбаў. У Расіі — 6,5. Па кмапе бачна, што амаль столькі ж у Літве, Латвіі, Румыніі і Венгрыі. У астатніх краінах менш. Гэта значыць уступаць у шлюб еўрапейцы, падобна, не вельмі спяшаюцца.
Цяпер звернем увагу на паказчык разводаў за той жа 2019 год: у Беларусі ён складае 3,7 на 1000 чалавек, у Расіі — 4. А ва ўсіх краінах ЕС ён значна ніжэйшы.
Выходзіць, што ў «загніваючай Еўропе» шлюбаў крыху менш, але яны нашмат мацней.
А зараз паглядзім — можа ў Беларусі і Расіі дзяцей нараджаецца больш?!
У нас у краіне ўсё ў тым жа 2019 годзе прыпадала 9,3 нараджэнняў на 1000 чалавек насельніцтва, у Расіі — 10,1. А вось дадзеныя па Еўразвязе. У сярэднім па ўсіх краінах ЕС нараджальнасць сапраўды такая ж. Ну а калі глядзець асобна па краінах, то ў некаторых дзяржавах заходняй і цэнтральнай Еўропы нараджальнасць нават вышэйшая, чым у нас.
Выглядае, што сіла сямейных каштоўнасцяў у Расіі і Беларусі моцна перабольшана.
Адна з прычын нападу Расіі на Украіну — вялікія запасы нафты
Ва Украіне разведаны вялікія запасы нафты, што з'яўляецца адной з прычын, чаму Расія на яе напала. Гэта сцвярджае Джордан Пітэрсан, канадскі псіхолаг і лідэр меркаванняў, відэа якога на ютубе збіраюць мільённыя прагляды.
«Справа таксама ў тым, што Украіна валодае велізарнымі і адносна нядаўна адкрытымі (каля 2010 г.) уласнымі нафтавымі рэсурсамі, асабліва вакол Каспійскага мора і на паўночным усходзе, напрыклад, дастаткова прыроднага газу, каб яна магла стаць асноўным пастаўшчыком гэтага рэсурсу ў Еўропу і тым самым стварыць пагрозу залежнасці Еўропы ад расейскіх рэсурсаў»
Украіна напэўна ўзрадавалася б такой навіны, калі б гэта было праўдай. Аднак, Каспійскае мора ад Украіны аддзяляе тэрыторыя Расіі, і нават ад Луганска да мора адлегласць каля 600 км.
Што да запасаў нафты, то магчыма, яны і вялізныя, толькі тады пра гэта пакуль ніхто не ведае. Па запасах нафты Украіна на 49 месцы ў свеце. Даказанымі лічацца 400 млн барэляў нафты. Для параўнання, Беларусь са сваімі нафтазалежамі толькі на пяць радкоў ніжэй. Па падліках Украіны гэтыя запасы разы ў паўтара большыя. Разведаны яны былі яшчэ ў савецкія часы і ў апошнія гады такіх работ не праводзілася.
А вось прыроднага газу па мерцы Еўропы ва Украіне сапраўды нямала: са сваім трыльёнам кубаметраў газу яна другая пасля Нарвегіі. Толькі вось лёгкавымаемыя запасы газу ўжо амаль знясіленыя, і зараз, каб здабыць новыя, патрэбны значныя інвестыцыі. У Расіі запасаў газу ў 37 разоў больш, таму Украіна для яе слабы канкурэнт.