Антыфэйк / фактчэк Сёння

Прэзідэнт Украіны купіў ферму за $80 млн? Як Зяленскі (не) трапіў у топ-10 амерыканскіх землеўласнікаў

Першакрыніца інфармацыі — клон сайта агенцтва нерухомасці.

Уладзімір Зяленскі купіў ранча ў штаце Ваёмінг і заняў дзявятую пазіцыю ў рэйтынгу найбуйнейшых землеўласнікаў ЗША, расказалі ў праграме «Навіны» на Першым інфармацыйным канале. Мы высветлілі, што гэта — фэйк.

Пра нібыта набытак прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага паведамілі ў выпуску «Навін» 28 кастрычніка 2025 года на News.by:

«Зяленскі стаў уласнікам аднаго з найбуйнейшых ранча ЗША, паведамляюць СМІ. Інфармацыя пра куплю з'явілася на сайце брокера Swan Land Company, але афіцыйных каментароў ад украінскага боку пакуль не было. Ферма коштам амаль 80 мільёнаў долараў і плошчай 3700 квадратных метраў была прададзена праз тыдзень пасля візіту Зяленскага ў Белы дом. <...> Угода вывела Зяленскага на 9 месца сярод найбуйнейшых прыватных землеўласнікаў ЗША».

Відэа пра куплю ранча з'явілася ў сацсетках 28 кастрычніка. У ім гаворыцца, што ранча Pathfinder купіла кампанія Davegra Ltd, што належыць Уладзіміру Зяленскаму, а ўгоду правяло агенцтва нерухомасці Swan Land Company, пра што паведамілі на сайце брокера. 

Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта — фэйк. Кіпрская Davegra Ltd сапраўды фігуравала ў журналісцкіх расследаваннях як афшорная кампанія, звязаная з Уладзімірам Зяленскім і яго атачэннем. Swan Land Company — таксама рэальна існуючае агенцтва нерухомасці, якое прадае ранча Pathfinder. Аднак яго афіцыйны сайт зарэгістраваны ў даменавай зоне .com, а ў відэа фігуруе сайт, з рэгістрацыяй .us. Гэту копію стварылі 21 кастрычніка, за тыдзень да з'яўлення паведамлення пра продаж ранча Уладзіміру Зяленскаму.

На момант публікацыі сайт-клон пусты, але раней на ім была размешчана фэйкавая справаздача пра падпісанне ўгоды куплі-продажы з фірмай Зяленскага. На рэальным сайце Swan Land Company гэту інфармацыю аспрэчылі.

Аўтары фэйкавага відэа паказалі рэйтынг часопісу The Land Report, у якім Зяленскі пасля набыцця ранча нібыта стаў дзявятым па велічыні землеўласнікам ЗША. У сапраўдным рэйтынгу 9 месца — у спадчыннікаў King Ranch. Украінскага прэзідэнта ў ім няма.

Гэта не першы фэйк пра багацце Уладзіміра Зяленскага. Раней мы выкрылі хлусню, што ён купіў рэзідэнцыю брытанскага караля за $25 млн.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць