Антыфэйк / фактчэк

29 сакавіка 2023

Фэйкі тыдня: У Францыі пенсіянеры будуць выходзіць на пенсію за 2 тыдні да смерці

І гэта пры тым, што ў самой Беларусі мужчыны ідуць на пенсію, практычна, у тым жа ўзросце - у 63 гады.

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў у эфіры АНТ абурыўся павышэннем пенсіённага ўзросту ў Францыі і назваў гэта прыкметай дэмаралізацыі Еўропы.

«Слухайце, Францыя зараз уводзіць павелічэнне пенсійнага ўзросту да 74, ой да 64, у іншых краінах 67. Слухайце, ды яны хутка будуць на пенсію выходзіць за 2 тыдні да смерці».

І гэта пры тым, што ў самой Беларусі мужчыны ідуць на пенсію, практычна, у тым жа ўзросце - у 63 гады. Жанчыны ў 58 гадоў. Пенсійны ўзрост у Беларусі пачалі ўзнімаць з 2017 года. І Шаўцоў, будучы дэпутатам парламента, сам жа галасаваў за гэта. Вось як ён некалькі гадоў таму на АНТ тлумачыў, навошта гэта трэба:

«Калі мы павялічваем пенсійны ўзрост, мы даем магчымасць чалавеку працягваць працу. І самае галоўнае мы павінны думаць ужо аб дзяржаве. То бок, мы даем дадатковы прырост ВУП».

Варта таксама адзначыць, што сярэдняя працягласць жыцця ў Францыі нашмат большая, чым у Беларусі. 

Мужчына ў Беларусі ідзе на пенсію ў 63 гады, а ў Францыі ў 62, ну а пасля рэформы будзе ў 64 гады. Але беларус у сярэднім жыве 70 гадоў, а француз 80 гадоў. Атрымліваецца, беларусы на пенсіі ў сярэднім жывуць 7 гадоў, а французы - 18. А жанчыны практычна аднолькава - крыху больш за 20 гадоў.

Міжнародная камісія не знайшла ніякіх злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне

Незалежная міжнародная камісія па расследаванні падзей ва Украіне апублікавала свой папярэдні даклад аб парушэннях правоў чалавека. Як піша The Guardian, кіраўнік гэтай камісіі заявіў, што доказаў генацыду ўкраінцаў ёю не выяўлена.

Ну а тэлеграм-канал «ЖС прэміум» зрабіў з гэтага свае высновы і заявіў, што камісія не знайшла ніякіх злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. 

«“Мы не выявілі прыкмет генацыду ва Украіне”, – цытуе выданне старшыні незалежнай міжнароднай камісіі Эрык Мёсэ.

Згвалтаванні, расстрэлы, катаванні і іншыя злачынствы, пра якія ўжо больш за год верашчаць украінскія журналісты - нічога гэтага не пацвердзілася. І нельга сказаць, што праверкі праводзілі нейкія ангажаваныя структуры, хутчэй наадварот». 

Генацыдам ААН называе намер вынішчыць поўнасцю або часткова пэўную групу людзей – напрыклад, па нацыянальнай, расавай ці рэлігійнай прыкмеце.

Адзначым, што ўкраінскае кіраўніцтва заявіла, што гвалтоўнае перамяшчэнне ў Расію тысяч украінскіх дзяцей - можна расцэньваць як генацыд. Але Эрык Мэсэ сапраўды генацыду ў гэтым не ўбачыў. Аднак дадаў, што камісія ўсё яшчэ вывучае доказы і што ёсць "некаторыя аспекты, якія могуць выклікаць пытанні" аб магчымым генацыдзе.

А з таго, што камісія не знайшла генацыд, зусім не вынікае, што яна не знайшла і злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Якраз наадварот. Вось што напісана ў справаздачы

«Камісія задакументавала выпадкі наўмысных забойстваў, незаконнага пазбаўлення волі, катаванняў, згвалтаванняў і незаконнага перамяшчэння затрыманых асоб у раёнах, якія перайшлі пад кантроль расейскіх уладаў ва Украіне.

Камісія пацвердзіла пакаранне 65 мужчын, дзвюх жанчын і 14-гадовага хлопчыка.

Камісія задакументавала выпадкі сэксуальнага і гендэрнага гвалту, у тым ліку гвалт над жанчынамі, мужчынамі і дзяўчынкамі, ва ўзросце ад 4 да 82 гадоў.

Падчас расследавання камісія восем разоў выязджала ва Украіну і наведала 56 населеных пунктаў, правяла 610 інтэрв'ю, агледзела месцы разбурэнняў, магіл, месцаў утрымання пад вартай, катаванняў і шмат іншага». 

Так што сцвярджэнне, што злачынствы, пра якія даўно расказваюць украінскія журналісты, не пацвердзіліся – гэта няпраўда.

Іран пакрые Беларусі страчаныя эканамічныя сувязі з Захадам

Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран, дзе ён узгадніў дамоўленасці на 100 млн долараў, кіраўнік тэлеканала «Беларусь-1» Іван Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў» заявіў, што гэтыя дамоўленасці з Іранам пакрываюць Беларусі страчаныя эканамічныя сувязі з ЕС і ЗША.

«Ну прывітанне можна перадаць Захаду, які ўвёў супраць нас санкцыі. Мы да гэтага пра Кітай казалі. Цяпер пра Іран. Вось такая інфармацыя: летась тавараабарот перавысіў 100 млн долараў. Але гэта трохразовы рост у параўнанні з 2021 годам. Вы зараз разумееце куды сыходзяць нашыя тавары калі вы не хочаце іх купляць і дзе мы купляем прадукцыю, калі вы нам не хочаце прадаваць».

Насамрэч тавараабарот з Іранам апошнія гады быў вельмі нізкім – каля 30 млн даляраў, таму ў прынцыпе не складана было яго нарасціць у тры разы. Калі ўсе дамоўленасці Лукашэнкі рэалізуюцца, ён вырасце да двухсот млн. долараў. Але наколькі гэта можна назваць кампенсацыяй заходніх сувязяў - вялікае пытанне. Таму што тавараабарот з ЗША ў 2021 годзе дасягаў больш за 1 млрд., а з ЕС - 16 млрд. долараў.

Прамыя страты ад спынення паставак у Еўропу міністр эканомікі Беларусі ў мінулым годзе ацаніў у 6 млрд, 5 з якіх, паводле яго слоў, кампенсавалі Расія і Кітай. На гэтым фоне дамоўленасці на 100 млн. надвор'я не робяць.

Пра вялікія пэрспэктывы беларуска-іранскіх узаемадачыненьняў гаварылі і на СТВ. Вось што заявіў ягоны былы кіраўнік, а цяпер галоўны рэдактар газэты «Мінскі кур'ер» Кірыл Казакоў.

«Нашы людзі пытаюцца: а чым для нас гэта, вось зараз памацаць, што мы… Я, праўда, кажу, што ў нас з Іранам былі добрыя адносіны і мы можам узгадаць тыя ж аўтамабілі “Саманд”, якія збіраліся пад Мінскам. Гэта быў адзін з вынікаў перамоваў, якія былі ў сярэдзіне нулявых гадоў. Будаўніцтва некаторых будынкаў, у тым ліку і на праспектах, кампаніяй Kayson. Вельмі вядомая будаўнічая кампанія ў Іране».   

Аднак, Казакоў забыўся сказаць, чым скончыліся тыя добрыя ўзаемаадносіны з Іранам. Зборачную вытворчасць аўтамабіляў «Саманд» на заводзе «Юнісон» запускалі ў 2006 годзе і тады замахваліся на выпуск 60 тысяч аўтамабіляў у год. Але праз 7 гадоў - да 2013 года праект памёр, а «Саманды» так і не заваявалі вялікай любові аўтамабілістаў. 

Сумна вядомы і праект будаўнічай кампаніі «Кейсан». Хоць, пад Мінскам гэтая кампанія ўсё ж запусціла лагістычны цэнтр «Прылессе», але ўсе мінчане ведаюць ГЦ «Магніт Мінска» каля Нацыянальнай бібліятэкі, які стаіць недабудаваны з 2009 года. Яго выстаўлялі на аўкцыён, але жадаючых яго купіць так і не знайшлося, таму зараз яго вымушана дабудоўваць дзяржава

Увогуле, бэкграўнд у беларуска-іранскіх узаемаадносін не самы пазітыўны, а іх значнасць Кірыл Казакоў і Іван Эйсмант моцна перабольшылі.

Біл Гейтс прызнаў небяспеку вакцын

Біл Гейтс не губляе сваёй папулярнасці ў прыхільнікаў тэорыі змовы. Рыгор Азаронак, як і некаторыя расійскія блогеры, запосціў навіну аб тым, што заснавальнік Microsoft прызнаў небяспеку вакцын.

«Біл Гейтс: “Мы здзейснілі жудасную памылку. Мы хацелі абараніць людзей ад небяспечнага віруса. Але аказваецца, вірус значна менш небяспечны, чым мы думалі. А вакцына значна больш небяспечная, чым хто-небудзь мог сабе ўявіць”. 

Дзе ўсе тыя, хто гарлапаніў пра тое, што ўсіх пагалоўна і прымусова ў нас трэба вакцынаваць?»

Відэа выкладзена без перакладу. Але мы яго перавялі:

«І толькі на пачатку лютага, калі я быў на сустрэчы, эксперты фонду сказалі, што няма магчымасці, што было зашмат падарожжаў без дыягназу, каб мы маглі стрымаць гэта. Тады мы не вельмі разумелі, што гэта даволі нізкі ўзровень смяротнасці і гэта захворванне ў асноўным пажылых людзей, накшталт грыпу, хоць крыху адрозніваецца ад яго. Так што гэта быў даволі страшны перыяд, калі свет, у тым ліку Амерыку, не стаў біць трывогу так хутка, як гэта было неабходна».

Як бачыце, у гэтым відэа Гейтс нічога не гаворыць пра бяспеку віруса і небяспеку вакцын. Верагодна, фэйк разлічаны на тых, хто не ведае англійскай. Хаця тое, што Гейтс ні разу не прамаўляе словы вакцына, зразумела і без перакладу. 

Гэтае інтэрв'ю выйшла ў свет яшчэ ў траўні 2022 года і прысвечана выхаду яго кнігі «Як прадухіліць наступную пандэмію». У ім Гейтс сярод іншага падтрымаў нашэнне масак і вакцынацыю. 

«Калі вы атрымліваеце лакальныя ўспышкі, якія, як вы ведаеце, будуць восенню, вельмі дапамагае вельмі высокі ўзровень вакцынацыі і ў пэўных умовах нашэнне маскі».

Мікраэлектроніка Беларусі тэхналагічна не адстала ад сусветнай

Пасля таго, як тэма імпартазамяшчэння набыла новую актуальнасць на фоне ўвядзення заходніх санкцый супраць Расіі і Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заклапаціўся ўзроўнем айчыннай мікраэлектронікі. Але пасля правядзення нарады на гэтую тэму, ён застаўся задаволены яе станам.

«Па мікраэлектроніцы яны проста малайцы, яны ні ў чым не адсталі. Вось Пуцін мне кажа, ты ведаеш, 7 нанаметраў і іншае, і калі па электроніцы мы размаўлялі, патэлефанаваў яму ўвечары, кажу "ў нас ёсць усё, для таго, каб лёталі самалёты, перасоўваліся танкі і ў космас запускаць ракеты"». 

Мы зацікавіліся, якімі ж тэхналогіямі ў мікраэлектроніцы валодае Беларусь. Вось што ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ заявіў прадстаўнік «Інтэграла».

«Мы працуем з памерамі 350-600 нанаметраў, што ў 150-250 разоў танчэй чалавечага воласа». 

Паўправаднікі 600 нанаметраў і 350 нанаметраў лічыліся прарыўнымі ў сярэдзіне 90-ых. Каб было больш зразумела, на чыпах 350 нанаметраў пабудаваны, да прыкладу, працэсары «Пентыум Пра», якія кампанія «Інтэл» выпусціла ў 1995 годзе. З таго часу прайшло амаль 30 гадоў.

Вядома, такія чыпы патрэбны і зараз для параўнальна простага абсталявання. Аднак сусветныя лідэры ў вобласці паўправаднікоў ужо заклапочаныя вытворчасцю 3-х нанаметровых чыпаў. І больш за 70% паўправаднікоў у свеце зараз выпускаецца памерам меншым за 180 нанаметраў. А менш за 350 нанаметраў - і таго больш. 

Гэта сведчыць аб тым, што чыпы 90-ых гадоў, якія выпускае Беларусь, ужо мала запатрабаваны ў свеце. Так што сцвярджэнне Аляксандра Лукашэнкі, што "Інтэграл" ні ў чым не адстаў - няпраўда.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч
Антыфэйк / фактчэк

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч

Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам.

09 снежня 2024 Чытаць