Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Выйсця няма»: на Беларускім радыё распавялі фэйк пра вечнае чалецтва ў СНД

У статуце Садружнасці прапісана, як адбываецца выключэнне з арганізацыі.

Працэдуры выхаду з СНД не існуе, падзялілася гэтым, на яе думку, малавядомым фактам загадчыца кафедры менеджменту, тэхналогіяў бізнесу і ўстойлівага развіцця БДТУ Ірына Новікава. То бок, калі краіна ўвайшла ў садружнасць, застанецца там назаўжды. Каманда Weekly Top Fake знайшла выйсце і тых, хто ім скарыстаўся.

У праграме «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё 13 кастрычніка 2025 года абмеркавалі эканамічныя адносіны паміж краінамі — чальцамі СНД. Падчас эфіру сувядоўца Алена Швайко зачытала пытанне ад гледача, адрасаванае госці студыі, якая кіруе кафедрай менеджменту, тэхналогіяў бізнесу і ўстойлівага развіцця Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту Ірыне Новікавай: «Грузія не ў складзе СНД, пытанне: але мы ж з ёй гандлюем?» 

— Не, чаму, яна ўваходзіць! … Значыць, расказваю — людзі не разумеюць. Нават Малдавія, нават Украіна, — адказала Новікава.

— Але Украіна выйшла, нібыта, — запярэчыла вядоўца.

— Не, я хачу... Яна можа напісаць заяву пра выхад. Працэдуры выхаду не было, разумееце? І таму, вось, калі вось гэтыя... Нехта прыйдзе і скажа: «Я выходжу». Хлопец, ты можаш што хочаш планаваць, працэдуры няма выхаду, — растлумачыла госця праграмы.

То бок, Ірына Новікава заявіла, што выйсці з СНД немагчыма. Каманда WTF высветліла, што гэта няпраўда. У статуце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прапісана, што для выхаду з арганізацыі ўдзельнік павінен паведаміць пра сваё рашэнне за 12 месяцаў. Гэтак зрабіла Грузія: у жніўні 2008 года яна падала заяву пра выхад і праз год афіцыйна пакінула СНД. Рашэнне пра выключэнне прыняла Рада міністраў замежных спраў арганізацыі і паведаміла пра гэта на сайце самой Садружнасці.

Што да Украіны: яна сапраўды не выйшла з СНД. Але не таму, што гэта немагчыма, а таму што, як сцвярджаюць афіцыйныя асобы краіны, фармальна яна і не была паўнапраўным чальцом садружнасці. Кіеў браў удзел у стварэнні СНД, падпісаўшы пагадненне пра яе ўтварэнне ў 1991 год. Але статут СНД ён не падпісаў і не ратыфікаваў. То бок украінскі бок сцвярджае, што юрыдычна не быў звязаны абавязаннямі статута і не павінен быў праходзіць працэдуру афіцыйнага выхаду. Хоць на сайце СНД Украіна паказана як удзельніца арганізацыі. На практыцы ж Кіеў з 2014 года перастаў браць удзел у паседжаннях большасці органаў СНД, а ў 2018 годзе прыняў рашэнне не браць удзел у яго структурах і дагэтуль паэтапна выходзіць з падпісаных у межах Садружнасці пагадненняў. 

Малдова, якую Новікава назвала цяпер неіснуючай савецкай назвай «Малдавія», па-ранейшаму застаецца чальцом СНД, але паступова згортвае ўдзел у яе працы. У 2023 годзе Кішынэў абвясціў, што больш не будзе плаціць чалецкія ўзносы ў структуры Садружнасці. У 2025 годзе Малдова выходзіць з большасці пагадненняў, складзеных у межах СНД, пакідаючы толькі тыя, якія тычацца сацыяльных, эканамічных і гуманітарных пытанняў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць