Антыфэйк / фактчэк 09 лістапада 2022

Фэйкі тыдня: Кіраўнік ОНТ не можа знайсці ў Аўстрыі прамысловасць. Давайце яму дапаможам

Аўстрыя вырабляе ўзбраенне, мае свае спадарожнікі ў космасе і нават пабудавала АЭС

Беларусь прымушалі адмовіцца ад уласнай прамысловай вытворчасці, каб яна была залежнай, як іншыя краіны Еўропы. Але мы выдужалі, пабудавалі АЭС, паляцелі ў космас і вось-вось выпусцім вакцыны. І пераплюнулі ў гэтым нават Аўстрыю! Гэта была кароткая гісторыя развіцця беларускай прамысловасці ў пераказванні кіраўніка ОНТ Марата Маркава. Вось, што ён сказаў:

«Мы ў прынцыпе сёння можам ганарыцца гэтымі рэчамі. Для краіны з насельніцтвам 10 млн. чалавек… Ну давайце, Аўстрыя, аналагічная краіна. І давайце проста назавем, хто з вас ведае аналагічныя вытворчасці ў Аўстрыі. Хто з вас назаве гэтыя вось рэчы?»

Для даведкі Аўстрыя вырабляе ўзбраенне, мае свае спадарожнікі ў космасе і нават пабудавала АЭС. ВУП на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасці прыкладна ў 3 разы вышэй, чым у Беларусі.

У Аўстрыі на прамысловасць прыпадае 26% ад ВУП. У Беларусі – 32%. Але, калі зірнуць на рэйтынг канкурэнтаздольнасці прамысловасці, то Аўстрыя ў гэтым рэйтынгу знаходзіцца на 14-м месцы, а Беларусь – толькі на 46-м.

Многія вядомыя аўстрыйскія вытворцы (кампанія Rauch, якая робіць сокі «Хэпі дэй» і напоі «Рэд бул», напрыклад, або вытворца крышталяў Свароўскі) – гэта кампаніі з мільярднымі абаротамі.

У рэйтынгу лідэраў таксама менш вядомыя, але не менш паспяховыя вытворцы кардона і паперы, паўправадніковых тэхналогій, сталеліцейная вытворчасць з абаротам у 15 млрд еўра, на якім працуе 50 тысяч чалавек.

Яшчэ для параўнання: у Аўстрыі ёсць і ўласны вытворца сельгастэхнікі Pöttinger, ён прадае сваю прадукцыю на 500 млн еўра за год, пры гэтым там працуе ўсяго 2 тысячы супрацоўнікаў. А ў нашага Гомсельмаша працуе ажно 7 тысяч супрацоўнікаў, але абарот завода — у два разы меншы, чым у аўстрыйцаў.

У Беларусі больш гуманна ставяцца да зняволеных, чым у Еўропе

Беларусь так гуманна ставіцца да зняволеных, што Еўропе варта было б павучыцца ў яе гэтаму. Гэта заявіў дэпутат парламента Сяргей Клішэвіч у эфіры «Беларусь-1». Размова ішла аб прыняцці закона аб амністыі ў гонар Дня народнага адзінства.

«Гэта нашая нацыянальная традыцыя гуманізму. Дарэчы, закладзеная ў перыяд Савецкага саюза. Ні ў адной еўрапейскай дзяржаве такіх традыцый няма. Там у некаторых краінах, такія як у ЗША, людзі сядзяць не ведаюць ні па якіх артыкулах, ні колькі ім там далечы. Ніхто там не турбуе, ні адукацыя іхняя, ні медыцына, ні чаго іншага. У іх адно пытанне — змяншэнне затрат на ўтрыманне зняволеных у сябе ў гэтых турмах. У нас натуральна зусім іншы падыход». 

Гэта не праўда. У той жа Францыі была штогадовая традыцыя масавай амністыі зняволеных на Дзень узяцця Бастыліі. Яна існавала з 1958 года, пакуль яе не адмяніў у 2007 годзе прэзідэнт Нікаля Сарказі. Цяпер там амністуюць толькі ў парадку выключэння і індывідуальна. Цяпер там амністуюць індывідуальна.

Цяпер масавыя амністыі і памілаванні ў Еўропе сапраўды рэдкасць — іх замяняюць звычайнымі працэдурамі датэрміновага або ўмоўна-датэрміновага вызвалення.

Так што сцвярджэнне, што гуманізм еўрапейцам чужы — гэта не праўда. Узяць хоць бы каранавірус. Каб прадухіліць яго распаўсюд, у 2020 годзе ў многіх краінах зняволеных або вызвалялі датэрмінова або пераводзілі пад хатні арышт, а новым асуджаным прадастаўлялі адтэрміноўку.

Толькі з сакавіка па верасень 2020 года ў Еўропе вызвалілі каля 143 тысяч зняволеных, больш за ўсё ў Турцыі — 114 тысяч, у Францыі стала на 13,5 тысяч зняволеных менш. 

А ў Беларусі ў 2020 годзе каранавіруса нібыта не было, праўда, амністыя была. У гонар 75-годдзя вызвалення ад фашызму на волю выйшлі 2,5 тысячы чалавек, яшчэ больш за 4 тысячы атрымалі скарачэнні тэрмінаў зняволення.

Але самае галоўнае, што трэба ведаць пра беларускі гуманізм, гэта вось што. Калі палічыць, колькі ў краіне даводзіцца зняволеных на 100 тысяч насельніцтва, то ў Польшчы іх 190, у Літве — 184, у Італіі і Аўстрыя — 91, у Фінляндыі — 50. А ў Беларусі гэты паказчык складае ажно 345 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.

Пры гэтым для аб'ектыўнасці варта сказаць, што ў ЗША на 100 тысяч насельніцтва сядзяць прыкладна ўдвая больш зняволеных, чым у Беларусі. Але мы зараз не будзем паглыбляцца ў культурныя тонкасці і ўмовы зняволення ў Амерыцы і Беларусі, паколькі Клішэвіч казаў менавіта пра Еўропу.

Украінцы вінавацяць у блэкаўтах Зяленскага, а не Расею

Расейскія і беларускія СМІ сцвярджаюць, што ўкраінцы, якія зараз сядзяць без электрычнасці пасля бамбёжак Расіі, вінавацяць у гэтым Уладзіміра Зяленскага, а не Расію. І патрабуюць ягонай адстаўкі. У прыватнасці, пра гэта пісаў беларускі тэлеграм-канал "ЖС Premium".

«У Twitter украінцы запусцілі флэшмоб з хэштэгам #LightOnZelenskyyOff. Так яны пратэстуюць супраць палітыкі Зяленскага і заклікаюць пакінуць ім сьвятло ўключаным. Банкавай лепш капітуляваць перад Расеяй». 

У доказ тэлеграм-канал апублікаваў скрыны твітаў пратэстуючых у сетцы ўкраінцаў, у якіх яны выкладваюць свае фота з выключальнікамі. 

Аднак, у рэчаіснасці аказалася, што два акаўнты, якія паказваюць «Жоўтыя Слівы», зарэгістраваны ў Твітары ў красавіку 2022 года, і за ўвесь гэты час адзіныя ўласныя допісы, якія апублікавалі гэтыя акаўнты, гэта вось гэты нібыта ўкраінскі флэшмоб супраць Зяленскага, з хэштэгамі «Уходя уходи» і «Переходжу на світлий бік».

У астатніх удзельнікаў гэтага флэшмобу твіт пад хэштэгам пра дрэннага Зяленскага ў многіх увогуле першы і адзіны. Напрыклад, вось і вось

Характэрна таксама, што гэтыя акаўнты зарэгістраваліся ў сацыяльнай сетцы літаральна пару месяцаў таму.

Сярод іх бываюць і старыя акаўнты - па 6 гадоў у твітэры. Але за ўвесь гэты час у акаўнце нібыта жыхара Адэсы заклік падтрымаць флэшмоб - толькі другі твіт. 

Некаторыя людзі, якія пісалі твіты пад гэтым хэштэгам і нібыта ўдзельнічалі ў флэшмобе, аказаліся жартаўнікамі, якія падхапілі яго дзеля сцёбу. 

Вось, напрыклад, карыстач сам напісаў у каментарах, што ён такім чынам пажартаваў, а яго гумар не зразумелі.

Увогуле, нам так і не ўдалося знайсці ў Твітары рэальныя жывыя акаўнты тых, хто б шчыра падтрымаў флэшмоб. Падобна, што ўся гэтая гісторыя - падробка ў выкананні робатаў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць