Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«Кацюшын разлік» разышоўся з рэчаіснасцю. Вядоўца News.by некарэктна параўнала багацце беларусаў і еўрапейцаў
Кацярына Ціхамірава распавяла пра высокую пакупніцкую здольнасць беларусаў.
Пакупніцкая здольнасць беларусаў вышэй, чым у жыхароў Літвы, Латвіі і некаторых іншых еўрапейскіх краін, распавяла ў праграме «Кацюшын разлік» вядоўца Кацярына Ціхамірава. Мы высветлілі, што паказнік, на які яна спаслалася, не адлюстроўвае дабрабыт насельніцтва.
Наколькі Беларусь па парытэце пакупніцкай здольнасці апераджае шмат якія краіны Еўропы, вядоўца Кацярына Ціхамірава згадала 27 кастрычніка 2025 года ў перадачы «Кацюшын разлік» на Першым інфармацыйным канале. Сюжэт назвалі «Не да тлушчу».
«Наш радок у Еўропе — 23-і. Польшча тут займае 7 месца, Літва — 28-е, а Латвія — 31-е. Іншымі словамі, пакупніцкая здольнасць беларусаў у параўнанні з жыхарамі квітнеючых барэлеўскіх садоў (назва з'явілася пасля параўнання іспанскім палітыкам Жазэпам Барэлем Еўропы з квітнеючым садам — рэд.) значна вышэй — і ў два, і ў тры разы».
Паводле дадзеных Міжнароднага валютнага фонду, Беларусь сапраўды займае 23-е месца ў Еўропе па ВУП з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці. У 2025 годзе аб'ём беларускай эканомікі па гэтым паказніку склаў звыш $311 млрд. Гэта амаль удвая больш, чым у Літвы, і ўтрая — чым у Латвіі.
Аднак гэты паказнік адлюстроўвае агульны аб'ём эканомікі, а не ўзровень дабрабыту грамадзянаў. ВУП з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці паказвае, колькі тавараў і паслуг вырабляе краіна з папраўкай на адрозненні ў цэнах. І, найчасцей, чым больш краіна і яе насельніцтва, тым вышэй паказнік. Гэтым тлумачыцца першае месца Расеі ў гэтым рэйтынгу і нізкія пазіцыі Літвы і Латвіі.
Каб больш аб'ектыўна ацаніць пакупніцкую здольнасць грамадзянаў, выкарыстоўваюць паказнік ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва. І тут Беларусь на 37 месцы з $34 тыс. на чалавека ў год. На першым месцы — Ліхтэнштэйн. Расея — на 29-м, то бок вышэй за Беларусь. На еўрапейскім кантыненце паказнік горш толькі ў Сербіі, Паўночнай Македоніі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Косава і Украіны з Малдовай.