Беларускія дэмсілы прэзентавалі пашпарт «Новай Беларусі» і з 26 студзеня 2025 года пачалі прымаць перадзамовы на яго. Абмяркоўваючы гэту тэму з дэпутатам Алегам Гайдукевічам у стрыме «Азаронак. Наўпрост» 28 студзеня 2025 года, Рыгор Азаронак заявіў, што кампанію, якая надрукавала дакумент, злавілі на карупцыі:
«Самае смешнае: друкарню, дзе яны гэта друкавалі, цяпер зачыняюць за карупцыю».
Імаверна, гаворка ідзе пра літоўскую кампанію Garsu Pasaulis, якую Офіс Святланы Ціханоўскай першапачаткова выбраў у якасці партнёра для друку пашпарта «Новай Беларусі». Яна стала фігурантам скандалу, які разгарэўся пасля публікацыі пад канец траўня 2024 года расследавання БРЦ і літоўскага выдання 15min.lt «Пашпарт “Новай Беларусі” і стары “гаманец” Лукашэнкі. Як кампанія-распрацоўшчык дакументу звязана з Віктарам Шаўцовым». Але прычына скандалу — не карупцыя.
Журналісты-расследавальнікі БРЦ высветлілі, што Garsu Pasaulis звязана з беларускім бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым, якога медыі называлі «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Гэту інфармацыю пераправерылі літоўскія ўлады, пасля чаго Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі прызнаў Garsu Pasaulis нядобранадзейнай. З ёй разарвалі кантракт на выраб літоўскіх пашпартоў і акцызных марак, паведаміў у верасні мінулага года МУС Літвы. Кампанія заявіла, што аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе. Дырэктар Беларускага пашпартнага цэнтру Марус Гудзелайціс, які на момант публікацыі надглядае праект пашпарта «Новай Беларусі», паведаміў, што Офіс Святланы Ціханоўскай таксама адмовіўся ад паслуг кампаніі.
Garsu Pasaulis з 2017 па 2021 гады трапляла ў карупцыйныя разборы ў Кыргызстане, Зімбабвэ і Малдове. Аднак падзеі мінулага года з імі не звязаныя, кампанія працягвала працаваць у Літве.
Зачыняецца Garsu Pasaulis ці не — на момант публікацыі нам не вядома.