У Беларусі з 1 лютага 2025 года ў сярэднім на 10% выраслі пенсіі — да прыкладна 930 рублёў або €260. На фоне гэтай навіны інфармацыйнае агенцтва БелТА 7 лютага паказала інтэрв'ю з латвійскім грамадзянінам Раманам Самулем, які збег у Беларусь з палітычных прычын (у 2023 годзе пракуратура Латвіі выставіла яму абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расеі). Ён распавёў, як дорага латвійскім пенсіянерам абыходзіцца грамадскі транспарт:
«Я ўжо не кажу пра тое, колькі ў нас каштуе грамадскі транспарт. І што датацыі для тых жа самых пенсіянераў ужо, у прынцыпе, не падтрымліваюцца, і яны плацяць па поўнай праграме за той самы транспарт. Самі разумееце, часам бабулі трэба з'ездзіць па пенсію, таму што яна не ўмее інтэрнэт-банкам карыстацца, і на пошце хаця б атрымаць тыя самыя грошы».
Грамадскі транспарт у Латвіі сапраўды даражэйшы, чым у Беларусі. Да прыкладу, у Рызе білет на 90 хвілін каштуе €1,5. Аднак рыжскія пенсіянеры за яго не плацяць.
Пенсіянеры па ўзросце, зарэгістраваныя ў горадзе, карыстаюцца грамадскім транспартам бясплатна.
Згодна з правіламі Рыжскай думы, акрамя пенсіянераў бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце сталіцы могуць школьнікі, людзі з інваліднасцю, рэпрэсаваныя і ўдзельнікі нацыянальнага супраціву, ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама грамадзяне Украіны, якія не могуць вярнуцца дадому праз вайну. Педагогі і тэхнічныя работнікі навучальных устаноў, медычны персанал, выхавальнікі і няні плацяць за праезд паўкошту. Такую ж зніжку маюць пенсіянеры, якія працуюць, калі набываюць месячны праязны.
Ільготы на праезд у грамадскім транспарце для пенсіянераў прадугледжаныя і ў іншых латвійскіх гарадах. Напрыклад, у Даўгаўпілсе — 50%, а ў Рэзекне — 100%.
У Беларусі пенсіянеры аплочваюць поўны кошт праезду. Старшыня Менгарсавету Арцём Цуран на сустрэчы з насельніцтвам патлумачыў, што беларусы і так аплочваюць толькі траціну ад сабекошту паездкі ў грамадскім транспарце.
Гэта не першы фэйк аўтарства Рамана Самуля, які развянчала каманда WTF. У пачатку 2025 года ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» ён распавёў, што латвійцы заводзяць дзяцей каля 40-50 гадоў, таму што ў Латвіі жыць горш, чым у Беларусі.