Еўрапарламент 22 траўня 2025 года ўхваліў падвышэнне пошлін на ўвоз беларускай сельгаспрадукцыі на тэрыторыю Еўразвязу. У гэты ж дзень тэму санкцыйнага ціску на Беларусь карэспандэнт Андрэй Сыч абмеркаваў з госцем праграмы «Актуальнае інтэрв'ю» на канале News.by Станісловасам Томасам, якога прадставілі як праваабаронцу і доктара навук Сарбоны.
— Яны, мабыць, з'яўляюцца незаконнымі, таму што толькі ААН можа ўзгадніць увядзенне санкцый? — спытаў Андрэй Сыч.
— Вядома, вядома, вядома. Транзіт беларускіх прадуктаў — гэта, безумоўна, адна з абласцей, дзе ёсць магчымасць звароту ў міжнародны суд у Гаазе, — адказаў суразмоўца.
Статут ААН не забараняе асобным краінам ці звязам краін уводзіць уласныя санкцыі. У афіцыйным дакуменце Рады ЕЗ ад 2024 года, які рэгулюе ўвядзенне санкцый, гаворыцца, што, калі Рада бяспекі ААН уводзіць якія-небудзь абмежаванні супраць нейкай краіны, то Еўразвяз абавязаны іх выконваць. У той жа час у трэцім пункце прапісана права ЕЗ весці ўласную санкцыйную палітыку.
Гэта так званыя аўтаномныя санкцыі, якія Еўразвяз можа выкарыстаць, калі бачыць у нейкай краіне тэрарыстычную ці вайсковую пагрозу. Або, жадае аказаць ціск за парушэнні правоў чалавека, падрыў вяршэнства права і гэтак далей.
Літовец Станісловас Томас, які выступіў у якасці эксперта, — герой матэрыялу БРЦ пра прасоўванне ў ААН наратыву аб тым, што зняцце санкцый з Беларусі выратуе Афрыку ад голаду. У Літве яго пазбавілі статусу памочніка адваката праз грубыя этычныя парушэнні. У 2016 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека назаўжды забараніў яму прадстаўляць інтарэсы заяўнікаў, пасля чаго ён стаў частым госцем на беларускім тэлебачанні і папрасіў у нашай краіне палітычны прытулак.