Антыфэйк / фактчэк

25 лютага 2022

Фэйкі тыдня: як Лукашэнка хлусіў аб вайне ва Украіне, пра вучэнні Беларусі і Расеі і аб сваіх «прэзідэнцкіх» тэрмінах

Аляксандр Лукашэнка не раз сцвярджаў, што Расея не збіраецца нападаць на Украіну. За распусканне «чутак»пра гэта нават сароміў замежныя спецслужбы

Аляксандр Лукашэнка не раз сцвярджаў, што Расея не збіраецца нападаць на Украіну. За распусканне «чутак»пра гэта нават сароміў замежныя спецслужбы.

«Ніхто ў Расеі не збіраецца нападаць на Украіну», – словы Лукашэнкі ад 06.12.2021 г.

«Вы абвінавачвалі Расею і Беларусь у тым, што мы ўварвёмся (учора ўварвёмся) у Украіну. Не ўварваліся. Значыць, ваша разведка і мільярды долараў, якія вы на яе марнуеце, нікчэмныя. Прызнайце хоць бы гэта», – казаў Лукашэнка замежным журналістам ужо 17.02.2022 г.

Але, як ужо вядома, усе словы Лукашэнкі апынуліся хлуснёй. Замежная выведка памылілася ўсяго на некалькі дзён. Вайну супраць Украіны Расея пачала 24 лютага (войскі РФ увайшлі ва Украіну ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі).

Беларусь і Расея абяцалі вывесці войскі з тэрыторыі РБ адразу пасля заканчэння вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022». Яны завяршыліся 20-га лютага. Пра тое, што расейскія вайскоўцы не застануцца на беларускай зямлі, з упэўненасцю заяўляў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

«Ні аднаго вайскоўца, ні адной адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў», – заявіў Макей.

27 студзеня казаў пра гэта і першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч.

«Звяртаю вашу ўвагу, што пасля заканчэння праверкі воінскія часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, што адбывалася пасля ўсіх папярэдніх вучэнняў», – заяўляў Гулевіч.

8 лютага ў гэтым жа пераконваў расейскіх журналістаў і прэс-сакратар прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў.

«Ніхто ніколі і не казаў, што расейскія войскі будуць заставацца на тэрыторыі Беларусі, пра гэта гаворкі не ішло», – заявіў Пяскоў.

Праўда, ён удакладніў, што дакладная дата іх вяртання не называлася. А вось сам Лукашэнка 14 лютага адказаў на гэтае пытанне даволі ўнікліва.

«Выведзем тады, Аляксандр Аляксандравіч, калі мы вырашым з прэзідэнтам Расеі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэнні», – сказаў Лукашэнка.

У выніку расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі так і не вывелі.

Беларускі саюз журналістаў абвінаваціў нямецкую газету TagesSpiegel у размяшчэнні фэйка. Дакладней, зрабіў гэта ў сваім Твітары рускамоўны журналіст у Германіі Аляксандр Сасноўскі, а БСЖ працытаваў яго.

І далей той самы Сасноўскі растлумачыў, што ж не так на той фатаграфіі:

«Сэнс у падмене. Пішуць аб магчымай агрэсіі Расеі, але паказваюць амерыканскі ваенны самалёт. Чытач будзе перакананы, што гэта і ёсць пацверджанне загалоўка. Далей усё роўна ніхто не чытае. Гэта псіхалагічны трук. Будзьце пільныя!»

Сасноўскі мяркуе, што цяпер праз гэта так званага псіхалагічнага трука з фота нямецкі чытач будзе думаць, што менавіта так выглядаюць баявыя самалёты Расеі. На яго думку, верагодна, трэба было размясціць фота – расейскі СУ-25. І, вядома, Беларускі саюз журналістаў не мог прайсці міма такога абуральнага падману.

Ну, а калі сур'ёзна, падобна на тое, што ў БСЖ публікацыю далей першага абзацу, сапраўды, не чыталі. Таму што ўжо ў другім сказе ўсё таго ж загалоўка гаворка ідзе пра ЗША і аб тым, што яны перакідваюць сваіх салдат у Польшчу. Фота амерыканскага ваеннага транспартнага самалёта, у гэтым выпадку, адпавядае зместу. Роўна як і загаловак. Аб прыбыцці расейскіх знішчальнікаў паведамляла і расейскае дзяржаўнае тэлебачанне.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Пры размове з журналістамі на саюзных вучэннях Лукашэнка раптам заявіў, што будзе вечным прэзідэнтам. І сказаў, што ніколі не называў тэрміну свайго сыходу з пасады.

«Я нідзе не казаў, калі я пайду, я гаварыў, пры якіх умовах», – заявіў Лукашэнка.

Мы вырашылі нагадаць, як змянялася рыторыка Лукашэнкі за апошнія паўтара года аб тэрмінах яго сыходу з пасады прэзідэнта.

«Вядома, я калісьці пайду. Ці праз год, ці праз два. Гэта залежыць ад вас», – казаў Лукашэнка 17 жніўня 2020 года, выступаючы перад супрацоўнікамі МЗКЦ.

У кастрычніку 2020 Юрый Васкрасенскі распавёў, што на сустрэчы ў СІЗА з прэтэндэнтамі на пасаду кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнка пакляўся, што гэта яго апошні прэзідэнцкі тэрмін.

«Дзеля Беларусі я вам пацвярджаю: Я больш не буду прэзідэнтам, гэта мой апошні тэрмін», – пераконваў Лукашэнка.

Але ў лістападзе 2020 года на сустрэчы з лекарамі Лукашэнка заявіў, што гэта адбудзецца пасля прыняцця Канстытуцыі: «У новай Канстытуцыі я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду».

Аднак у чэрвені 2021, калі Лукашэнка пачаў з рабочымі размову аб будаўніцтве дарогі Кобрын-Гомель, ён вырашыў ужо інакш: «Вось скончу гэтую дарогу і на пенсію пайду».

Для даведкі: заканчэнне рэканструкцыі гэтай дарогі запланавана на 2025 год.

Але праз пару месяцаў, у жніўні 2021 года Лукашэнка зноў абнадзеіў, што сыход можа адбыцца хутчэй.

«Не трэба гадаць калі сыдзе Лукашэнка і гэтак далей. Вельмі хутка», – заявіў Лукашэнка.

А цяпер, у лютым 2022 ён ужо і зусім не можа адказаць на гэтае пытанне самастойна.

«Што тычыцца майго прэзідэнцтва, то мы са старэйшым братам параімся і вырашым», – у чарговы раз ухіліўся ад адказу Лукашэнка.

Украіна абстраляла дзіцячы садок на тэрыторыі непрызнанай ЛНР 

Супрацоўніца холдынгу «СБ-Беларусь сегодня» Людміла Гладкая ва ўласным тэлеграм-канале запусціла фэйк аб тым, што Украіна абстраляла дзіцячы садок у так званай Луганскай народнай рэспубліцы. 

«Дзіцячы садок у Новай Кандрашоўцы (ЛНР). Сёння раніцай сюды прыляцеў снарад украінскіх баевікоў. Яшчэ крышку і ў сад ужо прыйшлі б дзеці». 

Гэта фэйк, распаўсюджаны тэлеграм-каналам «Рэспубліканскі Актыў», які публікуе навіны ЛНР і ДНР. 

Насамрэч, Новая Кандрашоўка - гэта частка пасёлка Станіца Луганская, які знаходзіцца пад кантролем Украіны, а не ЛНР. А страляў супрацьлеглы бок - гэта значыць як раз-ткі снарад прыляцеў з боку сіл так званай Луганскай народнай рэспублікі. І па паведамленнях выхавацеляў установы, дзеці ў момант абстрэлу ў дзіцячым садку былі.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Украіна адмовілася весці трохбаковыя перамовы 

Супрацоўнік СТВ Рыгор Азаронак абвінаваціў Украіну ў нежаданні весці трохбаковыя перамовы з расейскім бокам па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. І для большай дакладнасці спаслаўся на АБСЕ.

«Нават АБСЕ прызнала, мы не правядзем брыфінг, таму што Украіна не хоча, не хоча канструктыўна размаўляць».

Гаворка ідзе аб пасяджэнні Трохбаковай кантактнай групы, якое прапанавала правесці Украіна ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Данбасе. Паседжанне было прызначанае на 19 лютага. Напярэдадні Міністэрства замежных спраў так званай ДНР размясціла заяву, што лічыць «абсалютна бессэнсоўнай падтрымліваць украінскую мілітарыстычную піяр-кампанію, якая падаграваецца Захадам», і запатрабавала спыніць страляць. 

Заява АБСЕ з гэтай нагоды гучала так.

«На жаль, нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі ў канфлікце на ўсходзе Украіны, некаторыя ўдзельнікі звязвалі сваю прысутнасць з пэўнымі палітычнымі перадумовамі. У выніку сустрэча не адбылася.

Я шкадую аб гэтым, бо перакананы, што менавіта ў такой сітуацыі варта выкарыстоўваць любую магчымасць для разрадкі напружанасці і зніжэння рызыкі непажаданых наступстваў». 

Такім чынам, АБСЕ не заяўляла, што сустрэча не адбылася, бо гэтага не захацела Украіна. На дыялог не пайшла якраз ДНР.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі