Расследаванні 26 сакавіка 2025

Соль у мяшку. Прадукцыю «Беларуськалію» перайменавалі і прадаюць ЕЗ у абыход санкцыяў

Усе ўдзельнікі схемы дастаўкі тавару шчыльна звязаныя паміж сабой.

AI Сціслы пераказ

Расследаванне паказвае, як тэхнічная соль «Беларуськалія», які знаходзіцца пад санкцыямі, працягвае паступаць у ЕЗ, але пад іншай назвай — супрацьгалалёдны рэагент Norta. Асноўныя высновы:

  • Тры беларускія кампаніі — «Еўрапейскае аграрнае агенцтва», «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» — дапамагаюць абыходзіць санкцыі, прадаючы Norta
  • Хімічны аналіз паказаў, што Norta ідэнтычная тэхнічнай солі «Беларуськалія» (98,2% хларыду натрыю), без якой-небудзь дастатковай перапрацоўкі
  • Дакументы даводзяць наўпроставы ўдзел «Беларуськалія» ў вытворчасці і адгрузцы
  • Польская кампанія JP Company імпартавала гэты пераназваны прадукт, сцвярджаючы, што не ведае пра яго праўдзівае паходжанне

Схема зʼявілася пасля ўвядзення санкцый ЕЗ супраць «Беларуськалія» ў чэрвені 2022 года, калі экспарт солі абрынуўся з €21 млн у 2021 годзе да €6 млн у 2024 годзе. Расследаванне выявіла сетку ўзаемазвязаных кампаній і асобаў, што ўдзельнічаюць у гэтай схеме абыходу санкцый.

БРЦ правёў гэта расследаванне ў супрацы з «Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі» і пры падтрымцы «Кіберпартызан». Вынікі паказваюць, як санкцыйныя беларускія тавары па-ранейшаму трапляюць на рынкі ЕЗ шляхам «папяровай інжынерыі» – простага пераназвання прадуктаў без якіх-небудзь фактычных змен у іх складзе ці працэсе вытворчасці.

Юрый Хруль, Аляксандр Багачэнка, Дзмітрый Шаламіцкі
Крыніца: «Кіберпартызаны», «ВКонтакте» / Юрый Хруль, Аляксандр Багачэнка, Дзмітрый Шаламіцкі. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Беларускія кампаніі наладзілі вытворчасць і пастаўкі ў ЕЗ новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту Norta. БРЦ высветліў, што пад гэтай назвай хаваецца тэхнічная соль, якую да ўвядзення абмежаванняў Беларусь у вялікіх аб’ёмах экспартавала ў Еўразвяз. Яе рэальны вытворца — падсанкцыйны «Беларуськалій».

Расследаванне падрыхтаванае сумесна з «Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі» і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

«Я не вышукнік, як вы, ці яшчэ хтосьці. Я не езджу, не гляджу, хто і што там робіць. Ёсць тавар, ёсць фірма. Фірма не пад санкцыямі, тавар не пад санкцыямі. І я набываю гэты тавар. Усё... Няма такога заканадаўства, што я абавязаны дзесьці ездзіць, шукаць вытворчасць і яшчэ штосьці такое», — так уладальнік польскай кампаніі JP Company Юрый Хруль адказаў на пытанне журналіста БРЦ, ці ведае ён пра паходжанне тавару, які набывае ў Беларусі.

Закону, які абавязвае пакупніка правяраць паходжанне сыравіны і этапы вытворчасці тавару, сапраўды няма. Але мы, як выказаўся фігурант нашага расследавання, «вышукнікі», і з дапамогаю звестак з усяго аднаго дакументу выкрылі схему абыходу еўрапейскіх санкцыяў супраць буйнога беларускага прадпрыемства.

Невыпадковая метамарфоза

У Беларусі ў верасні 2022 года зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту для аўтамабільных дарог і тратуараў Norta (у розных дакументах сустракаецца напісанне NORT_A, NORT A). У іх прапісаныя нормы і правілы вытворчасці канкрэтнага тавару, якія распрацоўвае прадпрыемства, калі плануе яго выпускаць. Першым вытворцам Norta у дзяржаўным каталогу прадукцыі лічыцца ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва». Да траўня 2024-га з'явіліся яшчэ два — «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу».

Айчынны тавар зацікавіў пакупнікоў з Еўразвязу. Кампанія «Комплексныя ўгнаенні» ў сакавіку 2024 года павінна была паставіць 66 тонаў Norta польскай фірме JP Company. Гэта напісана ў сертыфікаце якасці, які БРЦ атрымаў ад крыніцы ў сферы грузаперавозак. Мы звярнулі ўвагу на код тавару, пазначаны ў дакуменце: хоць прадукт называецца «матэрыял супрацьгалалёдны», ягоная маркіроўка адпавядае хларыду натрыю. Доля ўтрымання гэтага рэчыва ў Norta — 98,2%. Такі ж склад у галіту або тэхнічнай солі, якую Беларусь гадамі экспартавала ў ЕЗ. [*]

Галіт, каменная або тэхнічная соль — гэта

мінеральны канцэнтрат з утрыманнем хларыду натрыю больш 90%. Здабываюць яго ў тым ліку як спадарожны прадукт падчас здабычы калію. У адрозненні ад паваранай, тэхнічная соль не прызначаная для ўжывання ў ежу. Галіт выкарыстоўваецца ў прамысловасці, для ачысткі вады, барацьбы з галалёдам і ў іншых мэтах.

У гэтым жа сертыфікаце якасці мы заўважылі дзве дэталі, якія паказваюць, што тэхнічная соль ператварылася ў супрацьгалалёдны матэрыял Norta не выпадкова.

Санкцыйны каталізатар

У дакуменце прапісаны адрас рэгістрацыі беларускай кампаніі-пастаўшчыка «Комплексныя ўгнаенні»: аграгарадок Рачэнь Менскай вобласці, вуліца Садовая, 54. У гэтым жа будынку зарэгістраванае ААТ «Рачэнь». Яно ўваходзіць у склад холдынгу «Беларускалій-Агра», якім кіруе «Беларускалій-Агра» — кіруючая кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра». Бенефіцыяр апошняга — дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуськалій». [*] [*] [*] [*]

Крыніца: kaliagro.by, крыніца ў сферы перавозак. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

ААТ «Беларуськалій» — найбуйнейшы ў краіне вытворца і экспарцёр тэхнічнай солі ў ЕЗ, больш за ўсё гэтага тавару набывае Польшча. Беларусь у 2021 годзе паставіла ў Еўразвяз харчовых і нехарчовых соляў больш чым на €21 млн. Каля €18 млн з іх прынёс галіт. У чэрвені 2022-га «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі ЕЗ і экспарт абрынуўся. За год Беларусь прадала тэхнічнай солі крыху больш чым на €9,5 млн. А ў 2024-м сума ад продажу аказалася яшчэ больш сціплай — каля €6 млн, €5 млн з якіх прыйшлося на галіт. [*] [*]

Санкцыі Еўразвязу павінныя былі спыніць экспарт прадукцыі «Беларуськалію» на ягоную тэрыторыю. Але нумар вагону, у якім перавозілі тавар кампаніі «Комплексныя ўгнаенні» для польскай фірмы JP Company, паказаў на непасрэднае дачыненне падсанкцыйнага прадпрыемства да вытворчасці і пастаўкі Norta. З дапамогай гэтай унікальнай паслядоўнасці з васьмі лічбаў у спецыяльнай базе можна даведацца, каму ён належыць. Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», вагонам валодае «Беларуськалій». І перавозілі ў ім, хутчэй за ўсё, прадукцыю беларускага калійнага прадпрыемства пад выглядам супрацьгалалёднага матэрыялу «Комплексных угнаенняў». [*]

Дзмітрый Шаламіцкі
Крыніца: «Кіберпартызаны», «Одноклассники» / Дзмітрый Шаламіцкі. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

«З верагоднасцю, якая імкнецца да 100%, гэта адзін і той жа мінерал. Ці дакладней, напэўна, будзе казаць, мінералагічная сыравіна. Аднолькавы ён, як з пункту гледжання пераліку магчымых дамешкаў, так і з пункту гледжання паказнікаў утрымання канцэнтрацыі тых самых дамешкаў. Ніякіх утылітарных маркёрных злучэнняў акрамя звычайнай солі, хларыду натрыю, тут у прынцыпе няма», — патлумачыў БРЦ хімік Сяргей Бесараб, якога мы папрасілі параўнаць хімічныя склады Norta і галіту «Беларуськалію».

Здавалася б, мы цалкам разблыталі гэтую схему абыходу санкцыяў. Але падчас тэлефоннай размовы з уласнікам прадпрыемства-пастаўшчыка Norta, раскрыліся новыя факты.

Звязаныя адной соллю

Кампаніяй «Комплексныя ўгнаенні» валодае Дзмітрый Шаламіцкі — экс-намеснік старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (яе лідар Аляксандр Хіжняк быў адным з кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-2025). Журналіст БРЦ пад выглядам патэнцыйнага пакупніка Norta звязаўся з ім праз тэлефон, каб распытаць, дзе фірма бярэ галіт. Шаламіцкі адказаў, што «Комплексныя ўгнаенні» займаюцца выключна ўгнаеннямі:

«Мы гэтым (вытворчасцю антыгалалёднага матэрыялу Norta — рэд.) не займаемся. Значыць, мы перадалі правы іншай кампаніі». [*]

Якой менавіта, суразмоўца не распавёў. Аднак мы знайшлі шчыльныя сувязі паміж «Комплекснымі ўгнаеннямі» і яшчэ дзвюма фірмамі, пра якія згадвалі ў пачатку расследавання. Кампанія Дзмітрыя Шаламіцкага да лютага 2024 года была адным з заснавальнікаў ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва». Прадстаўнік «Беларуськалію» пацвердзіў журналісту БРЦ, што апошняя набывае ў іх падсанкцыйную тэхнічную соль:

«Так. Яно («Еўрапейскае аграрнае агенцтва» — рэд.) з нашага галіту вырабляе “Норту” і самастойна яе рэалізуе». [*] [*]

Ані кампанію «Еўрапейскае аграрнае агенцтва», ані «Комплексныя ўгнаенні» нельга лічыць вытворцам супрацьгалалёднага рэагенту Norta.

Паводле беларускага заканадаўства, «вытворцам прадукцыі прызнаецца юрыдычная асоба альбо ІП», якія ў працэсе вытворчасці здзяйсняюць «вытворчыя і тэхналагічныя аперацыі» па перапрацоўванні або апрацоўванні матэрыялаў. Да прадукцыі ўласнай вытворчасці адносіцца прадукт, цалкам атрыманы вытворцам або падвергнуты ім дастатковай перапрацоўцы.

У працэсе атрымання супрацьгалалёднага матэрыялу з тэхнічнай солі «Беларуськалію», са словаў хіміка Сяргея Бесараба, ніякіх хімічных зменаў не адбываецца.

«У тэхнічных умовах звычайна пазначаюцца функцыянальныя дадаткі (напрыклад, супрацьзлёжвальны агент — рэд.). Іх тут (у тэхнічных умовах на вытворчасць Norta — рэд.) няма. Гэта ўсё тая ж звычайная тэхнічная соль. Таксама, калі ствараецца нейкая кампазіцыя рэчываў, то часцей за ўсё пад гэта пішацца асобная рэцэптура. І на яе ўжо робіцца спасылка ў тэхнічных умовах. У нашым выпадку пра рэцэптуру гаворка таксама не ідзе. А значыць няма значных зменаў складу той самай солі. <...> Гэта ўсё папяровая праца (маецца на ўвазе, што Norta — новы тавар толькі паводле дакументаў — рэд). Нейкія папяровыя махінацыі. Я не бачу ніякіх хімічных зменаў у прынцыпе». 

На момант выхаду матэрыялу «Еўрапейскім аграрным агенцтвам» валодаюць «Беларускалій-Агра» — кіруючая кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра» і эстонская фірма European Agricultural Agency. У эстонскай кампаніі ёсць доля беларускага бізнесоўцы Аляксандра Багачэнкі. [*]

Бізнес-партнёр Багачэнкі Юрый Хруль — сузаснавальнік польскай фірмы JP Company, той самай, якая ў атрыманым намі сертыфікаце якасці значыцца грузаатрымальнікам Norta. Аб тым, што Norta — гэта забаронены да ўвозу ў ЕЗ прадукт «Беларуськалію», уладальнік JP Company не ведаў. Прынамсі так ён сказаў у тэлефоннай размове з журналісткай БРЦ: «Ніякі галіт я не набываю. Я набываў супрацьгалалёдны матэрыял Norta». [*]

Аляксандр Багачэнка, Юрый Хруль
Крыніца: «Кіберпартызаны» / Аляксандр Багачэнка, Юрый Хруль. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

А так выглядаў дыялог паміж Юрыем Хрулём і журналісткай пасля ейнай заўвагі аб тым, што склады падсанкцыйнай тэхнічнай солі і супрацьгалалёднага матэрыялу не адрозніваюцца:

— Няпраўда, няпраўда, няпраўда. Вы вазьміце дадзеныя галіту і вазьміце дадзеныя Norta. Яны адрозніваюцца.

— Мы так і зрабілі.

— Яны адрозніваюцца.

— Не.

— Яны адрозніваюцца…

Хруль дадаў, што каб атрымаць Norta з галіту, яго апрацоўваюць, але не ўдакладніў, якім чынам. Скончылася гэтая размова абяцаннем адказаць на пытанні, якія мы даслалі ў афіцыйным запыце JP Company. На момант выхаду расследавання адказ не прыйшоў.

Трэці — не лішні

Галіт «Беларуськалію» ў Польшчу пастаўляе яшчэ адна кампанія — трэцяя з тых, што зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для выпуску Norta, — «Кампанія тэхнікі і сэрвісу». Толькі яна ў 2024-м вазіла мінеральны канцэнтрат для польскай JP Company. Паводле звестак «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», за год беларускі пастаўшчык адправіў 716 вагонаў тэхнічнай солі. Гэта каля 50 тыс. тонаў. Нягледзячы на тое, што ў транспартных дакументах тавар называецца тэхнічнай соллю, у кампаніі-пастаўшчыку яе называюць па-іншаму. [*]

«У нас галіту няма. У нас ёсць супрацьгалалёдны матэрыял Norta», — удакладніў прадстаўнік фірмы ў тэлефоннай размове з журналістам, які прадставіўся пакупніком з Польшчы.

Сузаснавальнік ТАА «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» — Павел Багачэнка, брат жонкі Аляксандра Багачэнкі (ён узяў прозвішча жонкі, уласная — Баран). У Паўла ёсць сумесны бізнес у Польшчы з сузаснавальнікам JP Company Юрыем Хрулём — кампанія JP PLUS. [*] [*] [*]

Мы паспрабавалі звязацца з Аляксандрам Багачэнкам, каб распытаць пра пастаўкі тэхнічнай солі «Беларуськалію» ў Польшчу, аднак ён не ўзяў слухаўку. На нашыя запыты «Беларуськалій», «Еўрапейскае аграрнае агенцтва», «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» не адказалі.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць