Па падліках БРЦ, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў ЕЗ праз Кыргызстан і Казахстан прынеслі сваім арганізатарам каля 30 мільёнаў еўра

  • У сакавіку 2022 года Еўразвяз увёў забарону на імпарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі пад кодам 44. Як толькі санкцыі пачалі дзейнічаць, экспарт з Казахстана ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстана – амаль у 18 тысяч разоў.
  • Кыргызстанскія фірмы з беларускімі каранямі наўпрост прапануюць пастаўляць у ЕЗ падсанкцыйную прадукцыю па фальшывых дакументах. БРЦ даведаўся аб 3 такіх кампаніях. Адна з іх мае намер вазіць пялеты ў Еўропу «вагонамі».
  • Польскі дылер драўніны «БЛК Трэйдынг» пасля ўвядзення санкцый працягвае наўпрост разлічвацца са сваім галаўным беларускім дзяржпрадпрыемствам. Пры гэтым кампанія сцвярджае, што будзе займацца пастаўкамі лесу з Казахстана.
  • Па падліках БРЦ, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў ЕЗ праз Кыргызстан і Казахстан прынеслі сваім арганізатарам каля 16 мільёнаў еўра. Гэтым бізнесам займаюцца ў тым ліку былыя беларускія чыноўнікі.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Siena (Літва), Kloop (Кыргызстан), Власть (Казахстан), Re:Baltica (Латвія), Fundacja Reporterów (Польшча).

Лес сякуць –  санкцыі ляцяць

У апошнія гады значную частку беларускага экспарту складалі пастаўкі драўніны. Паралельна з гэтым у краіне скарачаліся лясныя плошчы. Па ацэнцы Global Forest Watch, лясістасць Беларусі за апошнія 11 гадоў зменшылася на 11%. Пік высечкі прыпаў на 2016 год, калі ўпалі сусветныя кошты на нафту і Аляксандр Лукашэнка пачаў шукаць іншыя шляхі папаўнення бюджэту.

Ужо да 2020 года Беларусь выйшла на 9-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых пастаўшчыкоў драўніны і вырабаў з яе ў краіны ЕЗ. У 2021 сусветныя кошты на драўніну пачалі актыўна расці, а ўвесну і зусім дасягнулі рэкордных паказчыкаў. Па выніках года нашая краіна паставіла на экспарт драўніны і вырабаў з яе на $2,3 мільярда.

Дзве трэці гэтага экспарту ішлі ў ЕЗ пад мытным кодам 44.

Фото: літоўская мытня

У яго ўваходзяць пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пялеты і брыкеты. У Еўразвязе асноўнымі пакупнікамі гэтых тавараў беларускай вытворчасці былі Польшча, Літва, Латвія, Германия і Нідэрланды.

У сакавіку 2022 года ЕЗ увёў новы пакет санкцый супраць афіцыйнага Менска за падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну. Экспарт у Еўропу прадукцыі пад кодам 44 апынуўся пад поўнай забаронай. Рэгулятары далі пастаўшчыкам адтэрміноўку да 4 чэрвеня, каб яны маглі дапрадаць аб'ёмы, закантрактаваныя да аб'яўлення санкцый.

У выніку з чэрвеня 2022 года пастаўкі драўніны ў ЕЗ з Беларусі абваліліся больш чым у 30 разоў, што вынікае са звестак Еўрастату.

Імпарт ЕЗ тавараў з кодам 44 з Беларусі, даныя Еўрастата

Суаднесці іх з беларускай статыстыкай немагчыма: Белстат засакрэціў свае дадзеныя па экспарту, прычым не толькі ў ЕЗ, але і ў краіны СНД. БРЦ высветліў, навошта гэта магло спатрэбіцца.

Попыт нараджае прапанову

Забарона на імпарт беларускага лесу прывяла да дэфіцыту ў некаторых краінах ЕЗ. Менш чым праз тыдзень пасля пачатку дзеяння санкцый намеснік міністра навакольнага асяроддзя Літвы заявіў аб вострым недахопе драўніны ў краіне. Падобная сітуацыя склалася на імпартных рынках Эстоніі і Польшчы.

Польшча частку драўніны купляла праз фірму «БЛК Трэйдынг», абрэвіятура якой расшыфроўваецца як «Беларуская Лясная Кампанія». Яна зарэгістраваная ў Польшчы як прыватная юрыдычная асоба, але яе ўладальнік – беларускае дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мастоўдрэў».

«БЛК» пастаўляла ў Польшчу прадукцыю 9 беларускіх вытворцаў, а сярод яе кліентаў былі пастаўшчыкі IKEA, пра што БРЦ распавёў супрацоўнік трэйдару. Характэрна, што кампанія гандлявала выключна вырабамі пад санкцыйным кодам 44. У 2021 годзе аб'ёмы паставак дасягнулі прыкладна $34 мільёнаў, але сёлета павінны былі істотна знізіцца з-за санкцый. [*]

Каб праверыць гэта, БРЦ атрымаў дакументы ўзаемных разлікаў паміж «БЛК» і  «Мастоўдрэў» за 2022 год. На канец верасня трэйдар пералічыў свайму ўладальніку амаль $17 мільёнаў.

Гэта толькі ўдвая менш, чым за цэлы 2021 год. У «Мастоўдрэў» БРЦ патлумачылі, што не атрымліваюць ад «БЛК» грошы за прадукцыю, якая патрапіла пад санкцыі ЕЗ. Аднак на сайце польскага трэйдара пазначана, што яны гандлююць выключна таварамі пад забароненым кодам 44. У «Мастоўдрэў» адмовіліся каментаваць дадатковыя пытанні. Мы даслалі ім запыт і чакаем адказ. У «БЛК» нам паведамілі, што кампанія не правяла ніводнай пастаўкі і ніводнага плацяжу, якія б парушалі законы.

У верасні дырэктар аддзела продажаў «БЛК Трэйдынг» па Еўропе стварыў у Польшчы новую кампанію «3S Trading». Яна аформленая на яго асабіста і яго партнёра, але зарэгістраваная па тым жа адрасе, што і беларускі дзяржтрэйдар «БЛК». Профіль кампаніі –  таксама продаж драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва.

Пад выглядам польскага пастаўшчыка журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «БЛК Трэйдынг» і паспрабавалі купіць беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі. Менеджарка па продажах пацвердзіла: дрэва з Беларусі ў кампаніі сапраўды ёсць, але хутка скончыцца –  распрадаюць рэшткі на складах. Таксама яна ўдакладніла, што зараз фірма працуе з новымі пастаўшчыкамі з Украіны і з Казахстана.

Падобная сітуацыя і ў Літве. Да ўвядзення еўрапейскіх санкцый краіна была буйным пакупніком беларускай драўніны, а зараз актыўна імпартуе яе з Казахстана і Кыргызстана. Тэрыторыя першага ўсяго на 5% пакрыта дрэвамі, другога — амаль на 6%. Для параўнання, лясістасць Беларусі —  40%, па дадзеных Мінлясгаса.

Ствол у Кыргызстане, корань у Беларусі

БРЦ разглядзеў дадзеныя Еўрастату па імпарце прадукцыі з кодам 44. Як толькі санкцыі на беларускае дрэва ўступілі ў сілу, экспарт з Казахстана ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстана – амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.

У грошах гэта больш за 30 мільёнаў еўра на абедзве краіны.

Пры гэтым урад Казахстана забараніў вываз некаторых вырабаў з драўніны яшчэ ў снежні мінулага года, каб развіваць мясцовую дрэваапрацоўку. Гэтая забарона была працягнутая яшчэ двойчы: летам і зімой. Аналагічныя меры ўвялі і ўлады Кыргызстана.

Версія таго, якім чынам гэтыя краіны пастаўляюць лес у Еўропу, з'явілася ў БРЦ дзякуючы рассылцы, якая трапіла ў рэдакцыю. З яе вынікала, што прыватны беларускі цэнтр экспертыз «Стандарт якасці» прапануе паслугі па ўскосным рээкспарце тавараў з ЕЗ у Беларусь праз Кыргызстан.

Пад выглядам патэнцыйных кліентаў журналісты БРЦ даведаліся ў менеджара кампаніі, ці можна пайсці зваротным шляхам і перааформіць беларускі лес у кыргызстанскі для паставак у Еўропу.

Праз некалькі дзён «Стандарт якасці» прапанаваў супрацоўніцтва з фірмай «Сертыфікат КейДжы».

Гэтая кампанія дапамагае беларускім вытворцам піламатэрыялаў атрымліваць кыргызстанскія дакументы для сваёй прадукцыі і такім чынам праходзіць мытню ЕЗ.

БРЦ высветліў, што адзін з сузаснавальнікаў «Сертыфікат КейДжы» –  Алег Нарчук, былы супрацоўнік Дзяржстандарту.

Ён жа раней уваходзіў у лік саўладальнікаў фірмы «Стандарт якасці», якая і прапанавала паслугі па абыходзе санкцый.

Увосень гэтага года Алег Нарчук выступаў на вебінары Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і кан'юнктуры коштаў, асвятляючы тэму «Імпарт тавараў у Рэспубліку Беларусь ва ўмовах санкцый».

Акрамя «Сертыфікат КейДжы», Алег Нарчук быў звязаны яшчэ з некалькімі кампаніямі ў Кыргызстане: «КСК Альянс», «Выпрабавальны цэнтр КСК Альянс» і «КСК Торг». Нарчук адмаўляе, што гэтыя фірмы дапамагаюць абыходзіць санкцыі.

Вагон санкцыёнкі

Алег Нарчук апынуўся не адзіным прадпрымальнікам, які пачаў выбудоўваць бізнес-адносіны паміж Беларуссю і Кыргызстанам.

БРЦ знайшоў яшчэ тры фірмы, якія па фальшывых дакументах пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Еўропу, – «Агра Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт». Пад выглядам кліента журналіст БРЦ звязаўся з прадстаўніком першай кампаніі. У размове той прызнаўся, што раней «Агра Кейджы» вазіла пялеты ў Еўропу «фурамі», а цяпер будзе вазіць «вагонамі».

2 жніўня 2022 года ў Бішкеку з'явілася кампанія «Адміт» – праз 5 месяцаў пасля ўвядзення ЕЗ забароны на імпарт беларускага лесу.

Сваім патэнцыйным кліентам фірма прадстаўляе іншыя дадзеныя: на яе сайце пазначана, што «Адміт», зарэгістраваная 5 месяцаў таму, «кожны год» атрымлівае больш за 40 тысяч тон драўняных адходаў.

Фірма займаецца перапрацоўкай драўняных адходаў і вырабляе пялеты, брыкеты і іншае драўнянае паліва. Пад выглядам кліентаў журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «Адміт» і папрасілі дапамагчы з пастаўкамі беларускіх пялетаў у Еўропу. У кампаніі пацвердзілі, што могуць гэта зрабіць: у Кыргызстане ў іх ёсць вытворчасць, і разам са сваёй прадукцыяй яны адпраўляюць у Еўропу беларускую, робячы на яе кыргызстанскія сертыфікаты.

Фото: літоўская мытня

«Адміт» гатовыя былі прыняць нашую замову толькі з канца студзеня, таму што да гэтага часу ўсе іх аб'ёмы ўжо былі распісаныя. У кампаніі нас таксама запэўнілі, што праблем на мытні ў іх не было, але папярэдзілі: лепш вазіць грузы праз Польшчу і Латвію, бо літоўскія мытнікі больш прыдзірлівыя.

Сапраўды, літоўская мытня першай звярнула ўвагу на рэзкі рост паставак драўніны з Цэнтральнай Азіі. Паводле іх звестак, пры ўвозе беларускай і расейскай прадукцыі на мытню падаюцца дэкларацыі аб тым, што яна нібыта набыта ў Казахстане або Кыргызстане.

«Бываюць відавочныя і бясспрэчныя прыкметы: гэта маркіроўкі, выяўленыя на ўпакоўках, дадатковыя камплекты дакументаў, якія прама паказваюць на тое, што тавар адгружаны з Беларусі ці Расеі, а не з краін, у якіх зроблена дэклараванне на пачатковым этапе. Такія выпадкі ёсць, мы іх зафіксавалі, і не адзін», – Вігантас Пайгозінас, намеснік генеральнага дырэктара Літоўскай мытні.

Калі журналісты БРЦ звярнуліся да «Агра Кейджы» і «Адміт» па афіцыйны каментар, кампаніі пачалі адмаўляць, што возяць забароненую беларускую прадукцыю ў ЕЗ па фальшывых дакументах. Сузаснавальніца кампаніі «СК Гранд» сказала, што не ведала аб пастаўках у абыход санкцый і паабяцала разабрацца. Мы чакаем яе адказ.

У гандлі кантрабанднай прадукцыяй у Літве можа быць замяшаная кампанія «Vivalsa», высветлілі нашыя калегі з расследавальніцкі цэнтру Siena. Раней гэтая фірма прадавала пялеты з Расеі, але пасля ўвядзення санкцый пачала пастаўляць нібыта кыргызстанскую і казахстанскую прадукцыю. Журналісты Siena прыйшлі на склад кампаніі пад выглядам кліентаў і знайшлі там прадукцыю «Агра Кейджы». Дырэктар і саўладальнік «Vivalsa» Саўлюс Гірчыс прызнаўся, што гэтыя пялеты – з Беларусі.

Фота: Siena

Гірчыс – літоўскі палітык. Ён удзельнічаў у мясцовых выбарах ад сацыял-дэмакратычнай партыі. У афіцыйным каментары для Siena ён заявіў, што толькі меркаваў, быццам яго тавары ідуць з Беларусі. У размове бізнесмен настойваў на тым, што яго кампанія не парушае санкцыі.

Літоўскі эканаміст і намеснік старшыні праўлення нацыянальнага банка Раймандас Куодзіс лічыць, што Расея і Беларусь будуць абыходзіць санкцыі да таго часу, пакуль заходнія дэмакратыі не пакараюць краіны, якія ім у гэтым дапамагаюць:

«Трэба зрабіць так, каб усе, хто сядзіць на двух крэслах, перайшлі на бок добрых хлопцаў. І тады дрэнны хлопец застаецца адзін супраць усіх. Што гэта значыць на практыцы? Напрыклад, Нобелеўскі лаўрэат Уільям Нордхаўс прапанаваў увесці санкцыі супраць усіх, хто сядзіць на двух крэслах».

Аўтары: Вольга Ратмірава, Ксенія Вязнікоўцава, Аляксандр Ярашэвіч. Рэдактар Аляксей Гуліцкі

Іншыя Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам у расследаванні, у расейскіх аптэках абышлася б бюджэту на $2 млн танней, чым оптам у беларускага...

24/01 Чытаць