Расследаванні Сёння

Расследавальнікі пад прыкрыццём дамовіліся з аўстрыйскай кампаніяй на пастаўку падсанкцыйных дэталяў

Прадавец прапанаваў абысці забарону праз Арменію.

Каб пацвердзіць гатовасць еўрапейскай кампаніі абысці санкцыі, БРЦ сумесна с ініцыятывай «Рабочы Рух» правёў аперацыю пад кодавай назвай «Брэніці». Прадставіўшыся выдуманым беларускім вытворцам, расследавальнікі абмеркавалі дастаўку ў Беларусь забароненых тавараў. Так мы на словах паўтарылі схему, пры дапамозе якой дзяржаўнае прадпрыемства «Гродна Азот» працягвае атрымліваць абсталяванне, нягледзячы на абмежаванні, уведзеныя супраць Менску за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух».

Аперацыя «Брэніці»

«Хацеў з вамі яшчэ вось такую тэму падняць. Я так разумею, што вось гэта ж самае прадпрыемства [«Гродна Азот»] на мяне тут выходзіць з пытаннямі па запчастках, па іншым абсталяванні. <...> Тэарэтычна, можна таксама паспрабаваць, значыць, сказаць, калі ў гэтым паўстане неабходнасць, што гэта таксама для вас. І тады вы ім як бы можаце прадаваць?» — запінаючыся праз слова спытаў дырэктар аўстрыйскай фірмы. Прадстаўнік «Рабочага Руху» патэлефанаваў яму пад выглядам кліента. Мы разам намагаліся высветліць, ці атрымаецца дамовіцца аб пастаўцы падсанкцыйных тавараў у Беларусь. 

Па легендзе, у Берасцейскай вобласці неўзабаве паўстане новае прадпрыемства «Брэніці», якое будзе вырабляць поліамідную нітку. Для яго абсталявання патрэбныя еўрапейскія дэталі, якія нельга ўвозіць праз санкцыі. Але мы высветлілі, што беларускае дзяржпрадпрыемства «Гродна Азот», якое мае такую ж вытворчасць, здолела іх атрымаць. І пайшлі тым жа шляхам.

Дырэктар аўстрыйскай кампаніі-пастаўшчыка наўпрост сказаў, што гатовы прадаць забаронены тавар па схеме, якую ўжо выкарыстоўваў. Больш за тое, ён прапанаваў «Брэніці» стаць пасярэднікам для дастаўкі камплектуючых падсанкцыйнаму «Гродна Азоту». 

Ланцужок пасярэднікаў

Поліамід уваходзіць у склад самых розных рэчаў. У расследаванні «Ніць падману. Як “Гродна Азот” забяспечвае расейскі ВПК сыравінай» мы распавялі, што яго выкарыстоўваюць у тым ліку для вытворчасці вайсковых касак і бронекамізэлек. 

Выраб поліаміднай ніткі — складаны працэс. На заводзе ў рэзервуар апарата, які называецца экструдар, засыпаюць невялічкія гранулы, зробленыя з прадуктаў перапрацоўкі нафты. Паўфабрыкат прасоўваецца ў зону плаўлення, дзе пры высокай тэмпературы ператвараецца ў густую вязкую масу. Пад ціскам яна праходзіць праз адмысловую прыладу, падобную да друшляка, — фільеру — і ўтварае струменьчыкі, якія расцягваюцца, ахалоджваюцца і становяцца тонкімі валокнамі — асновай матэрыялу, ад якога залежыць трываласць і ўласцівасці гатовых вырабаў.

У Беларусі сыравіну для поліамідных нітак і самі ніткі вырабляе ААТ «Гродна Азот». У лютым 2022 года завод намагаўся набыць той самы «друшляк» — фільеру, праз які праціскаюць расплаўлены палімер, у аўстрыйскай фірмы Tetran Beratungs-und Handels Ges.m.b.H (далей па тэксце — Tetran). Аднак з 2021 года супраць прадпрыемства дзейнічаюць амерыканскія і еўрапейскія санкцыі. То бок Tetran не меў права супрацоўнічаць з «Гродна Азотам». Каб абысці забарону, беларускі гігант звярнуўся да аўстрыйскай кампаніі не наўпрост, а праз фірму-пракладку. Дзеля гэтага выкарысталі дзяржаўнае прадпрыемства «Гріком», якім кіраваў былы начальнік аддзелу кадраў «Гродна Азоту» Віктар Русак. [*]

Пасярэднік накіраваў запыт у Tetran. Адказ на яго прыйшоў у сакавіку, калі ўжо пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны і ЕЗ увёў санкцыі супраць Беларусі як саюзніцы агрэсара. Еўрапейскім кампаніям забаранілі пастаўляць такое абсталяванне не толькі «Гродна Азоту», але і ўвогуле ў Беларусь. Імаверна таму ўласнік Tetran Сяргей Малібога адмовіўся прадаваць дэталі. Аднак фармулёўкі ў ягоным лісце выглядалі як намёк на магчымасць абыходу абмежаванняў: «Вымушаны паведаміць, што мы не зможам пастаўляць праз Літву і Польшчу тавары з тарыфным кодам 84482000. <...> Прашу прапрацаваць іншыя спосабы дастаўкі гэтых тавараў». [*]

І іншы спосаб знайшоўся. З таварнай накладной за травень 2022 года, якую БРЦ атрымаў ад «Рабочага Руху», вынікае, што «Гродна Азот» усё ж набыў фільеры, але праз пасярэднікаў. Першым была турэцкая фірма Banss danişmanlik ve i̇nşaat diş ti̇caret li̇mi̇ted şi̇rketi̇. Яна набыла дэталі ў Tetran і перапрадала іх ТАА «Гроніці» — знаёмаму нашым чытачам па першай частцы гэтага расследавання (кампанія пастаўляе ў ЕЗ поліамід «Заводу Хімвалакно», філіялу «Гродна Азота», пад выглядам сваёй прадукцыі, дапамагаючы такім чынам абысці санкцыі). [*] [*] [*] Урэшце «Гроніці» прадала фільеры сапраўднаму пакупніку — «Гродна Азоту». [*]

Размова пад прыкрыццём

Турэцкая кампанія Banss danişmanlik ve i̇nşaat diş ti̇caret li̇mi̇ted şi̇rketi̇ — не новы партнёр «Гродна Азота». Яна супрацоўнічала з прадпрыемствам прынамсі з 2020 года: купляла ў яго поліамідную прадукцыю. [*] Пазней, пасля ўвядзення санкцый ЕЗ і ЗША, пастаўкі турэцкай фірме пайшлі праз «Гроніці». [*] Турцыя не ўводзіла абмежаванні супраць «Гродна Азота», але праблемы з наўпроставымі пастаўкамі туды ў прадпрыемства былі, верагодна, праз пагрозу другасных санкцый з боку ЗША. 

Аўстрыйская ж Tetran, калі прадала для беларускага заводу фільеры, падобна, свядома парушыла санкцыйнае заканадаўства. Падставы так меркаваць нам дала тэлефонныя размовы з яе дырэктарам Сяргеем Малібогай. З урыўка з адной з іх мы пачалі гэты матэрыял. Прадставіўшыся патэнцыйным кліентам, журналіст БРЦ спытаў, ці можа Tetran паставіць дэталі для выдуманага беларускага прадпрыемства «Брэніці»: 

— Мы проста зараз удакладняем, якія пастаўшчыкі яшчэ працуюць з такім абсталяваннем і як цяпер выглядаюць справы з лагістыкай, улічваючы ўсякія абмежаванні. Скажыце, вы ўвогуле яшчэ працуеце з гэтым абсталяваннем? То бок фільеры, верацёны?

 — У прынцыпе так, ведаеце, тут як бы… Тэлефонная размова такога роду. <…> — адказаў Малібога.

— Добра, то бок вы яшчэ працуеце, правільна?

— Так-так-так. Працуем, працуем.

— І, так, гіпатэтычна, з нашай краінай… Праз, так сказаць…

— Гіпатэтычна — так. Значыць, пішыце e-mail, — пацвердзіў дырэктар Tetran.

Пад час далейшых перамоваў дырэктара аўстрыйскай кампаніі не збянтэжыла нават тое, што патэнцыйны кліент наўпрост сказаў — маем замову з расейскага Мінабароны:

«...Не трэба мне казаць. Навошта вы такія словы кажаце па мабільным тэлефоне?» — пачуў прадстаўнік «Рабочага Руху». 

Апроч таго Малібога запрапанаваў маршрут праз каўказскую краіну: «У вас будзе дамова з Арменіяй. Там займаецца дзяўчына. … Фірма не мая, але я з ёй працую і ўсё нармальна», — запэўніў бізнесовец.

Армянскі маршрут

Пасля размовы з дырэктарам аўстрыйскай фірмы прадстаўнік «Рабочага Руху» з той жа легендай патэлефанаваў у армянскую кампанiю, якую Малібога згадаў як магчымага пасярэдніка. Супрацоўнік кампаніі спакойна адрэагаваў на словы пра супрацу з Міністэрствам абароны Расеі. Бо пакупнік — беларуская кампанія.

— Адзінае, што можа нас абцяжарыць у гэтым — гэта як раз абыход санкцый. Калі гэты код [тавару] чырвоны (з санкцыйнага спісу — рэд.), мы проста не зможам прывезці яго з Арменіі. … Мы проста не зможам гэта па законе. Мы працуем па законе. ... Нейкіх завуаляваных механізмаў у нас няма для гэтага, — адказаў суразмоўца. 

— Фільеры нашыя знаходзяцца ў санкцыйным спісе ЕЗ для паставак у Беларусь і Расею. Сяргей Міхайлавіч [Малібога] казаў, што вазіў такое, — удакладніў прадстаўнік «Рабочага Руху».

Супрацоўнік армянскай кампаніі патлумачыў, што санкцыйныя спісы рэгулярна абнаўляюцца, і любая спроба схаваць або змяніць таварны код прывядзе да канфіскацыі тавару і штрафу ўжо пры першай праверцы. Пры гэтым, паводле яго слоў, існуюць іншыя варыянты: можна падабраць аналагічную прадукцыю з кодам, які не ўваходзіць у санкцыйны спіс, або набыць не асобную дэталь, а незабаронены камплект, у склад якога яна ўваходзіць.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць