Расследаванні Сёння

Dana Holdings пазбегла санкцый ЕЗ: кампанію падмянілі на фірму-пустышку

Санкцыі аформілі заднім чыслом на кампанію-клон, створаную пасля ўвядзення эканамічных абмежаванняў.

Структура, якая валодала будаўнічай бізнес-імперыяй сям'і Карычаў, вядомых маштабнымі будоўлямі ў Менску і сувязямі з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі, пазбегла санкцый Еўрапейскага Звязу. Замест кіпрскай кампаніі Dana Holdings пад абмежаванні трапіла фірма-клон з рэгістрацыяй у Менску. Кіпрскі саўладальнік падсанкцыйных беларускіх кампаній сям'і Карычаў працягваў атрымліваць дывідэнды і пасля ўвядзення санкцый.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы каманды OCCRP Research and Data.

Народзіны клона

Упершыню Dana Holdings з'явілася ў санкцыйным спісе ЕЗ у снежні 2020 года. Але аформілі яе незвычайна — разам з яшчэ адной кампаніяй. У табліцы суб'ектаў, што патрапілі пад санкцыі ЕЗ, запіс выглядаў наступным чынам: Dana Holdings/Dana Astra. Магло падацца, што санкцыі ўвялі супраць кіпрскай кампаніі Dana Holdings, якая праз іншыя кіпрскія фірмы-пракладкі валодала ўсімі асноўнымі актывамі сям'і Карычаў у Беларусі, а таксама супраць ЗТАА «Дана Астра» — найбуйнейшай з беларускіх фірмаў, якія належаць гэтаму холдынгу (па памеры актываў на 2020 год). Але апынулася інакш.

Пра Карычаў і Dana Holdings

З абгрунтавання да санкцый ЕЗ супраць Багалюба Карыча:

«Багалюб Карыч — сербскі бізнесовец і палітык. Разам з чальцамі сваёй сям'і ён стварыў сетку кампаній у сферы нерухомасці ў Беларусі і наладзіў сувязі з сям'ёй [прэзідэнта Лукашэнкі]. У прыватнасці, ён быў цесна звязаны з Dana Holdings і яе былой даччынай кампаніяй Dana Astra і, як паведамляецца, прадстаўляў гэтыя структуры на сустрэчах з [прэзідэнтам Лукашэнкам]. Праект “Менск-Свет”, які быў распрацаваны кампаніяй, звязанай з Карычам, быў названы [прэзідэнтам Лукашэнкам] “прыкладам супрацы славянскага свету”. Дзякуючы гэтым цесным адносінам з [прэзідэнтам Лукашэнкам] і яго атачэннем, кампаніі, звязаныя з Карычам, атрымалі ад [рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі] палёгкі, уключаючы падатковыя палёгкі і зямельныя надзелы пад забудову».

Dana Holdings Limited — кампанія, створаная ў 2013 годзе на Кіпры, якая праз свае даччыныя кампаніі ў Беларусі рэалізоўвала маштабныя будаўнічыя праекты ў Менску. 

Падчас абскарджання санкцый ЕЗ у судзе Люксембурга ў лістападзе 2024 года ўстанавілі, што Dana Holdings кантралюецца сям'ёй Багалюба Карыча, у прыватнасці бенефіцыярам кампаніі з'яўляецца яго сын. Нябойша Карыч, сын Багалюба Карыча, паказаны ўласнікам кампаніі ў выпісах з кіпрскага рэестра ў 2018 і 2019 гадах. [*]

Люксембургскі суд звяртае ўвагу, што з заявы сына Багалюба Карыча ад 9 траўня 2023 года вынікае, што ён працягвае заставацца бенефіцыярам кампаніі.

У Беларусі да ўвядзення санкцый найбольш вядомымі былі тры кампаніі Dana Holdings. «Дана Астра» была замоўнікам найбуйнейшага будаўнічага праекту XXI стагоддзя ў Менску — «Менск-Свет». Найбуйнейшымі падраднікамі «Дана Астра» выступалі беларускія фірмы ЗТАА «Зомекс Інвестмент» і СТАА «Белінтэ-Роба». Dana Holdings валодала гэтымі трыма кампаніямі праз пяць кіпрскіх фірмаў-пракладак: Russeville Limited, Triworst Limited, Rodrick Limited, Elaiva Trading Limited і Ozalco Holding Limited.

У графе «ідэнтыфікавальная інфармацыя» для абедзвюх фірмаў у спісе ЕЗ у снежні 2020 года паказалі толькі адзін адрас і ўліковы нумар платніка. Яны адносіліся да беларускага ЗТАА «Дана Астра». [*] [*] Па Dana Holdings ідэнтыфікавальнай інфармацыі не было. Можна выказаць здагадку, што Еўрапейская служба вонкавых сувязяў, якая рыхтуе санкцыйныя пакеты для галасавання ў Радзе ЕЗ, злучыла назвы гэтых дзвюх фірмаў памылкова. Бо на рыэлтарскіх сайтах беларускага забудоўніка менавіта так часам і падпісвалі.

Але ў сакавіку 2021 года Еўрапейскі Звяз, здавалася б, памылку выправіў. Запіс Dana Holdings/Dana Astra у санкцыйным спісе падзялілі. Абмежаванні супраць Dana Holdings вынеслі ў асобны радок, ужо з уласным нумарам падаткоўца і адрасам, але афіцыйная дата ўвядзення санкцый засталася ранейшай — 17 снежня 2020 года. На самой жа справе, туды ўнеслі дадзеныя іншай фірмы, якая не існавала на момант пачатковага ўвядзення санкцый супраць Dana Holdings.

Дакладней, фірма пад такім рэгістрацыйным нумарам існавала, але называлася яна ТАА «Торгхозстрой» і займалася гандлем будаўнічымі матэрыяламі ў беларускім горадзе Беразіно. Яе ўласнік, беларус Міхал Казакевіч не меў яўных сувязяў з бізнесам Карычаў. Праз паўтара месяца пасля ўвядзення санкцый супраць Dana Holdings, 8 лютага 2021 года, беларуская кампанія сям'і Карычаў «Дана Астра» стала ўласнікам «Торгхозстрой» і пераназвала яго ў ТАА «Дана Холдынгз», стварыўшы такім чынам клон-пустышку сваёй галаўной кіпрскай кампаніі. А 27 сакавіка 2021 года ЕЗ падмяніў Dana Holdings, якую ўнёс у санкцыйны спіс пачаткова, на гэты наваствораны клон. [*] [*] [*]

Пра тое, што ЕЗ пачаткова ўводзіў санкцыі менавіта супраць кіпрскай Dana Holdings, можа сведчыць рашэнне суда ў Люксембургу. У 2024 годзе ён адмовіў Багалюбу Карычу ў зняцці еўрапейскіх абмежаванняў на падставе таго, што серб «быў цесна звязаны з Dana Holdings і яе былой даччынай кампаніяй “Дана Астра”». Фірмай «Дана Астра» валодала кіпрская Dana Holdings (праз іншыя кіпрскія пракладкі), а не беларускае ТАА «Дана Холдынгз». 

У лютым 2021 года, прыкладна за месяц да падмены Dana Holdings у санкцыйным спісе ЕЗ, «Дана Астра» перадала валоданне над фірмай-клонам харвату Дэяну Лабану. Чалавека з такім жа імем мы знайшлі на фота поруч з Багалюбам Карычам у посце на Facebook ад 5 красавіка 2021 года. У ім Карыч называе супрацоўнікаў іх кампаніі вялікай міжнароднай сям'ёй і расказвае, што ў той дзень ён наведаў сваіх «кумоў» у Харватыі.

Багалюб Карыч, Дэян Лабан
Крыніца: Facebook. Злева направа: Багалюб Карыч, Дэян Лабан

Такім чынам, на момант першага ўнясення Dana Holdings у санкцыйны спіс ЕЗ, кампаніі з такой назвай у Беларусі не існавала. Кіпрская ж Dana Holdings Limited, якая кантралявала ўсе вядомыя будаўнічыя праекты сям'і Карычаў у Беларусі, гэтак і не трапіла пад еўрапейскія абмежаванні. Вялікая Брытанія таксама ўнесла ў свой санкцыйны спіс не кіпрскую Dana Holdings, а яе беларускага клона. 

Схаваць бізнес

Напярэдадні санкцый супраць Dana Holdings (якія ў выніку ўвялі супраць беларускага клона), яе ўласнікі, мабыць, перастрахаваліся і вывелі свае беларускія актывы з гэтай кампаніі. Напачатку снежня 2020 года, за два тыдні да ўвядзення абмежаванняў ЕЗ, Dana Holdings прадала ўсе пяць сваіх кіпрскіх фірмаў-пракладак, якія валодаюць будаўнічымі праектамі ў Беларусі (Russeville Limited, Triworst Limited, Rodrick Limited, Elaiva Trading Limited і Ozalco Holding Limited). Купіла іх кампанія Enterprise Developments Holding, зарэгістраваная ў ААЭ. Гэта фірма можа быць падстаўной. Імя яе ўласніка — Мустафа Эль Тобгі — практычна ідэнтычнае імю чалавека, які прадстаўляў Dana Holdings як выканаўчы дырэктар — Мустафа Аль Тобгі. На фота з сацсетак ніжэй Мустафа Аль Тобгі — у атачэнні сямейнікаў Карычаў.

Мустафа Аль Тобгі, Боян Карыч (сын Багалюба), Горан Лазарэвіч (зяць Багалюба, муж Алены Лазарэвіч), Алена Лазарэвіч (дачка Багалюба Карыча)
Крыніца: Instagram. Злева направа: Мустафа Аль Тобгі, Боян Карыч (сын Багалюба), Горан Лазарэвіч (зяць Багалюба, муж Алены Лазарэвіч), Алена Лазарэвіч (дачка Багалюба Карыча)

Нягледзячы на ўдалую маніпуляцыю з санкцыйным спісам ЕЗ, засцярога з вывадам актываў з Dana Holdings апынулася не лішняй. У жніўні 2021 года гэта кіпрская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША. 

ЗША: ліквідаваць абгрунтаванне да санкцый супраць Нябойшы Карыча

Разам з Dana Holdings казначэйства ЗША ўвяло абмежаванні супраць яе на той момант ужо былога ўласніка Нябойшы Карыча, а таксама супраць трох былых на той момант беларускіх актываў холдынгу: ЗТАА «Дана Астра», ТАА «Эмірэйтс Блю Скай» і ТАА «Дубай Вотэр Фронт». 

Некалькі дзён таму — 21 жніўня 2025-га — ЗША знялі эканамічныя абмежаванні з Dana Holdings. За два месяцы да гэтага, 20 чэрвеня, кампанію ліквідавалі. [*] Гэта магло стаць прычынай для выключэння яе з санкцыйнага спісу, патлумачыў у каментары БРЦ брытанскі адвакат, кіраўнік праекту State Capture Accountability Project Алекс Прэзанці: 

«Калі кампанія больш не існуе, гэта падобна на смерць фізічнай асобы — больш няма прычын трымаць яе ў спісе. Так што гэта тлумачыць, чаму кампанія выкрэслена са спісу. Але кожны выпадак трэба разглядаць асобна».

Дзень ліквідацыі Dana Holdings супаў з афіцыйным візітам у Беларусь Кіта Келага, спецпасланніка прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. У БРЦ няма доказаў, што гэтыя падзеі звязаныя паміж сабой. 

Адначасова Вашынгтон зняў санкцыі з сына Багалюба Карыча Нябойшы, які валодаў кіпрскай Dana Holdings да снежня 2020 года. У пачатковым абгрунтаванні да санкцый супраць Нябойшы Карыча гаварылася, што абмежаванні ўводзяцца за яго «лідзіруючую ролю ў кампаніі».

«Калі ўласнік/дырэктар паказаны [у санкцыйным спісе] толькі таму, што ён з'яўляецца дырэктарам у далейшым ліквідаванай кампаніі, то, ізноў жа, лагічна, што ліквідацыя кампаніі знімае падставы для яго ўключэння ў спіс. Аднак некаторыя асобы ўказваюцца па некалькіх падставах (напрыклад, валоданне акцыямі некалькіх кампаній). Таму гэта залежыць ад кожнага лістынга (ад анг., list — спіс, рэд.)», — растлумачыў магчымую прычыну выдалення сына сербскага бізнесоўца з санкцыйнага спісу Прэзанці.

Імперыя Карычаў у Беларусі пасля санкцый

Санкцыі ЗША працягваюць дзейнічаць супраць трох беларускіх кампаній, якія належалі Dana Holdings: «Дана Астра» (дзейнічае пад ранейшым імем) «Дубай Вотэр Фронт» (раней СТАА «Белінтэ-Роба», а зараз — ТАА «Аркора Дэвелапмент»), а таксама «Эмірэйтс Блю Скай» (раней называлася ЗТАА «Зомекс Інвестмент», а зараз — ТАА «Лайбрары Лэйн»). Але як мінімум частку рэальнай дзелавой дзейнасці гэтых кампаній перанялі іх фірмы-правапераемніцы: ТАА «Сіці В'ю», ТАА «Капітал Палас» і ТАА «Гранд Атрыум», супраць якіх ніякія санкцыі не дзейнічаюць. [*] [*] [*]

«Сіці В’ю» — кампанія-правапераемніца «Лайбрары Лэйн», здае памяшканні ў гандлёвым цэнтры «Дана Мол». [*] «Капітал Палас» валодае таварным знакам, які адносіцца да бізнес-комплексу з падобнай назвай на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. За «Гранд Атрыум» з верасня 2022 года лічыцца гандлёвы цэнтр «Дана Мол», згодна з зачыненай карпаратыўнай базай, якая агрэгуе дадзеныя з дзяржорганаў. 

Усе вышэйпералічаныя фірмы належаць тым жа кіпрскім фірмам-пракладкам, праз якія сваімі актывамі ў Беларусі раней валодала кіпрская Dana Holdings, а цяпер — эмірацкая Enterprise Developments Holding, якая належыць імавернаму былому супрацоўніку Dana Holdings. [*] [*] [*]

Як мінімум адна з гэтых пяці кіпрскіх пракладак працягвала атрымліваць дывідэнды і пасля ўвядзення санкцый супраць яе даччыных кампаній у Беларусі. Згодна з фінансавай справаздачай, якую падала ў кіпрскі рэестр кампанія Russeville Limited, у 2021 годзе яна атрымала €1,2 млн дывідэндаў. Фінансавых справаздач іншых кіпрскіх пракладак, роўна як і Russeville Limited пасля 2021 года, у кіпрскім рэестры няма. [*]

Russeville Limited саўладае ўсімі трыма галоўнымі беларускімі кампаніямі сям'і Карычаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША («Дана Астра», «Аркора Дэвелапмент» і «Лайбрары Лэйн»).

У 2022 годзе, ужо пасля ўвядзення амерыканскіх і еўрапейскіх санкцый супраць Dana Holdings і яе даччыных кампаній, Russeville Limited заснавала яшчэ адну беларускую фірму — ТАА «Капітал Палас». Яна стала адной з правапераемніц падсанкцыйнай «Аркора Дэвелапмент».

Яшчэ адна вялікая беларуская фірма, якая працягнула бізнес сям'і Карычаў у Беларусі — гэта рыэлтарскае агенцтва ТАА «Бір Бай», якое прадае жытло ў комплексе «Менск-Свет» — найбуйнейшым праекце Dana Holdings у Беларусі. Гэта агенцтва належыць Нагіпу Бехлулі. У сваіх сацсетках у 2018 годзе Багалюб Карыч пісаў пра яго: «Мы нарадзіліся на адной вуліцы, мой лепшы сябар маладосці Нагіп і я… …мы і сёння сябруем і разам працуем». [*] Цяпер Бехлулі таксама з'яўляецца дырэктарам беларускай «Лайбрары Лэйн». [*] [*] [*]

Эпілог: улада і грошы

Адзіны чалец клана Карычаў, які застаецца пад еўрапейскімі санкцыямі — гэта Багалюб Карыч. Ён і яго жонка Міланка неаднаразова лёталі разам з сям'ёй старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара ў Турцыю і Грэцыю — здаецца, на адпачынак.

Гэта можа тлумачыць шчодрасць Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да бізнесу сербаў. У абгрунтаванні амерыканскіх санкцый 2021 года Мінфін ЗША пералічыў выгоды, якія гэта сям'я атрымлівала ад Лукашэнкі: 

«OFAC (Office of Foreign Assets Control — Кіраванне па кантролі за замежнымі актывамі, падраздзяленне Міністэрства фінансаў ЗША — рэд.) таксама ўносіць у санкцыйны спіс будаўнічую імперыю, што атрымлівала шматлікія надзвычайныя палёгкі, улучаючы атрыманне пляцовак дзяржаўнай зямлі ў Менску ў дар прэзідэнцкімі ўказамі, падпісанымі Лукашэнкам. Сярод іх — зямля коштам амаль 800 мільёнаў долараў пад адзін праект, шчодрыя падатковыя палёгкі ці поўнае скасаванне падаткаў, выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў для інфраструктурных прац і іншыя ільготы.

Па падліках БРЦ, з 2013 па 2020 гады кіпрская Dana Holdings атрымала €128 млн дывідэндаў. На момант публікацыі, як мінімум часткова, дзейнасць бізнес-імперыі Карычаў у Беларусі працягваюць фірмы, якія не падпадаюць пад абмежаванні ЗША і ЕЗ. Выгадаатрымальнікі гэтых фірмаў — сябры і былыя супрацоўнікі сям'і Карычаў. 

Іншыя Расследаванні
Украінскі алігарх у вышуку. Як банк «кашалька» Лукашэнкі дапамагаў інвеставаць у гандаль зброяй
Расследаванні Украінскі алігарх у вышуку. Як банк «кашалька» Лукашэнкі дапамагаў інвеставаць у гандаль зброяй
Пасля смяротнага ДТЗ Пятро Дымінскі ўцёк з Украіны, атрымаў «залатую візу» Грэцыі і вёў бізнес у пяці краінах, выкарыстоўваючы беларускія банкі для правядзення...
18 жніўня 2025 Чытаць
Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» вырабляе кампаненты для расейскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕЗ
Расследаванні Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» вырабляе кампаненты для расейскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕЗ
Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт" адправіў у РФ тавараў больш чым на $40 млн з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
13 жніўня 2025 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць