Нягледзячы на санкцыйную палітыку ЕЗ у дачыненні Расеі, міжнародная група Fenox Global Group працягвае супрацоўнічаць з расейскім ВПК, адначасова захоўваючы рэгістрацыю, заводы і дылерскую сетку ў еўрапейскіх краінах. Пры гэтым як мінімум адзін яе філіял працуе ва Украіне. У гэтым расследаванні БРЦ прасачыў ланцужкі паставак канцэрну, за якім стаіць беларускі бізнесовец.
«Працює у воєнний час» — вялікімі чырвонымі літарамі напісана на сайце інтэрнэт-крамы па продажы аўтазапчастак fenox.com.ua. Дастаўку з яе можна аформіць ва Украіну, краіны Балтыі і Цэнтральнай Азіі. Ёсць сярод прапанаваных напрамкаў і Расея. На пляцоўцы прадаюць дэталі Fenox Automotive Components. Гэты вытворца ўваходзіць у міжнародны канцэрн Fenox Global Group. Мы высветлілі, што прынамсі адзін з ягоных філіялаў пастаўляе прадукцыю на расейскія заводы, якія вырабляюць вайсковую тэхніку.
Пастаўкі расейскім заводам
Паводле словаў уладальніка, кампаніі холдынгу Fenox атрымалі вайсковую ліцэнзію яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну: яны выпускалі дэталі для стралковай зброі і артылерыйскага ўзбраення, супрацоўнічалі з беларускім і расейскім ВПК. Для першага выраблялі масты і дэталі падвескі для браняванай машыны «Кайман», а для расейскага праекту «Кортеж», аўтамабіля Aurus Senat — каробку перадачаў. На гэтым бронелімузіне перасоўваецца Уладзімір Пуцін, напрыклад, на ім ён прыехаў на цырымонію інаўгурацыі 2018 года.
Паводле крыніц БРЦ, пасля 24 лютага 2022 года гэтая супраца не спынілася. Філіял холдынгу, беларускае Унітарнае прадпрыемства «Брэйк хайдролікс» пастаўляла запчасткі расейскім заводам, якія вырабляюць вайсковую тэхніку.
На ТАА МБ «Тонар» у расейскай вёсцы Губіна Маскоўскай вобласці «Брэйк хайдролікс» паставіла з кастрычніка 2024-га па жнівень 2025 года часткі для тармазной сістэмы на $5,5 тыс. У снежні 2024-га завод выхваляўся ў сваіх сацыяльных сетках, што ўдзельнічае ў акупацыі ўкраінскіх тэрыторыяў — называў рэгіёны Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей «новымі тэрыторыямі» і «найбуйнейшымі будаўнічымі пляцоўкамі краіны».
Расейскае ТАА «ДС-ТЕК» — генеральны дыстрыб'ютар брэнда Fenox у Расеі. Ад «Брэйк хайдролікс» кампанія, сярод іншага, атрымлівала часткі для ўзнімання кабіны розных мадыфікацыяў аўтамабіляў «Урал». Сярод іх цяжкавікі, якія расейскі бок выкарыстоўвае і ў вялікіх колькасцях страчвае на вайне, — «Урал-4320» і «Урал-43206». З чэрвеня 2022-га па ліпень 2025 года беларуская кампанія паставіла «ДС-ТЕК» тавараў на $2,7 млн.
Супраць трэцяга кліента «Брэйк хайдролікс» Вялікая Брытанія і Рада Еўразвязу ў красавіку 2022 года ўвялі санкцыі — гаворка пра АТ «АМЗ». Гэты машынабудаўнічы завод у Арзамасе вырабляе бронетранспарцёры, якія стаяць на ўзбраенні і ў Беларусі.
Са студзеня 2022 года па люты 2023-га «Брэйк хайдролікс» пастаўляў на завод два тыпы дэталяў. Першыя чатыры лічбы ў назве «Залатнік 5910-3430018» падказваюць, што дэталь неабходная для аўтамабіля «ГАЗ-5910». Гэта абазначэнне сямейства БТР-82/82А, які збіраюць на заводзе ў Арзамасе. Іншы залатнік прызначаўся для тэставага БТР-90, які ў 2023 годзе быў заўважаны на палях бітвы ва Украіне. Агульны кошт паставак — $26 тыс., вага — 216 кг. Мяркуючы па вучэбным дапаможніку па эксплуатацыі бронетранспарцёра, залатнік выкарыстоўваюць у рулявой сістэме вайсковага аўтамабіля. Паводле падлікаў праекту Oryx, за 20 месяцаў поўнамаштабнага ўварвання расейскі бок страціў мінімум 890 аўтамабіляў гэтай мадыфікацыі.
Паводле ваеннага эксперта Паўла Лузіна, калі пастаўкі ідуць на Арзамаскі машынабудаўнічы завод, то важны не аб'ём, а сам факт — гэта ланцужок паставак для вытворчасці ўзбраення і вайсковай тэхнікі.
«Калі кампанія сама гэтыя дэталі вырабляе, то яна ў любым выпадку ведае, каму пастаўляе. Калі гэта фірма, якая толькі імітуе вытворчасць у Беларусі, а на справе пастаўляе імпартныя дэталі, то гэта ўжо схема абыходу заходніх санкцыяў», — адзначыў эксперт.
Структура бізнесу…
Кампанія «Брэйк хайдролікс» належыць брытанскай кампаніі Tollgate Systems Limited — да 2015 года яна нават згадвалася ў назве. Да верасня 2025 года брытанская кампанія належала дацкай Nastar Trade Invest ApS. [*] [*] [*]
Такую схему валодання могуць выкарыстоўваць для ўтойвання рэальных уласнікаў — як ад заходніх рэгулятараў, так і ад беларускіх уладаў. Паводле эканаміста Льва Львоўскага, яна можа быць абаронай ад «дзяржаўнага рэкету»:
«Таму мы часта бачым, што нейкімі аб'ектамі ў Беларусі валодаюць юрыдычныя асобы ... з Кіпра, гэта вельмі распаўсюджана, з Арабскіх Эміратаў — то-бок вось такія пракладкі. Калі валодае юрыдычная асоба з Кіпра, то юрыдычную асобу з Кіпра нельга выклікаць у КДБ і пачаць нешта патрабаваць ад яе. Вось і ўсё. А агулам, так, гэта вельмі распаўсюджана».
На спробу схаваць канцы паказваюць і паводзіны афіцыйнага сайта fenox.com. На яго можна зайсці з беларускага або расейскага IP-адрасу. Калі паспрабаваць зайсці з еўрапейскага, то старонка або не адкрываецца, або карыстальніка перакідвае на germany.fenox.com, які не адказвае. Пры гэтым існуе нямецкі сайт fenox-autoteile.de, на якім еўрапейскія кліенты могуць запоўніць форму на заказ дэталі. Сайт рэпрэзентуе кампанію Fenox Automotive GmbH, яе бенефіцыяр — беларускі бізнесовец Віталь Арбузаў. Ён жа з'яўляецца канчатковым бенефіцыярам пералічаных вышэй кампаніяў. [*]
…ад СІЗА не зберагла
У 2025 годзе Віталь Арбузаў заняў 41 месца ў рэйтынгу «Топ-100» выдання «Беларусы і рынак». Беларусам ён можа быць вядомы як уладальнік гандлёвай сеткі Preston, якую ў 2018-м прадаў сетцы «Суседзі».
Свой бізнес нарадзінец пасёлку Краснаполле Магілёўскай вобласці Арбузаў пачаў падчас перабудовы — у 1989-м. З яго вырасла Fenox Global Group. Прадпрыемства першапачаткова выпускала дэталі для аўтамабіля ВАЗ. У 1996 годзе кампанія набыла нямецкае абсталяванне і пачала вырабляць часткі тармазной сістэмы для канвеернай зборкі аўтамабіляў Audi і Volkswagen.
Паводле звестак на сайце кампаніі на момант публікацыі, у вытворчы ланцужок Fenox уваходзіць 12 заводаў у Беларусі, Расеі і Нямеччыне. Беларускаму НВТАА «Фенокс» належыць украінская фірма ТАА «Фенокс Автомотів Укр». Сетка дылераў дэталяў Fenox ахоплівае не толькі Расею і Беларусь, але і гарады ў еўрапейскіх краінах — Нямеччыне, Польшчы, Латвіі, Балгарыі.
Пры гэтым у нас ёсць падставы меркаваць, што кіраўнік кампаніі набліжаны да беларускіх уладаў. З дакументаў, атрыманых ад ініцыятывы «Рабочы Рух», вынікае, што ў пачатку 2024 года Віталь Арбузаў разам з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым уваходзіў у дэлегацыю, якая прадстаўляла Беларусь у Венесуэле. Бізнесоўцы павінны былі правесці дзелавыя сустрэчы з венесуэльскім бокам у межах «шчыльнай супрацы» двух урадаў. Беларуская дыпмісія прасіла венесуэльскае МЗС забяспечыць Шаўцову і Арбузаву VIP-залу ў міжнародным аэрапорце імя Сімона Балівара пад Каракасам.
Аб'ядноўвае бізнесоўцаў і іншы досвед: абодва прайшлі праз беларускае СІЗА. Шаўцова затрымалі ў 2011 годзе паводле абвінавачвання ў асабліва буйным крадзяжы, Арбузава ў красавіку 2017-га — паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў тады налічыў стваральніку Fenox шкоду ў памеры 120 млн рублёў (каля $63,45 млн). Праз год у дзяржаўнай газеце «СБ» кампанію назвалі паразітам і панаракалі, што «жадання супрацоўнічаць са следствам і пагасіць шкоду галоўны фігурант не паказаў». Падобна, Арбузаў намёк зразумеў: пачаў «кампенсаваць шкоду» і праз месяц яго вызвалілі з-пад варты.
Матывацыя — зарабіць
Нягледзячы на супрацу з ВПК РФ, у тым ліку з падсанкцыйным прадпрыемствам, ані супраць Віталя Арбузава, ані супраць ягоных кампаніяў абмежаванні не ўвялі. Паводле Льва Львоўскага, каб санкцыі супраць прадпрыемстваў, звязаных з расейскай вайсковай прамысловасцю, рэальна працавалі, павінны існаваць захады па прымусе захавання абмежаванняў.
«Калі вы прымаеце нейкія санкцыі, то адразу ў некаторых людзей з'яўляецца матывацыя іх абыходзіць. Матывацыя абыходзіць, яна простая — можна зарабіць грошы. А матывацыя сачыць за тым, каб не абыходзілі, каб усіх правяраць — часта позніцца. Рэсурсы на гэта недастаткова выдзяляюцца», — сказаў эканаміст.
Санкцыі закліканыя «пазбавіць Расею сродкаў і рэсурсаў для яе вайсковай машыны і прымусіць Крэмль сесці за стол перамоваў», а няздольнасць забяспечыць іх эфектыўнае выкананне аслабляе перамоўныя пазіцыі Украіны, адзначыў у каментары БРЦ старэйшы кіраўнік аддзелу расследаванняў брытанскай Transparency International UK Бэн Коўдак. Мы звярнуліся да яго па каментар, бо мацярынская кампанія «Брэйк Хайдролікс» зарэгістраваная ў Вялікай Брытаніі.
«Брытанскія кампаніі і іх даччыныя прадпрыемствы не павінныя пастаўляць тавары і паслугі расейскім прадпрыемствам, якія падпадаюць пад санкцыі. Гэтая дзейнасць выклікае шэраг падазрэнняў, якія павінны быць старанна расследаваныя брытанскімі ўладамі», — сказаў эксперт.
На запыт БРЦ ва ўпраўленне па ажыццяўленні гандлёвых санкцыяў (Office of Trade Sanctions Implementation) прадстаўнік ураду Вялікай Брытаніі не даў канкрэтных адказаў па сутнасці сабраных намі фактаў, але запэўніў, што Лондан «увёў адзін з самых жорсткіх рэжымаў санкцыяў за ўсю гісторыю» і «любое яго парушэнне з'яўляецца сурʼёзным правапарушэннем». Улады чакаюць, што ўсе брытанскія арганізацыі будуць выконваць уведзеныя санкцыі.
Мы накіравалі запыты ўсім фігурантам гэтага расследавання. Прадстаўнік украінскай крамы па продажы запчастак адказаў, што інтэрнэт-пляцоўка больш не працуе. Кампаніі «Фенокс» і «Брэйк Хайдроликс» на момант публікацыі нам не адказалі, як і сам Віталь Арбузаў.