У 2020 годзе ў прэзідэнцкім пасёлку Дразды адкрылася прыватная гімназія, дзе цяпер вучацца дзеці супрацоўнікаў Кіравання справамі Лукашэнкі, сілавікоў, бізнесоўцаў, але галоўнае – сямейства самога Лукашэнкі. Як высветлілі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру, заснавала элітную гімназію маці Мікалая Лукашэнкі – Ірына Абельская. Менавіта гэтую гімназію скончыў Мікалай Лукашэнкі з залатым медалём у гэтым годзе. Аб'ект пабудаваў Міхаіл Гуцэрыеў. Ён трапіў пад санкцыі як кашалёк Лукашэнкі. І нягледзячы на тое, што штогод бізнес, па нашых падліках, прыносіць больш за мільён долараў, яго ўладальнікі атрымалі яшчэ эксклюзіўныя ўмовы і прывілеі ад беларускіх уладаў, якія дазваляюць ім траціць на ўтрыманне гімназіі не свае, а бюджэтныя грошы.

Коратка

  • Сям'я Лукашэнкі для сваіх наследнікаў абрала ў Менску тры школы. Не ўсе гэтыя ўстановы могуць пахваліцца ідэальным адукацыйным працэсам, затое кантынгент адпаведны: спадкаемцы вядомых чыноўнікаў, сілавікоў і бізнесоўцаў.
  • Фірма, якую заснавала Ірына Абельская, зарабляе больш за мільён долараў штогод на прыватнай гімназіі, якую яе сын Мікалай Лукашэнка сёлета скончыў з залатым медалём. Пры гэтым, часткова, утрыманне прыватнай школы лягло на плечы беларускіх падаткаплацельшчыкаў.
  • Да будаўніцтва прыватнай гімназіі меў дачыненне Міхаіл Гуцэрыеў, які атрымлівае прыбытковыя праекты за кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Элітная гімназія

Як мы даведаліся з дапамогай Кіберпартызан, Ірына Абельская з'яўляецца маткай пазашлюбнага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая.

Яе Лукашэнка абраў у 1990-х гадах на пасаду сваёй асабістай доктаркі, а таксама надаў статус галоўнай лекаркі лечкамісіі. Аднак у 2007 годзе, пасля нараджэння сына, Ірына ўпала ў няласку і пазбавілася працы. Лукашэнка стаў часта з'яўляцца на афіцыйных прыёмах з маленькім сынам, але на пытанні пра маці дзіцяці журналістам не адказваў.

Абельскую зноў заўважылі ў атачэнні Лукашэнкі на інаўгурацыі ў 2015 годзе. Як нам стала вядома ад Кіберпартызан, якія далі Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру інфармацыю аб сумесных палётах Ірыны Абельскай і Аляксандра Лукашэнкі – у траўні 2016-га Абельская вярталася з ім з Рыма. Лукашэнка тады афіцыйна наведваў Рым, каб сустрэцца з прэзідэнтам Італіі Сэрджо Матарэллям, а таксама наведаць у Ватыкане Папу Рымскага Францішка.

Праз пару гадоў маці Мікалая Лукашэнкі стала галоўнай доктаркай адноўленага «Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, на ўзвядзенне якога з бюджэту выдзелілі 100 мільёнаў еўраў. Вяртаемся да базы сумесных пералётаў, атрыманай намі ад Кіберпартызан. У 2019 годзе Абельская з Лукашэнкам пабывалі ў Вене. Тады ў аўстрыйскай сталіцы Лукашэнка быў з афіцыйным візітам – сустракаўся з чальцамі ўраду і былым канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам.

Зрэшты, на публіцы ўвесь гэты час Лукашэнка з'яўляўся ў кампаніі сваёй новай асабістай лекаркі Святланы Канашэнкі.

Тым часам у карʼеры Ірыны Абельскай у 2019 годзе, як мы даведаліся, зʼявілася новая старонка. Будучы на дзяржслужбе – галоўнай доктаркай лечкамісіі – яна зарэгістравала кампанію «Гарызонты ведаў» для развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

Тады ж у Драздах разгарнулася будаўніцтва прыватнай элітнай школы, якую Міхаіл Гуцэрыеў паабяцаў узвесці Аляксандру Лукашэнку. Гуцэрыеў жа атрымаў правы на эксклюзіўную распрацоўку калійнага радовішча ў Любанскім раёне. За 2 гады ў будаўніцтва гімназіі і добраўпарадкаванне тэрыторыі плошчай больш за 30 тысяч квадратных метраў

расейскі мільярдэр планаваў укласці 12 мільёнаў долараў.

Школа, якая атрымала назву Менская міжнародная гімназія, складаецца з двух чатырохпавярховых карпусоў з падвальным памяшканнем. Звонку месцяцца стадыён, пляцоўка для баскетбола, міні-футбола, гандбола, а таксама гімнастычны гарадок і паркоўкі.

У самой гімназіі знаходзіцца радыёвузел, фота – і кіналабараторыі, пакой з навучальнай зброяй і шмат іншага. Для назірання за школьнікамі і персаналам маецца сістэма відэаназірання KiPOD, якой, дарэчы, карыстаюцца беларускія сілавікі.

Будавала гімназію кампанія «СертусАвія», якая належыць кіпрскаму афшору «БЛАТБЕРГ ХОЛДЫНГС ЛІМІТЭД».

які звязваюць з Гуцэрыевым. Аператарам навучальнай установы стала прыватная ўстанова адукацыі «Менская міжнародная гімназія», заснаваная Ірынай Абельскай кампанія «Гарызонты ведаў».

Праз месяц пасля адкрыцця школы, у кастрычніку 2020 года Ірына Абельская перадала сваю фірму «БЛАТБЕРГ ХОЛДЫНГС ЛІМІТЭД».

Гэты ж афшор валодае рэзідэнцыяй у Радашковічах, якую Гуцэрыеў выкупіў у Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Паводле звестак, якія Беларускі расследавальніцкі цэнтр атрымаў ад дзвюх незалежных адна ад другой крыніцаў, менавіта ў гэтую гімназію Абельская і ўладкавала свайго сына Мікалая Лукашэнку пасля таго, як ён у неспакойным жніўні 2020-га забраў дакументы з Ліцэя БДУ. Як нам на ўмовах ананімнасці распавяла адна з педагогаў, Абельская курыравала навучанне Мікалая Лукашэнкі, займалася падборам і дастаўкай настаўнікаў.

У Менскай міжнароднай гімназіі вучацца таксама тры дачкі Дзмітрыя Лукашэнкі. Акрамя іх, у элітную школу пайшла дачка кіраўніка аднаго з падраздзяленняў службы бяспекі Лукашэнкі – Аляксея Высоцкага,

а таксама дачка Яўгена Бейзака

дырэктара беларускага аддзялення клуба ўладальнікаў матацыклаў «Harley-Davidson», мерапрыемствы якога часта наведвае Віктар Лукашэнка.

Выпускніцай гімназіі сёлета стане дачка сілавіка Сяргея Повара.

Ён уваходзіць у хакейную каманду Аляксандра Лукашэнкі.

«Дзеці ў нас розныя, як і бізнесоўцаў, так і чыноўнікаў, але падыход да ўсіх іх аднолькавы і нічым мы асабліва не адрозніваемся», – так кіраўніцтва гімназіі апісала нам сваіх вучняў.

Дарэчы, 11 жніўня ў гімназіі ў Драздах змяніўся дырэктар.

Гэтую пасаду заняла выкладчык з БДМУ Алена Грынкевіч. Яна катэгарычна адмовілася адказаць на пытанне, ці дапамагла Ірына Абельская ёй уладкавацца на новую працу. Па словах нашай крыніцы, новага дырэктара Менскай міжнароднай гімназіі прызначылі заснавальнікі «Гарызонтаў ведаў».

Але асаблівай канкурэнцыі за працоўныя месцы ў гімназіі няма. Мяркуючы па вакансіях на сайце школы, перад самым пачаткам навучальнага года тут усё яшчэ не хапае настаўнікаў.

Як нам распавялі па тэлефоне, саіскальнік павінен мець першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, досвед працы мінімум 5 гадоў, адрознівацца творчым падыходам да працы. Наўзамен прапаноўваюць заробак у 1200 рублёў, пашыранага сацпакету няма, падвоз з Менску не арганізаваны, харчаванне платнае. Праўда, навучанне ў гімназіі для дзяцей настаўнікаў абыходзіцца ў палову кошту.

Для кліентаў жа гімназіі кошт пытання складае каля 3000 долараў у год за аднаго дзіцяці. Як падлічыў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, даход элітнай школы за адзін навучальны год можа складаць каля мільёна долараў.

Аднак дзяржава часткова пакрывае выдаткі гэтай прыватнай установы адукацыі. Па вядомых нам тэндарах, з 2020 па 2022 гады Менская міжнародная гімназія закупіла тэхніку для вучобы: ноўтбукі, музычныя цэнтры, капіявальныя машыны больш чым на 100 тысяч долараў. Гэтыя грошы былі выдзелены з дзяржаўнага бюджэту.

Беларускае заканадаўства не забараняе дзяржаве фінансаваць прыватныя ўстановы, якія займаюцца эксперыментальнай дзейнасцю ў сферы адукацыі.

Аднак, гэтыя нормы ўступяць у сілу толькі з 1 верасня 2022 года. Але чаму тады гімназія, заснаваная Абельскай і пабудаваная Гуцэрыевым карыстаецца бюджэтнымі грашыма з 2020 года? З гэтым пытаннем журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру звярнуліся да заснавальніцы гімназіі Ірыне Абельскай. Ірына Сцяпанаўна адказала: гэтае пытанне «не па адрасе». Пасля гэтага журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру звярнуліся ў саму гімназію, але ні ў бухгалтэрыі, ні ў адміністрацыі на гэтае пытанне ім адказваць не захацелі. Крыніцы расследавальнікаў растлумачылі – падстаў для закупак за дзяржбюджэт у гэтай гімназіі не было. Усё вырашалася праз заснавальнікаў. Дарэчы, з усіх прыватных гімназіяў і школ пакуль менавіта Менская міжнародная гімназія адзіная ў Беларусі зможа з 1 верасня 2022 года ўжо законна карыстацца рэспубліканскім фінансаваннем.

Але не толькі на тэхніку элітная прыватная гімназія бярэ грошы падаткаплацельшчыкаў. Кампанія закупляла харчаванне для «залатой моладзі» за кошт рэспубліканскага бюджэту з фармулёўкай «для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў і для іншых ільготнікаў».

Дзяржава кампенсавала гімназіі харчаванне на паўтары тысячы долараў штомесяц.

Пры гэтым у самой школе нам сказалі, што ў іх ільготнікаў няма, а аплата харчавання ўваходзіць у кошт навучання.

Па большай частцы гэтыя тэндары праводзіліся праз закуп з адной крыніцы. Гэта значыць паўнавартасных таргоў не было.

У 2022 годзе кіраўніцтва гімназіі зноў, так бы мовіць, запусціла руку ў бюджэтную кішэню – замовіла ўборку тэрыторыі і карпусоў за 40 тысяч долараў.

Зрэшты, у хуткім часе выдаткаў у «Гарызонтаў ведаў» стане больш – з 2024 да 2071 год прыйдзецца плаціць 80 тысяч долараў штогод за арэнду зямлі пад школу. Што пры штогадовым даходзе ў больш за мільён долараў асабліва надвор'я ўладальнікам гімназіі, верагодна, не зробіць.

Іншыя школы

Аднак навучанне дзяцей эліты не абмяжоўваецца гімназіяй у Драздах. Той жа Мікалай Лукашэнка 9 гадоў хадзіў у Астрашыцкую сярэднюю школу. У 2009 годзе ён жыў з бацькам у рэзідэнцыі «Азёрны» і менавіта таму, як казаў сам Аляксандр Лукашэнка, для навучання Міколы абралі школу, якая знаходзілася побач. Аднак да гэтага там правялі капітальны рамонт за 3 мільёны долараў, усталявалі басейн з двума чарамі і адкрылі хакейныя класы.

Але Мікалай Лукашэнка не адзіны з спадкаемцаў кіруючага ў Беларусі сямейства. Дзеці старэйшых сыноў Аляксандра Лукашэнкі селі на школьную лаву на 5 гадоў раней Міколы. Першая ўнучка Лукашэнкі Вікторыя пайшла ў дзяржаўную гімназію №16, якая незадоўга да гэтага была звычайнай сярэдняй школай. У 2022 годзе з гімназіі выпусціўся Аляксандр Віктаравіч Лукашэнка.

Кантынгент у кампанію да ўнукаў Лукашэнка падабраўся адпаведны. Дзякуючы Кіберпартызанам, мы даведаліся, што ў гімназіі №16 вучыліся альбо вучацца дзеці беларускіх чыноўнікаў, спартоўцаў, бізнесоўцаў і сілавікоў. Напрыклад, унучка былога кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, дачка Генеральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася, унук былога першага віцэ-прэм'ера і пасла Беларусі ў Расеі Уладзіміра Сямашка і ўнучка экс-прэмʼера Андрэя Кабякова.

Навучэнцам даступныя крыты тэнісны корт, басейн і трэнажорная зала. Але ў частцы адукацыйнага працэсу ўсё не так вясёла. У 2019 годзе ў адкрытым доступе апынуўся дакумент для службовага карыстання з рэйтынгамі гімназіяў па вучэбных прадметах за 2016 год. Гімназія №16 сярод усіх толькі па фізіцы апынулася на 25-м месцы з 30 прадстаўленых. Па ўсіх астатніх прадметах яна не патрапіла нават у топ-30. Ды і рэпутацыя ў гімназіі не самая лепшая. Першы дырэктар гімназіі Алег Бадалаў быў асуджаны на восем гадоў за карупцыю.

На сайтах водгукаў таксама ёсць энная колькасць скаргаў на паборы з боку адміністрацыі школы, якая змушае здаваць грошы на рамонт класаў.

Скардзяцца і на перагружанасць класаў, дзе па 30-40 чалавек. Аднак, насуперак здароваму сэнсу і рэйтынгу, у гімназіі няма адбою ад жадаючых атрымліваць там веды – класы перапоўненыя.

Разбірацца з гэтымі праблемамі, па ідэі, павінен апякунская рада. У яго склад уваходзяць жонка Віктара Лукашэнкі Лілія і яе знаёмая Людміла Няронская.

Аб іх асабістых і бізнес-адносінах мы распавядалі ў адным з нашых папярэдніх расследаванняў, калі высветлілі, што Няронская цяпер сярод саўладальнікаў адзінай у Беларусі прыватнай клінікі, дзе робяць аперацыі з замежнымі эндапратэзамі. Раней у апякунскай радзе знаходзіліся Інэса Зась, жонка Станіслава Зася, і Ірына Татарнікава, дачка Уладзіміра Сямашка.

Аўтар: Аляксей Карпека, рэдактарка: Вольга Ратмірава

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць