Навіны з Чалым 11 красавіка

Хто дапамог Трампу з формулай мытаў і навошта беларускім службоўцам ChatGPT

Прапаганда кансэнсусу і «Смерць ад Кітая» — разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 12 «Пра рэалізацыю асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы», а ChatGPT адказаў, як самым простым спосабам ЗША кампенсаваць дысбалансы ў двухбаковым вонкавым гандлі з дапамогай тарыфаў. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы скаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Гандлёвая вайна Трампа
02:30 Пошліны ЗША абышлі Беларусь і Расею
03:40 Спытай у Чата-GPТ
06:00 «Траечнікі ва ўладзе»
08:00 Канец беларускай гісторыі

Формула сусветнага хаосу

«Вы пэўна ўжо чулі, што ідэя ўзыходзіць да кнігі Пітэра Навара “Смерць ад Кітая”. Менавіта на яе на Amazon наткнуўся Джарэд Кушнер, зяць тады яшчэ кандыдата ў прэзідэнты Доналда Трампа, які ішоў на свой першы тэрмін. А чаму ён на яе набрыў? Таму што Трамп даручыў Кушнеру сфармуляваць яму хоць нейкую выразную пазіцыю, што дазваляе выглядаць рашучым у адносінах з Кітаем. Пры такой пастаноўцы задання выбар кнігі, улічваючы назву, быў відавочны.

З той пары Навара на розных пазіцыях працягвае заставацца вядучым эканамічным дарадцам Трампа. Шмат якія медыі пісалі, што свае ідэі Навара падмацоўваў аўтарытэтам выдуманага эксперта Рона Вары, чыё імя з'яўляецца анаграмай яго прозвішча.

Але абсурднасць сітуацыі зусім не ў гэтым. Пасля таго, як формула вылічэння тарыфаў стала вядомай, у шмат якіх адмыслоўцаў з'явіліся сур'ёзныя падазрэнні, што яна была сфармуляваная штучным інтэлектам. Справа ў тым, што абсалютна ўсе вялікія моўныя мадэлі (ChatGPT, Claude Sonnet, Gemini, Grok, DeepSeek) даюць практычна ідэнтычны адказ, які зводзіцца да гэтай формулы, на запыт “як самым простым спосабам ЗША кампенсаваць дысбалансы ў двухбаковым вонкавым гандлі з дапамогай тарыфаў?” …

Калі ж удакладніць у запыце пра разумныя тарыфы, некаторыя з мадэляў проста параяць ужыць тарыф у палову атрыманай па формуле велічыні. То бок роўна тое, што зрабіў Трамп, прыпісаўшы гэта сваёй велікадушнасці».

Якое пытанне — такі адказ

«І тут жа рэч не ў тым, што карыстацца ChatGPT дрэнна. Гэта прылада, якая пры ўсіх сваіх памылках усё-такі ў большасці выпадкаў дае даволі разумныя адказы. Таму што вялікія моўныя мадэлі — гэта машыны па вытворчасці банальнасцяў. Іх адказ выяўляе складзены кансэнсус. 

Але пры гэтым распрацоўшчыкі мадэляў сумленна папярэджваюць, што спадзявацца на гэтыя парады нельга. І ўжо тым больш пры прыняцці рашэнняў, якія могуць увесці ўвесь свет у хаос. А ў дадзеным выпадку здарылася менавіта тое, пра што папярэджвалі. Пра небяспеку слепа абапірацца і давяраць штучнаму інтэлекту. 

Чаму ChatGPT выдаў такі тупы адказ? Ды таму, што яму задалі тупое пытанне. Зусім нікому не прыходзіла ў галаву скарыстаць мыты для балансавання вонкавага гандлю таварамі, апроч аднаго фрыка ад эканомікі.

А паколькі ўсе вялікія мадэлі ШІ праіндэксавалі ўсё ў інтэрнэце, да чаго змаглі далезці, не важна легальна ці нелегальна, то яны ўсе і выдалі аднолькавы адказ. Таму што ён адзіны». 

Пра прапаганду разумення дзяржаўнасці, якое падзяляе грамадства

«Беларускім службоўцам таксама варта было б узяць гэты досвед на ўзбраенне. Калі б яны спыталіся ў ChatGPT, то, глядзіш, не спатрэбілася б 30 гадоў, каб сфармуляваць ідэалогію беларускай дзяржавы. Дакладней, пакуль толькі асновы ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, якія былі зацверджаны Лукашэнкам, — дырэктыву № 12. 

Хоць у штучнай дурасці беларускія службоўцы не маюць патрэбы. Сваёй хапае з лішкам. І пачынаецца яна ўжо даслоўна з суправаджалкі, якая тлумачыць патрэбу прыняцця дырэктывы: “Дырэктывай прадугледжваецца … прапаганда разумення дзяржаўнасці беларускага народу, якое падзяляе ўсё грамадства”. З чаго неадкладна робіцца зразумела, што дадзенае тлумачэнне не з'яўляецца сапраўднай прычынай. Таму што няма сэнсу прапагандаваць тое, што і так падзяляецца ўсім грамадствам». 

Святы абавязак і безумоўная падтрымка

«Людзям адкрыта прапануецца безумоўная падтрымка дзеянняў улад, замест магчымасці сфармуляваць заказ на такую палітыку, магчымасці ўплываць на яе выпрацаванне ці змену. Змены ў гэтай ідэалогіі зусім не прадугледжаныя. Складзеная ў Беларусі грамадская мадэль падаецца як канчатковы і беззваротны вынік усёй тысячагадовай гісторыі беларускага народу. Як сказаў бы Фрэнсіс Фукуяма, канец беларускай гісторыі. І як мы ведаем з лёсу тэзы самога Фукуямы, канцэпты канца гісторыі ўзнікаюць якраз тады, калі стары парадак стаіць на мяжы злому.

І роўна так, як з адзінствам, гэта добра разумеюць улады. Менавіта таму непахісным і вечным аб'яўляецца тое, што можа быць аддадзена рэвізіі. Хоць зусім нармальна, што тое, што яшчэ нядаўна здавалася аптымальным, напрыклад, прэзідэнцкая форма кіравання, заўтра можа быць непажаданым. Але не. Яшчэ адным заданнем ідэалагічнай працы аб'яўляецца “выхаванне патрыятызму як гатовасці кожнага грамадзяніна бараніць інтарэсы дзяржавы, яе канстытуцыйны лад”. А ўжо ў саміх асновах ідэалогіі гатовасць бараніць канстытуцыйны лад называецца “святым доўгам і абавязкам кожнага беларуса”.

Кожнага беларуса, а не толькі асобнага ўпраўлення па абароне канстытуцыйнага ладу Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Таму што КДБ адзін ужо не спраўляецца».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Закрыць