БРЦ выявіў пастаўкі «Ронтэк машын тулс» больш чым на $8 млн расейскім прадпрыемствам з арбіты ваеннай прамысловасці.

З верасня 2022 года па чэрвень 2025-га беларускае прадпрыемства «Ронтэк машын тулс» паставіла прадукцыі больш чым на $8,3 млн расейскім фірмам, звязаным з ваенна-прамысловым комплексам. Сярод атрымальнікаў — кампанія пад санкцыямі ЗША і партнёры вытворцаў узбраенняў і дэталяў да іх, у тым ліку з пераліку расейскага АПК. Пастаўкі ўключалі апрацоўчыя цэнтры і станкі. Еўразвяз забараніў экспартаваць у Расею такія тавары, паколькі яны могуць спрыяць умацаванню расейскага ваенна-прамысловага патэнцыялу.

Больш за $4 млн аднаму дыстрыб’ютару

Адным з найбуйнейшых пакупнікоў, якога выявіў БРЦ, стала расейская «Венде Групп». З верасня 2022 года па сакавік 2025-га «Ронтэк машын тулс» паставіла ёй прадукцыі на $4,23 млн.

У лютым 2024 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло супраць «Венде Групп» санкцыі. У абгрунтаванні амерыканскага ведамства гаворыцца, што кампанія пастаўляе расейскім прадпрыемствам рэжучыя інструменты і металаапрацоўчае абсталяванне з лічбавым праграмным кіраваннем. Сама «Венде Групп» паведамляла, што выконвае дзяржаўныя замовы і забяспечвае патрэбы абаронных прадпрыемстваў. Яе супрацоўнікі таксама ўдзельнічалі ў ваенна-тэхнічным форуме «Армия», дзе прадстаўлялі станок «Ронтэк».

Крыніца: Інстаграм-акаўнт «Венде Групп». Ваенна-тэхнічны форум «Армия 2023»

Журналіст БРЦ звязаўся з «Венде Групп» і прадставіўся супрацоўнікам «Ронтэк машын тулс». У кампаніі пацвердзілі, што перапрадавалі станкі беларускага вытворцы ў 2022—2024 гадах. Паводле слоў суразмоўцы, сярод кліентаў дыстрыб’ютара ёсць прадпрыемствы машынабудавання і суднабудаўнічай галіны. Назваць канкрэтныя арганізацыі ён адмовіўся.

«Для якіх далей задач яны (станкі — рэд.) выкарыстоўваюцца, мы як бы не ў курсе. Нам дэталяў не паказваюць», — сказаў супрацоўнік «Венде Групп».

Прадукцыі на $2,7 млн ад «Ронтэк машын тулс» з верасня 2023-га па чэрвень 2025 года атрымала кампанія «СФ Урал». На сваім сайце яна называла сярод партнёраў прадпрыемствы расейскага ВПК. У прыватнасці, «Мотовилихинские заводы», якія выпускаюць артылерыйскія сістэмы, мінамёты і рэактыўныя сістэмы залпавага агню, і Аб'яднаную рухавікабудаўнічую карпарацыю, якая вырабляе ў тым ліку рухавікі для ваеннай авіяцыі і ракетна-касмічнай тэхнікі. БРЦ не ўстанавіў, ці пастаўляла «СФ Урал» атрыманае ад «Ронтэк машын тулс» абсталяванне менавіта гэтым прадпрыемствам.

З верасня 2022-га па сакавік 2023 года прадукцыю на $852 тыс. атрымала ніжагародскае «Рост НН». Паводле расейскага рэестра, адным з відаў дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць боепрыпасаў. [*] [*]

У студзені-лютым 2023 года прадукцыі «Ронтэк машын тулс» на $245,6 тыс. атрымала кампанія «Металлмаш», якая пазней, у снежні таго ж года, трапіла пад санкцыі ЗША. У верасні 2022-га абсталяванне яшчэ прыкладна на $200 тыс. атрымаў Пецярбургскі трактарны завод. Прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі Украіны і ўваходзіць у закрыты пералік арганізацый расейскага абаронна-прамысловага комплексу, апублікаваны ў 2025 годзе расейскім Цэнтрам «Досье». Прадукцыі на $79 тыс. атрымаў Электрастальскі завод цяжкага машынабудавання — арганізацыя таксама ўваходзіць у пералік расейскіх прадпрыемстваў АПК.

Крыніца: БРЦ

Пры гэтым сувязь пакупнікоў з расейскім абаронна-прамысловым комплексам сама па сабе не азначае, што пастаўленае ім абсталяванне выкарыстоўвалася непасрэдна для вытворчасці ўзбраенняў.

12 станкоў на прадпрыемстве расейскага АПК

БРЦ знайшоў і прыклад выкарыстання абсталявання «Ронтэк машын тулс» на прадпрыемстве, якое трапіла ў поле зроку ўкраінскай выведкі. Увесну 2026 года ГУР паведаміла, што на пецярбургскім «Ресурсе», які вырабляе абсталяванне і кампаненты для расейскай прамысловасці, усталяваны станок беларускага вытворцы. У адказе на запыт БРЦ Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны пацвердзіла, што гэта прадпрыемства супрацоўнічае з абароннымі арганізацыямі — «Обуховский завод», Карпарацыяй «Тактическое ракетное вооружение», Дубненскім машынабудаўнічым заводам імя Н.П. Фёдарава. Таксама ў ведамстве пацвердзілі, што на «Ресурсе» усталяваны станок Rontek VMC 60C. [*]

Крыніца: «Сайт Ронтэк машын тулс». Rontek VMC 60C

Журналіст БРЦ, прадставіўшыся супрацоўнікам «Ронтэк машын тулс», звязаўся з генеральным дырэктарам «Ресурса» Міхаілам Амасоўскім. Той распавёў, што на прадпрыемстве ўсталявана 12 станкоў Rontek VMC 60C. Паводле слоў Амасоўскага, іх паставіла «Венде Групп». Станкі выкарыстоўваюць для фрэзеравання і апрацоўкі корпусных дэталяў.

«Якасць [станкоў] задавальняе, машынкі працуюць. Так, там былі нейкія нюансы, але іх дастаткова аператыўна хлопцы, якія нам іх прадавалі, ліквідуюць… Для нас гэта рабочыя конікі, якія 24/7 працуюць», — расказаў Амасоўскі.

Ён таксама паведаміў, што амаль усе кліенты прадпрыемства звязаныя з расейскай абароннай прамысловасцю.

«Нават не большая частка, а 98%. Там рознае: прыборабудаванне, малое машынабудаванне і іншыя рэчы, якія з гэтым звязаныя, але ў асноўным ВПК. Ну і, адпаведна, наша кампанія ўваходзіць у аб'яднаны рэестр прадпрыемстваў АПК», — сказаў дырэктар «Ресурса».

Паколькі рэестр прадпрыемстваў расейскага АПК засакрэчаны, БРЦ не змог пацвердзіць словы Амасоўскага пра тое, што «Ресурс» у яго ўваходзіць.

Што могуць рабіць такія станкі

«Ронтэк машын тулс» вырабляе металаапрацоўчае абсталяванне: вертыкальныя, гарызантальныя, партальныя і пяцівосевыя апрацоўчыя цэнтры. Яны дазваляюць з высокай дакладнасцю фрэзераваць, свідраваць і апрацоўваць металічныя нарыхтоўкі і могуць выкарыстоўвацца як у грамадзянскай прамысловасці, так і пры вытворчасці ваеннай тэхнікі.

На сваім сайце «Ронтэк машын тулс» указвае, што гарызантальныя цэнтры серыі HMC падыходзяць для апрацоўкі корпусных дэталяў, кампанентаў рухавікоў і каробак перадач. Пяцівосевыя цэнтры VM прызначаныя ў тым ліку для вырабу складаных дэталяў — напрыклад, лапатак турбін. Партальныя цэнтры GMC могуць ужывацца ў суднабудаванні, авіябудаванні і ракетна-касмічнай галіне.

Паводле слоў дырэктаркі па аналітыцы, даследаваннях і расследаваннях Савету эканамічнай бяспекі Украіны Олены Юрчанкі, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем «Ронтэк машын тулс» з'яўляюцца абсталяваннем падвойнага прызначэння.

«Гарызантальныя апрацоўчыя цэнтры — базавае абсталяванне серыйнай вытворчасці корпусных дэталяў. На іх вырабляюцца блокі і галоўкі блокаў дызеляў бранятэхнікі і суднавых установак, картары трансмісіяў і бартавых рэдуктараў, карпусы гідраразмеркавальнікаў і прыводаў. <...> Вертыкальныя цэнтры ўтвараюць найбольш масавы сегмент. На іх вырабляюцца кранштэйны, фітынгі, дробныя карпусы, дэталі ўзрывальнікаў і засцерагальна-выканаўчых механізмаў, а таксама тэхналагічная аснастка», — прывяла прыклады выкарыстання ў ваеннай вытворчасці Юрчанка.

Пяцівосевыя і партальныя цэнтры, паводле яе слоў, выкарыстоўваюцца сярод іншага ў вытворчасці малагабарытных рухавікоў крылатых ракет, БПЛА, шпангоўтаў і днішчаў бакаў ракет-носьбітаў, рам пускавых установак.

Кітайская тэхналогія ў «Вялікім камені»

«Ронтэк машын тулс» зарэгістравалі ў Беларусі ў кастрычніку 2017 года. Вытворчасць кампаніі знаходзіцца ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

У кастрычніку 2023 года «Ронтэк машын тулс» і кітайская Shandong DEED Precision Machine Tool падпісалі пагадненне аб намерах па стварэнні вытворчасці высокадакладных станкоў. Тады ж пачалося будаўніцтва заводу.

На цырымоніі падпісання пагаднення прысутнічалі былы амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, тагачасны кіраўнік «Вялікага каменя» Аляксандр Ярашэнка і мэр кітайскага гораду Цзінь-Ін. Пасля падпісання старшыня Shandong DEED Precision Machine Tool Чэнь Юн асобна адзначыў падтрымку беларускага ўрада.

Яшчэ на этапе будаўніцтва кіраўніцтва «Вялікага каменя» называла Расею асноўным рынкам для прадпрыемства. У 2024 годзе вытворчасць наведала намесніца міністра эканомікі Беларусі Алеся Абраменка.

Уладальнікам і дырэктарам «Ронтэк машын тулс» з'яўляецца беларус Валерый Шчурок. [*] [*] Кампанія ўваходзіць у групу «БАЗ» разам з «БАЗДорМАШ» і «БАЗцьюб». Гэтыя прадпрыемствы ўжо траплялі ў поле зроку журналістаў праз сувязі з расейскім ваенна-прамысловым комплексам. «БАЗДорМАШ» фігуравала ў расследаванні БРЦ аб пастаўках дэталяў расейскім абаронным прадпрыемствам. У 2024 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць «БАЗцьюб» за працу з расейскім ВПК.

Журналіст БРЦ звязаўся з дырэктарам «Ронтэк машын тулс» Валерыем Шчурком і спытаў яго пра выяўленыя намі пастаўкі расейскім кампаніям, звязаным з АПК.

«Мы ў Расею станкоў ніякіх не пастаўлялі. Мы пастаўлялі іх дылерам. Куды станкі прадаюцца, я, шчыра кажучы, не ведаю. Мы тут дамовы ніякія не падпісваем. У нас уся рэалізацыя ў Расею ідзе праз дылераў. <...> То бок яны падбіраюць інструмент, падбіраюць тэхналогію, разумееце, мы туды не лезем, гэта іх хлеб. Мы вырабляем станкі», — сказаў Шчурок.

Паводле яго слоў, кампанія не запытвае ў дылераў, ці звязаныя іх кліенты з расейскай абароннай прамысловасцю. Пры гэтым дырэктар «Ронтэк машын тулс» паведаміў, што цяпер кампанія ўжо не працуе з «Венде Групп» і «СФ Урал».

Станкі на замену заходнім

Пастаўкі «Ронтэк машын тулс» адбываюцца на фоне пераарыентацыі беларускага станкабудавання на расейскі рынак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. З таго часу экспарт прадпрыемстваў станкабудаўнічай галіны сістэмы беларускага Мінпрама вырас прыкладна ўдвая ў параўнанні з узроўнем 2021 года. Паралельна беларускія і расейскія заводы пачалі выпускаць так званыя саюзныя станкі, якія павінны замяніць заходняе абсталяванне.

БРЦ накіраваў запыт Shandong DEED Precision Machine Tool з просьбай пракаментаваць пастаўкі станкоў «Ронтэк машын тулс» кампаніям, звязаным з расейскай ваеннай прамысловасцю. Аналагічныя запыты БРЦ накіраваў і іншым прадпрыемствам, згаданым у матэрыяле. На момант публікацыі адказаў ад іх не паступіла.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць