Антыфэйк / фактчэк

15 лістапада 2023

Фэйкі тыдня: Беларусь першай у гісторыі эвакуявала сваіх грамадзян за грошы, а на Данбасе загінула 2,5 тысячы дзяцей

А таксама: Балгарыя і Румынія — жабракі, а Экватарыяльная Гвінея — заможная краіна, у Нямеччыне дызельныя аўто больш выгадныя за электрычныя. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Балгарыя і Румынія — жабрацкія краіны

Еўрапейская камісія 8 лістапада прадставіла даклад, у якім рэкамендавала пачаць перамовы пра членства Украіны ў ЕЗ. У той жа дзень, каментуючы гэтую падзею, дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў заявіў, што ў ЕЗ і так хапае краін-жабракоў.

«Але Польшча хоць бы дэманструе эканамічныя поспехі. А цэлы шэраг маладых еўрапейцаў, такіх як Балгарыя, Румынія або Албанія, якую хочуць узяць таксама, гэта зусім жабрацкія, насамрэч, дзяржавы», — распавёў Бяляеў у эфіры «Альфа Радыё».

Узровень жыцця ў Балгарыі і Румыніі значна вышэйшы, чым у Беларусі.

Паводле дадзеных Сусветнага банку, у 2022 годзе ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці ў Румыніі складаў $41 тыс. на чалавека, у Балгарыі — $33 тыс., у Беларусі — $22 тыс. 

Сярэдні заробак у Балгарыі складае €985, у Румыніі — €790, а ў Беларусі — €570.

Фэйк №2: Экватарыяльная Гвінея — заможная дзяржава

Праўладны беларускі палітолаг Вадзім Гігін распавёў, з кім, на яго думку, Беларусі трэба развіваць супрацу.

«Афрыка зрабіла вельмі сур'ёзны рывок у сваім развіцці ў апошнія гады. Расце дабрабыт, упершыню павялічылася колькасць людзей па-за голадам, якія жывуць досыць заможна нават у некаторых краінах. Вазьміце нават тую Экватарыяльную Гвінею. Яна, калі ўзяць ВУП на душу насельніцтва, адна з найбагацейшых краін Афрыкі. Гэта прыродныя рэсурсы перш за ўсё», — заявіў ён у эфіры БелТА 6 лістапада.

Экватарыяльная Гвінея стала адной з самых эканамічна паспяховых краін Афрыкі пасля адкрыцця буйных радовішчаў нафты і газу. Яны даюць каля 90% даходаў яе бюджэту.

Пры гэтым ВУП Экватарыяльнай Гвінеі ніжэйшы, чым у Беларусі. За рысай беднасці ў гэтай краіне працягвае жыць каля 67% насельніцтва. 

Фэйк №3: на Данбасе з 2014 года загінула 2,5 тысячы дзяцей

Кіраўніца прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская абвінаваціла Захад у гібелі вялікай колькасці дзяцей ва ўзброеных канфліктах.

«Я цяпер кажу пра паўмільёна сірыйскіх дзяцей, я цяпер кажу пра 2,5 тысячы дзяцей Данбасу. І гэта называецца спадарожнымі стратамі. Гібель такой колькасці дзяцей называецца спадарожнымі стратамі», — заявіла яна 4 лістапада ў перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1».

Паводле ацэнак Сірыйскага цэнтру маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (SOHR), за дзесяць гадоў з пачатку Грамадзянскай вайны ў Сірыі загінулі 25 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. 500 тыс. — колькасць усіх загінулых у гэтым канфлікце, уключаючы вайскоўцаў і баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

У 2022 годзе на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме (ПМЮФ) кіраўнік Следчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін заявіў, што з 2014 года па 24 лютага 2022-га ў «ДНР» і «ЛНР» было забіта каля 2,5 тыс. дзяцей. Аднак, праз год ён даў іншую ацэнку.

«З 2014-га да канца красавіка 2023 года на тэрыторыях ЛДНР, Херсонскай і Запарожскай абласцей у выніку баявых дзеянняў загінула больш за 5 тысяч чалавек, у тым ліку 138 непаўналетніх», — паведаміў Бастрыкін на ПМЮФ 2023 года.

Фэйк №4: У Нямеччыне выкарыстоўваць электрамабілі стала даражэй, чым машыны на дызельным паліве

Эканаміст Георгій Грыц 3 лістапада ў эфіры перадачы «Ёсць пытанне!» на тэлеканале «БелРос» заявіў, што ў ФРГ стала не выгадна мець электрамабілі.

«Вельмі шмат гаварылася пра перспектывы і таннасць электрааўтамабіляў. Сёння, калі ў Еўропе, у прыватнасці, у Нямеччыне, падаражэла электрычнасць — таму што энергарэсурсы — запраўка, эксплуатацыя электрамабіля ў 1,5 разы даражэй, чым запраўка на дызель», — сказаў ён. 

Кошт ладавання электрамабіля на зараднай станцыі ў ФРГ складае 61 еўрацэнт за 1 кВт-гадзіну. Ад хатняй разеткі — 46 цэнтаў. Выдаткі дызельнага аўтамабіля ў сярэднім складаюць 7 літраў паліва на 100 км.  Яго запраўка абыдзецца ў €12,46. Электрамабіль на 100 км расходуе 20 кВт-гадзін. Па мінімальным тарыфе кошт яго эксплуатацыі складзе €9,2. Па максімальным — €12,2. 

Фэйк №5: Беларусь упершыню ў гісторыі арганізавала платны эвакуацыйны авіярэйс

Праз месяц пасля пачатку канфлікту ХАМАС і Ізраілю Беларусь арганізавала эвакуацыйны рэйс на радзіму для сваіх грамадзян. Кошт квітка на гэты самалёт склаў $550. Па словах тэлевядоўцы Дзяніса Дудзінскага, гэта — першы такі выпадак у гісторыі.

«Платны рэйс! Спадарыні і спадары, упершыню ў гісторыі гуманітарнай эвакуацыі, гуманітарных калідораў гуманітарная эвакуацыя ажыццяўлялася за грошы. 550 долараў у адзін бок», — заявіў ён у эфіры ютуб-канала «Звычайная раніца» 9 лістапада.

Платна эвакуявала сваіх грамадзян з Ізраілю не толькі Беларусь. ЗША вывозілі адтуль амерыканцаў толькі пасля таго, як тыя падпісвалі абавязанне вярнуць ўсе панесеныя транспартныя выдаткі ў 30-дзённы тэрмін. Такія правілы прапісаны ў амерыканскім законе.

Нямецкіх грамадзян вярталі адмысловымі рэйсамі Lufthansa. За пералёт яны плацілі па €300. Яшчэ па €250 за кожнага пасажыра перавозчыку даплачвала дзяржава.

Італьянцаў, якія затрымаліся ў Ізраілі, вывозілі як вайсковымі самалётамі, так і камерцыйнымі рэйсамі паводле кантраляваных тарыфаў — €360 з чалавека.

Канадцаў эвакуявалі ваеннымі самалётамі толькі да Афінаў, адтуль яны ўжо дабіраліся ў Канаду самі і за свой кошт.

Нарвежцы за эвакуацыйны рэйс плацілі каля €580. 

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі