Сюжэт, прысвечаны беларусам, якія з'ехалі, тэлерадыёкампанія Брэст выпусціла ў праграме «Прамая размова» 10 чэрвеня 2024 года.
«Жыхары Еўразвязу ледзь стрымліваюць алергію на змагароў з чужымі рэжымамі, якія панаехалі», — распавядае вядоўца дзяржтэлеканалу Марыя Варакуліна ў падводцы да відэа.
Далей паказваюць інтэрв'ю з ананімным экспертам, які адказвае на пытанне пра рост антыбеларускіх настрояў у Літве.
— Чыста эмацыйная рэакцыя — гэта рэакцыя на раздражняльнік. З'яўляюцца людзі, якія ўздымаюць менавіта гісторыю свайго народу, сваёй дзяржавы, лічаць яе ў чымсьці лепшай за суседзяў, прысвойваюць сабе нейкія гістарычныя дасягненні, заяўляюць, што вось той ці іншы князь быў ні ў якім разе не літоўцам, ён быў беларусам, — адказвае эксперт.
Гэта цытата з інтэрв'ю з літоўскім палітолагам Уладзімірам Лаўчусам, якое выйшла на партале «Маланка-медыя». У відэа беларускага тэлеканалу заўважная злепка розных фраз. Мы знайшлі арыгінальны сюжэт і паслухалі, што Лаўчус казаў на самой справе.
«Чыста эмацыйная рэакцыя — гэта рэакцыя на раздражняльнік», — так гучыць першая фраза палітолага ў відэа на ТРК Брэст.
«Гэта чыста эмацыйная рэакцыя на раздражняльнік. У дадзеным выпадку гэтым раздражняльнікам вядома ж выступае імперская палітыка і дзеянні Расейскай Федэрацыі», — кажа эксперт у арыгінале відэа.
То бок палітолаг распавядае зусім не пра рэакцыю на беларусаў, якія прыехалі.
Далей у сюжэце «Беларусь 4» Лаўчус кажа: «З'яўляюцца людзі, якія ўздымаюць менавіта гісторыю свайго народу, сваёй дзяржавы, лічаць яе ў чымсьці лепшай за суседзяў, прысвойваюць сабе нейкія гістарычныя дасягненні, заяўляюць, што вось той ці іншы князь быў ні ў якім разе не літоўцам, ён быў беларусам».
Гэтая фраза ў арыгінале інтэрв'ю гучыць гэтак жа, але кажа яе эксперт у іншым кантэксце:
«Нейкія падобныя рэчы могуць адбывацца пры любым нацыянальным адраджэнні, няхай гэта будзе літоўскае, польскае, беларускае нацыянальнае адраджэнне. З'яўляюцца людзі, якія ўздымаюць менавіта гісторыю свайго народу, сваёй дзяржавы, лічаць яе ў чымсьці лепшай за суседзяў, прысвойваюць сабе нейкія гістарычныя дасягненні, заяўляюць, што вось той ці іншы князь быў ні ў якім разе не літоўцам, ён быў беларусам. Здараюцца такія рэчы, але тут павінны гісторыкі высвятляць усё гэта».
Больш за тое, літоўскі палітолаг у гэтым інтэрв'ю выказаў меркаванне, супрацьлеглае сцвярджэнню вядоўцы беларускага тэлеканалу пра тое, што ў літоўцаў ёсць алергія на беларусаў.
«Такой наогул з'явы, што ў Літве моцна змянілася да горшага стаўленне да беларусаў, я б не сказаў. Дзесьці, нешта, нейкія раздражняльныя фактары прысутнічаюць. Зноў жа, я паўтаруся, я звязваю іх з вайной, якую Расея вядзе супраць Украіны».