Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
На ТРК Гомель заявілі, што Еўропа нарошчвае гандаль з Расеяй у рублях. І амаль не схлусілі
Даведаліся чаму Расея атрымала рэкордную выручку ў рублях за экспарт з краін Еўропы.
Паказнікі гандлю Расеі з Еўразвязам выраслі, нягледзячы на вайну ва Украіне і санкцыі, паведаміла тэлерадыёкампанія Гомель. Журналісты Weekly Top Fake разабраліся, як супрацоўнікі дзяржСМІ прыйшлі да такой высновы.
Вядоўца перадачы «Навіны-Сеткі» на ТРК Гомель Міхаіл Садоўскі ў эфіры 28 траўня паведаміў, што Еўразвяз працягвае гандляваць з Расеяй на выгаднейшых для Масквы ўмовах.
«З Расеяй банальна выгадней гандляваць, чым з той жа Літвой, нават ва ўмовах беспрэцэдэнтных санкцый. Еўразвяз працягвае гандаль з Расеяй, нягледзячы на гучныя заявы. У сакавіку Расейская Федэрацыя атрымала рэкордную выручку ў рублях за экспарт з краін Еўропы. Доля расейскай валюты склала 58,5%. Вялікую ролю ў гэтым згуляў энергетычны сектар, сцвярджаюць эксперты. Растлумачу: Стары Свет не проста не спыніў гандлёвага ўзаемадзеяння з Расеяй, а працягвае гандаль на ўмовах, выгаднейшых Расеі. Шах і мат пратэрмінаванаму Зяленскаму», — заявіў Садоўскі.
У пацвярджэнне сваіх словаў, вядоўца прадэманстраваў артыкул з сайта РБК, але не ўдакладніў, што ў ім эксперты да рэгіёну «Еўропа» адносяць і Беларусь. З нашай краінай вялікая доля разлікаў ідзе ў расейскіх рублях.
Такім чынам, калі скарачаецца гандаль з краінамі ЕЗ, а даставы ў Беларусь застаюцца стабільнымі ці растуць, то ў статыстыцы гэта адлюстроўваецца як узрост долі рубля ў разліках. Расея магла нарасціць даставы сырой нафты ў Беларусь — адгэтуль і ўзрост разлікаў у рублях па энерганосьбітах, адзначаецца ў артыкуле.
Паводле дадзеных Еўрастата, імпарт у ЕЗ з Расеі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне скараціўся ў дзевяць разоў, экспарт ЕЗ у Расею скараціўся ўтрая.