Foxnews хлусіць, а «Беларусь-1» дорыць людзям праўду

Антыфэйк / фактчэк

18 сакавіка 2022

Фэйкі тыдня: Foxnews хлусіць, а «Беларусь-1» дорыць людзям праўду

Агенцтва тэленавін тэлеканалу «Беларусь-1» паспяшалася аб'явіць сябе крыніцай ісціны і пашкадаваць амерыканскага тэлегледача, якому недаступна АТН і ён не ведае, што Уладзімір Зяленскі насамрэч не наведваў ваенны шпіталь

Агенцтва тэленавін тэлеканалу «Беларусь-1» на мінулым тыдні паспяшалася аб'явіць сябе крыніцай ісціны і пашкадаваць амерыканскага тэлегледача, якому недаступна АТН і ён не ведае, што Уладзімір Зяленскі насамрэч не наведваў ваенны шпіталь.

«Усе свабодныя краіны (Расея і Беларусь), у якіх ёсць плюралізм меркаванняў і існуе разнастайнасць крыніц інфармацыі, дзень троляць Зяленскага, які зрабіў выгляд, што наведаў сёння ваенны шпіталь. Высветлілася, што на відэа загінулая 26 лютага жанчына, а значыць гэтае відэа дасталі з «падвала», каб зрабіць выгляд, што Зяленскі ў Кіеве. Але! Амерыканскаму тэлегледачу гэтага ведаць не належыць. Foxnews ніколі пра гэта не раскажа!», – напісалі ў тэлеграм-канале АТН.

Тут трэба растлумачыць, што Уладзімір Зяленскі выклаў на сваім афіцыйным ютуб-канале відэазапіс, як ён наведвае ў шпіталі параненых салдат ЗСУ. Украінскі дэпутат Ілля Ківа ў адказ заявіў, што на відэа побач з Зяленскім ідзе ваенны медык Іна Дзярусава. А гэтага быць не можа, бо жанчына загінула 26 лютага 2022 года. Значыць, робіць заключэнне Ківа, відэа знята загадзя, а Зяленскі не ў Кіеве.

Расейскія і беларускія СМІ паспяшаліся гэта перадрукаваць як сенсацыю. Але аказалася, што не ўсё так проста. Ваенны медык Іна Дзярусава загінула ў званні сяржанта. А на відэа, мяркуючы па пагонах, жанчына-генерал. Іх не так шмат ва Украіне, каб не высветліць, што побач з Зяленскім генерал медычнай службы Таццяна Асташчанка. Яна камандуе Медычнымі сіламі ЗСУ. Вонкава таксама падобная. Значыць, відэа аказалася праўдзівым.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі