Антыфэйк / фактчэк

08 лістапада

«Мінская праўда»: экс-галоўнакамандуючы УСУ замяшаны ў карупцыйным скандале. Праверылі, ці так гэта

Валерый Залужны быў галоўнакамандуючым УСУ. Яго зона адказнасці — сітуацыя на фронце.

Былы галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны замяшаны ў карупцыйных скандалах, заявіла вядоўца ютуб-каналу «Мінскай праўды» Марына Субота. Каманда Weekly Top Fake разабралася, пра якія скандалы гаворка і ці мае да іх дачыненне Залужны. 

Экс-галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага ў датычнасці да карупцыі вядоўца ютуб-каналу «Мінскай праўды» Марына Субота абвінаваціла 25 кастрычніка 2024 года. 

«Экс-кіраўнік Узброеных сіл Украіны, які да гэтага часу ў карупцыйных скандалах, маштабам якіх пазайздросцілі б нават экс-намеснік міністра абароны Расеі, як вы памятаеце, быў адхілены і адпраўлены на ганаровую пенсію ў Вялікую Брытанію. Залужны — афіцыйна пасол Кіева ў Лондане. І гэты факт наўпрост адказвае на пытанне, чые інтарэсы ён абараняў на ўкраінска-расейскім фронце», — сказала вядоўца.

Карупцыйны скандал, які згадала Марына Субота, разгарэўся ў Міністэрстве абароны Украіны ў канцы лета — пачатку восені 2023 года. Цяперашні міністр абароны Украіны Рустэм Умераў у студзені 2024 года паведаміў, што тады выявілі крадзяжоў як мінімум на 10 млрд грыўняў (каля $270 млн). На фоне скандалу страціў пасаду былы міністр абароны Аляксей Рэзнікаў. 

Валерый Залужны быў галоўнакамандуючым УСУ. Яго зона адказнасці — сітуацыя на фронце. 

У адкрытым доступе няма абвінавачванняў у карупцыі на адрас Залужнага. Ён не згадваецца ў кантэксце карупцыйных скандалаў. Афіцыйная прычына яго адстаўкі — неабходнасць перазагрузкі ваеннай стратэгіі. Неафіцыйная — супярэчнасці паміж ім і Уладзімірам Зяленскім.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі