Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава 19 снежня 2023 года ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіла, што NATO вярнулася б да рабаўладання, калі б была такая магчымасць.

Партнёрскі матэрыял
Па беларускім дзяржТБ паказалі інтэрв'ю з афіцыйнай прадстаўніцай МЗС РФ Марыяй Захаравай, у якім яна па-свойму інтэрпрэтавала словы кіраўніка дыпламатыі ЕЗ Жазэпа Барэля.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава 19 снежня 2023 года ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіла, што NATO вярнулася б да рабаўладання, калі б была такая магчымасць. Сваю думку яна падмацавала нібыта словамі вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага звязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля. Але інтэрпрэтавала іх па-свойму. 

 «Таму мы кажам, што глабальная большасць не прымае дыктату, у аснове якога вось гэтая сегрэгацыя, адчуванне выключнасці, перавагі па праве, сабе прысвоенаму, каланіялізму. Далі б магчымасць рабоў мець, мне здаецца, што ўсё NATO да гэтага вярнулася. < ... > Жазэп Барэль прагаварыўся, ён сказаў за ўвесь заходні свет: "Свет дзеліцца на дзве часткі: на выдатны сад і дзікія джунглі, якія павінны працаваць на карысць прыгожага саду"», — сказала Захарава.

На самай справе Барэль такога не казаў. На адкрыцці Еўрапейскай дыпламатычнай акадэміі ў Бруге 13 кастрычніка 2022 года ён, калі  тлумачыў вонкавапалітычную ідэю Еўразвязу, параўнаў Еўропу з садам, а ўвесь астатні свет — з джунглямі.

«Еўропа — гэта сад. Мы пабудавалі сад: усё працуе, гэта найлепшая з калі-небудзь створаных чалавекам камбінацый палітычнай свабоды, эканамічнага росквіту і сацыяльнага згуртавання, — сказаў Барэль. — Астатні свет, большая частка іншых краін свету — гэта джунглі. А джунглі могуць здзейсніць уварванне ў сад. Садоўнікі павінны клапаціцца пра сад, але яны не будуць яго абараняць пры дапамозе выбудоўвання сцен».

Таксама кіраўнік дыпламатыі ЕЗ даваў тлумачэнні па гэтым выказванні ў сваім блогу: «Мая адсылка да "джунгляў" не мае расісцкага, культурнага або геаграфічнага падтэксту. На жаль, "джунглі" ёсць паўсюль, у тым ліку і сёння ва Украіне».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі