Антыфэйк / фактчэк

20 студзеня 2023

Літва пераймае досвед Беларусі ў пазбаўленні грамадзянства, а Украіна рыхтуецца да польскай акупацыі. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк 1: Швецыя пры ўступленні ў NATO гатовая размясціць у сябе ядравую зброю

Партнёрскі матэрыял
Урад Швецыі заявіў, што гатовы размясціць у сябе ядравую зброю пасля ўступлення ў NATO. Такая інфармацыя прагучала ў навінавым сюжэце тэлеканалу СТБ 10 студзеня 2023 года.

«Швецыя гатовая размясціць у сябе ядравую зброю пры ўступленні ў NATO. Пра гэта заявіў сёння прэм'ер-міністр краіны. Гэта пры тым, што іншыя скандынаўскія дзяржавы адмовіліся гэта рабіць», — кажа голас за кадрам.

Дакладную цытату прэм'ера Швецыі не далі. Магчыма, таму што на самой справе Ульф Крыстэрсан сказаў, што краіна лічыць неактуальным размяшчэнне ядравай зброі на сваёй тэрыторыі, як і яе скандынаўскія суседзі. 

«Мы бачым малаверагоднай, гэтак жа як і іншыя паўночныя краіны, актуальнасць размяшчэння ў мірны час ядравай зброі на нашай тэрыторыі», — так гучалі словы шведскага прэм'ера. 

На тое, што прарасейскія медыі сказілі сэнс яго выказвання, звярнуў увагу і сам Крыстэрсан.

«Ва ўсіх шведаў — як цывільных, так і ўсіх у форме — цяпер ёсць задача, больш важная, чым калі-небудзь, — быць вельмі пільнымі ў дачыненні да такой дэзынфармацыі. Яна накіраваная на стварэнне рознагалоссяў і нявызначанасці як унутры Швецыі, так і паміж Швецыяй і нашымі хаўруснікамі», — напісаў ён у фэйсбуку.

Акрамя таго, амбасада Швецыі ў Расеі звязалася з выданнем РБК, якое першым апублікавала гэтую навіну. 

«Амбасада Швецыі ў Маскве папярэдзіла РБК пра няправільнае цытаванне. Прэм'ер-міністр Крыстэрсан заявіў у сваім выступе, што Швецыя ўступае ў NATO без фармальных агаворак. Ён таксама сказаў, што, як і для іншых краін Паўночнай Еўропы, неактуальна мець ядравую зброю на сваёй тэрыторыі ў мірны час», — заявіў шведскі МЗС. 

РБК прызнала, што дапусціла памылку ў перакладзе словаў Крыстэрсана.

Фэйк 2: Аптэчкі, якія перадалі расейскім вайскоўцам, складаюцца выключна з беларускіх кампанентаў

Партнёрскі матэрыял
Расейскім вайскоўцам, якія прыбылі ў Беларусь, перадалі партыю аптэчак, якія складаюцца выключна з беларускіх кампанентаў. Пра гэта 6 студзеня 2023 года распавёў дзяржсакратар Савету Бяспекі Беларусі Аляксандр Вольфавіч.

«Ім былі ўручаны індывідуальныя медычныя аптэчкі, якія распрацаваны выключна на беларускіх прадпрыемствах і ўкамплектаваны беларускім складнікам», — працытавала Вольфавіча БелТА. 

Гэтыя аптэчкі «лепшыя за натаўскія», заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў пачатку студзеня 2023 года на Абуз-Лясноўскі палігон, дзе размешчаная расейская частка сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Як ён патлумачыў, іх распрацавалі пасля таго, як стары варыянт раскрытыкаваў яго малодшы сын Мікалай. Ён жа ўхваліў новы. 

Насамрэч аптэчкі аказаліся не цалкам беларускімі. І гэты фэйк выкрылі самі ж дзяржмедыі. 8 студзеня 2023 года ў эфіры тэлеканалу СТБ аптэчку разабралі і знайшлі ў ёй кітайскія кампаненты.

— Вось пэўная павязка, выглядае яна такім чынам, у ёй маецца дзве плёнкі, — распавёў адзін з распрацоўнікаў аптэчкі.

— Яна кітайская, так? — пацікавілася вядоўца.

— Так, яна выраблена Кітайскай Народнай Рэспублікай, цалкам дакладна. Тут чатыры найменні з аптэчкі выраблены ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, — пацвердзіў распрацоўнік. 

Беларуская фірма-вытворца гэтых аптэчак трапіла ў поле зроку журналістаў БРЦ падчас працы над расследаваннем «Узяўся за эндапратэзы... Вынікі і бенефіцыяры перадзелу рынку пасля "справы артапедаў"».

Фэйк 3: У Львове і частцы Львоўскай вобласці шыльды і назвы вуліц прадублююць на польскай мове

Партнёрскі матэрыял
«Заходняя Украіна рыхтуецца да польскай акупацыі» — з такім загалоўкам з'явіўся пост у тэлеграм-канале «Невальфовіч» 5 студзеня 2023 года. 

«Львоўская адміністрацыя паведамляе, што шыльды і назвы вуліц у Львове і частцы Львоўскай вобласці прадублююць на польскай мове. 

"У бліжэйшы час чакаем наплыву польскіх турыстаў. Зробім усё, каб нашым гасцям было зручна арыентавацца"», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу. Пра гэта нібыта распавёў старшыня Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Максім Казіцкі. 

Ні на сайце гарадской рады, ні на сайце абласной адміністрацыі, ні ў твітэры, ні нават у інстаграме Казіцкага няма ніякай інфармацыі пра дубляванне назваў вуліц і шыльдаў на польскай мове. 

Журналісты «Лукавых навін» звярнуліся ў Львоўскі гарадскі савет па каментар. 

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, паколькі ніякіх такіх рашэнняў Львоўскі гарадскі савет не прымаў», — паведамілі ў ведамстве.

Фэйк 4: Літва пераймае досвед Беларусі і ўводзіць новыя падставы для пазбаўлення грамадзянства

Партнёрскі матэрыял
Літва паглядзела на юрыдычныя новаўвядзенні ў Беларусі і таксама стала ўводзіць падставы для пазбаўлення грамадзянства — пост з такім зместам 8 студзеня 2023 года апублікаваў тэлеграм-канал ЖС Premium. 

«З тонкасцямі вырашылі не замарочвацца, пазбаўляць будуць за "падтрымку дзяржаў, якія ўяўляюць пагрозу". Ну гэта значыць выказаўся ты ў падтрымку "не той" дзяржавы, і ўсё, не грамадзянін...»

Насамрэч паміж новаўвядзеннямі ў Беларусі і заканадаўчай ініцыятывай у Літве ёсць вялікая розніца. У папраўках у заканадаўства ў суседзяў гаворыцца пра тых, хто набыў літоўскае грамадзянства ў парадку выключэння, будучы таксама грамадзянінам іншай дзяржавы. Пазбавіць грамадзянства могуць, калі такі чалавек сваімі дзеяннямі «ставіць пад пагрозу інтарэсы Літоўскай Рэспублікі, публічна выказвае падтрымку дзяржаве, якая пагражае інтарэсам бяспекі Літоўскай Рэспублікі і (або) іншых дзяржаў-чальцоў Еўрапейскага Звязу і (або) іх хаўруснікаў, тым самым дыскрэдытуючы Літоўскую Рэспубліку».

У беларускай жа практыцы грамадзянства пазбаўляць могуць людзей, якія атрымалі яго па праве нараджэння. Для гэтага дастаткова будзе знаходзіцца за мяжой і быць асуджаным завочна па «экстрэмісцкім» артыкуле. 

Фэйк 5: Уладзімір Зяленскі прызначыў украінскага палітыка губернатарам расейскага рэгіёну

Партнёрскі матэрыял
Інфармацыю пра прызначэнне Аляксея Ганчарэнкі губернатарам Кубані 26 снежня 2022 года апублікавала расейскае рэгіянальнае выданне «Жывая Кубань»: 

«Уладзімір Зяленскі прызначыў дэпутата ад фракцыі Пятра Парашэнкі "Еўрапейская салідарнасць" Аляксея Ганчарэнку новым губернатарам Кубані і даручыў яму фармаваць урад». 

Як Зяленскі мог прызначыць украінскага палітыка кіраўніком расейскага рэгіёну, у матэрыяле не тлумачыцца. У афіцыйных крыніцах украінскага ўраду такой інфармацыі няма. Сам Ганчарэнка пра гэта ў сваіх сацсетках не пісаў. Хоць яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны нардэп запусціў продаж мерча са сваімі вядомымі фразамі і фотаздымкамі ў вобразе атамана, які абяцае вярнуць Кубань у склад Украіны. 

Фэйк 6: Украінскія нацысты выклалі на полі бою партрэт Сцяпана Бандэры з трупаў расейскіх жаўнераў

Партнёрскі матэрыял
У сацсетках распаўсюджваецца скрыншот з нібыта загалоўкам артыкулу расейскай «Камсамольскай праўды» «Украінскія нацысты выклалі на полі бою партрэт Сцяпана Бандэры з трупаў расейскіх жаўнераў у дзень ягонага нараджэння». Публікуюць і сам партрэт. 

І навіна, і скрыншот — фэйкавыя. Фон для партрэту згенераваў Telegram-бот «Тэчка ў пакеце». Яго стварылі паўгода таму. Ён працуе так: пішаш любую фразу і бот выдае яе выкладзеную целамі расейскіх жаўнераў. 

Распрацоўнікі пазналі свой фон на малюнку з партрэтам Бандэры, але не ведаюць, хто яго стварыў. 

Фэйк 7: Еўрапейскія медыі апублікавалі матэрыял пра ўкраінак, якія не жадаюць займацца сексам з цемнаскурымі

Партнёрскі матэрыял

Тэлеграм-канал Berezina 25 снежня 2022 года звярнуў увагу на матэрыял, які нібыта выйшаў у адным з еўрапейскіх СМІ. 

«"Украінскія ўцякачкі, уцягнутыя ў сферу сексуальных паслуг, адмаўляюцца спаць з неграмі і каляровымі — гэта новы твар Еўрапейскага расізму". Еўрапейскія СМІ сёння выдатныя са сваімі высновамі», — так аўтары поста падпісалі скрыншот з адпаведным матэрыялам. 

Журналісты «Лукавых навін» праверылі і высветлілі, што такой навіны не існуе. 

На апублікаваным скрыншоце — артыкул выдання Vision Times ад 24 сакавіка 2022 года. Аднак арыгінальны загаловак — «Вайна ва Украіне ставіць жанчын-уцякачак пад пагрозу гандлю людзьмі і сексуальных злачынцаў» заменены на іншы, змененыя дата публікацыі матэрыялу і імя аўтара. У артыкуле ідзе гаворка пра тое, што ўкраінскія жанчыны, якія вымушана пераехалі ў ЕЗ праз вайну, рызыкуюць апынуцца ў сексуальнай эксплуатацыі, а зусім не пра расізм і ўцягнутых у сферу сексуальных паслуг украінак. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве
Антыфэйк / фактчэк

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве

Мы напісалі Вікторыі і папрасілі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю, якую апублікавалі тэлеграм-каналы са спасылкай на яе.

12 верасня 2024 Чытаць