Расследаванні

27 студзеня

Узяўся за эндапратэзы... Вынікі і бенефіцыяры перадзелу рынку пасля «справы артапедаў»

Улады абяцалі вырашыць праблему з чэргамі на аперацыі па замене буйных імплантаў. Што з гэтага атрымалася.

«Размаўляем па відэа. Я гляджу, бацька з кійком. Гэта была вясна мінулага года. Паставілі 3-4 ступень разбурэння сустава. Запісалі на чаргу», — распавядае дачка беларуса, які чакае эндапратэзавання. Людзі з дэгенератыўнымі захворваннямі суставаў у Беларусі чакаюць на аперацыю год і больш. За апошнія два гады сітуацыя пагоршылася — выраслі чэргі. У траўні 2023-га Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся разабрацца з гэтым. БРЦ праверыў, ці выканалі ягонае даручэнне. Мы вывучылі, як пасля «справы артапедаў» у краіне змянілася сістэма дзяржзакупу імплантаў, хто на гэтым зарабіў, а галоўнае — як гэта адбілася на пацыентах.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

У вас жа ўзрост

Праблемы з тазасцегнавым суставам у пенсіянера Віктара (імя змененае па просьбе героя) пачаліся каля дзесяці гадоў таму. Пра гэта БРЦ распавяла ягоная дачка:

«Пайшоў да звычайнага ўчастковага [лекара]. Участковы сказаў: «Што вы хочаце, у вас жа ўзрост». Нас адфутболілі. Потым я гляджу, ён пачаў кульгаць. Кажу: «Чаго ты кульгаеш?». Ён мне пачаў ужо распавядаць, што сцягно баліць».

На паўторнай кансультацыі сказалі, што ідзе пачатковае разбурэнне сустава, трэба кантраляваць сітуацыю, але нічога сур'ёзнага пакуль няма. А праз чатыры гады мужчына ўжо не мог ступіць на нагу. Дачка пенсіянера забіла трывогу, але лекары зноў сказалі: «Вы ж яшчэ ходзіце, якія праблемы?». Нават праз галоўнага лекара паліклінікі, як распавядае жанчына, дамагчыся паўнавартаснага абследавання не атрымалася. УГД і аналізы прыйшлося рабіць платна. Высветлілася, што хвароба прагрэсавала.

«Я дамаглася праз скандалы, каб паставілі хаця б на чаргу [на эндапратэзаванне]».

Суразмоўніца ўдакладніла, што на чаргу ейнага бацьку паставілі ў паліклініцы. Але ўвесну 2023-га, калі мужчына ўжо не мог хадзіць без кія, высветлілася, што ў агульную базу ягоныя дадзеныя не ўнеслі. Праз знаёмых дачка, як яна кажа, змагла дамагчыся, каб бацьку запісалі на эндапратэзаванне ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

«[У РНПЦ] таце выдаюць паперку з дыягназам, паставілі 3-4 ступень [дэгенерацыі сустава]».

Узімку мужчыну паведамілі, што праз некалькі месяцаў будзе аперацыя. Дакладную дату прызначаць бліжэй да таго часу.

«Сказалі, што ёсць імплант або беларускі, або індыйскі. Іншых варыянтаў няма. Выдалі спіс, што трэба набыць для аперацыі — нейкія бінты эластычныя, панчохі. Нашая бясплатная медыцына». 

Чакаць (,) нельга (,) плаціць

У траўні 2022 года ў чарзе на эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава толькі ў Менску стаяла 1998 чалавек, на замену каленнага — 2423. На 1 студзеня 2024 года аперацыю на сцягне чакаў 2491 чалавек, на калене — 3492. Гэта значыць, у выпадку з эндапратэзаваннем каленнага сустава чарга вырасла на 1069 чалавек ці ў 1,4 разы.

На момант публікацыі матэрыялу, да прыкладу, у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі на аперацыю па замене сцегнавога сустава выклікалі тых, хто чакае яе са студзеня 2022 года, каленнага — з лютага 2023-га. У 6 Гарадской клінічнай больніцы Менску зараз аперацыі робяць тым, хто чакае з чэрвеня 2021-га і красавіка 2019 года адпаведна.

У больніцах Кіева чарга на бясплатны эндапратэз звычайна займае некалькі месяцаў. Пра гэта БРЦ распавёў украінскі лекар артапед-траўматолаг Аляксандр Галузінскі, кандыдат медычных навук, медычны дырэктар Цэнтру складанага эндапратэзавання, астэаінтэграцыі і біёнікі клінікі «Мірум». Ён патлумачыў, што акрамя моцнага болю, які складана прыбраць абязбольнымі, у доўгага чакання дапамогі ёсць і іншыя наступствы.

«Чалавек пакуль чакае аперацыі, вельмі доўга не ступае на нагу, ходзіць на мыліцах. Гэта можа прыводзіць, з аднаго боку, да атрафіі цягліцаў, з другога боку — да ўзнікнення кантрактуры. Кантрактура — гэта абмежаванне рухомасці ў гэтым суставе. Адпаведна, што мы будзем мець на выхадзе, калі гэтая сітуацыя доўжыцца шмат месяцаў ці некалькі гадоў, напрыклад? Сама па сабе ўжо аперацыя будзе больш складанай для хірурга, а для пацыента рэабілітацыя пасля такой аперацыі больш складанай», — тлумачыць Галузінскі.

Адстаяўшы чаргу, бясплатна ў Беларусі можна атрымаць імпланты айчыннай вытворчасці. За імпартны прыйдзецца заплаціць. А ў выпадку замены разбуранага сустава без чаргі платнымі будуць і пратэз, і аперацыя.

Кошт эндапратэзавання ў дзяржаўных беларускіх больніцах у параўнанні з траўнем 2022 года вырас. Тады аперацыю можна было зрабіць за 8,4 тысячы рублёў ($3 тысячы). Цяпер эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава па-за чаргой у сталічных дзяржаўных медустановах каштуе ад 12 да 17 тысячаў рублёў. У клініцы «Мерсі», адзінай прыватнай у Беларусі, дзе робяць эндапратэзаванне, паслуга і імплант каштуюць каля 19 тысячаў рублёў. Гэта прыкладна 10 сярэдніх заробкаў. Але большасць беларусаў атрымліваюць менш за сярэдні.

Некаторыя пацыенты праз доўгія чэргі і высокія кошты вырашаюць аперавацца ў Расеі. Беларусцы, якой была патрэбная замена абодвух тазасцегнавых суставаў, чакаць бясплатнай аперацыі на радзіме давялося б два гады. Аперавацца платна ў прэзідэнцкай клініцы было вельмі дорага. Пра гэта БРЦ распавёў яе сваяк Яўген (імя зменена ў мэтах бяспекі героя), але не змог назваць кошт аперацыі. У выніку жанчына паехала да беларускага лекара ў адзін з расейскіх гарадоў. Аперацыя на адным суставе ёй абышлася ў $3,6 тысячы (каля 11,3 тысячы беларускіх рублёў па курсе на 18 студзеня 2024 года), на другім — у $3 тысячы (9,45 тысячы рублёў). Аперацыяй пацыентка засталася задаволеная.

Мы вывучылі кошты на эндапратэзаванне на сайтах расейскіх клінік, а таксама патэлефанавалі ў некалькі з іх. Аказалася, што нават у Маскве можна паставіць эндапратэзы танней, чым у Менску. Напрыклад, у прыватнай клініцы «СМ-клініка» аперацыя і імплант вытворчасці амерыканскай фірмы DePuy каштуе ад 12,9 тысячы беларускіх рублёў (ад 360 тысячаў расейскіх).

У дзяржустановах Расеі цэны яшчэ ніжэй. У Гарадской клінічнай больніцы №3 ім. С.М. Кірава ў Астрахані паставіць нямецка-амерыканскі або французскі эндапратэз можна за 8,2-8,9 тысячы беларускіх рублёў (230-250 тысячаў расейскіх). У Саратаўскай абласной клінічнай больніцы амерыканскі пратэз абыдзецца ў 7,1 тысячы беларускіх рублёў (200 тысяч расейскіх).

Дзмітрый Піневіч
Крыніца: БРЦ / Дзмітрый Піневіч

Украінскі траўматолаг-артапед Аляксандр Галузінскі адзначыў, што ў іх краіне кошты, якія фірмы прапануюць пацыентам або прыватным клінікам, «наогул не мяняюцца ўвесь гэты час, ... прынамсі 10 [гадоў]».

Справа пераменаў

У верасні 2022 года з'явілася інфармацыя, што эндапратэзы ў Беларусі сталі закупляць толькі праз «Белмедтэхніку» — дзяржаўнага манапаліста на рынку забеспячэння ўстановаў аховы здароўя медвырабамі. Аказалася, што прадпрыемства набывае імпланты ў дастаўнікаў значна танней, чым потым прадае іх пацыентам. Нават у дзяржаўных медустановах.

Схему закупак змянілі пасля «справы артапедаў», набываць імпланты наўпрост больніцам па загадзе Міністэрства аховы здароўя забаранілі, каб ліквідаваць усіх пасярэднікаў.

У сакавіку 2022 года па «справе артапедаў» у Беларусі затрымалі 35 траўматолагаў-артапедаў.

Медыкаў абвінавачвалі ў атрыманні камісійных за лабіяванне эндапратэзаў пэўных замежных вытворцаў. Крыху пазней лекараў выпусцілі, але паставілі тры ўмовы: яны павінныя прызнаць віну, кампенсаваць шкоду і пайсці працаваць туды, куды вызначыць Міністэрства аховы здароўя.

«Справа артапедаў» стала нагодай пераходу да новай сістэмы закупак. У выніку чэргі на эндапратэзаванне толькі выраслі. У траўні 2023 года Дзяржкантроль далажыў аб праблемах у медычнай сферы. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб павышэнні эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя і распарадзіўся да канца 2023 года праапераваць усіх, хто стаяў у чарзе на эндапратэзаванне буйных суставаў на той момант.

Мяркуючы па дадзеных аб прасоўванні чэргаў на пратэзаванне, гэтую задачу не выканалі. Нягледзячы на тое, што «Белмедтэхніка» на закуп эндапратэзаў у 2023 годзе выдаткавала большую суму, чым калісьці за апошнія 5 гадоў — 32 млн рублёў (€9,9 млн).

Прыбытковы перадзел

«Справа артапедаў» і змяненне сістэмы закупак ударылі па пацыентах. Але ёсць і тыя, хто зарабіў на абставінах, якія склаліся.

У папярэднім расследаванні «”Справа артапедаў”. Як у выйгрышы апынулася малавядомая клініка» мы ўжо шукалі адказ на пытанне, каму быў найбольш выгадны скандал з эндапратэзамі і гісторыя з артапедамі. Тады факты прывялі нас да прыватнай клінікі «Мерсі». Працуючы над актуальным расследаваннем, пасля аналізу дадзеных закупак і размовы з беларускім лекарам, мы высветлілі, хто яшчэ выйграў ад перадзелу рынку.

Адна з саўладальніц клінікі «Мерсі» — сяброўка Ліліі Лукашэнкі Людміла Няронская.

Заняць гэтую нішу ёй дапамагла «справа артапедаў». Пасля яго «Мерсі» стала адзінай прыватнай клінікай у Беларусі, якая ставіць эндапратэзы замежнай вытворчасці.

«Сэнс быў у чым. Ёсць беларускі завод, які выпускае пратэзы. Для функцыянавання заводу павінен быць пастаянны закуп больніцамі. Гэта значыць больніца павінна закупляць нейкі аб'ём прадукцыі абавязкова. Якасць іх заўважна горшая: яны большыя па памеры, чым імпартныя, такім чынам, аперацыя больш крывавая. І многія пацыенты самі прасілі імпартныя. Яны служаць даўжэй, разрэз і траўматызацыя тканак меншая, тэрмін рэабілітацыі меншы», — распавёў БРЦ на ўмовах ананімнасці беларускі медык.

Зыходзячы з дадзеных закупак «Белмедтэхнікі», каля траціны рынку эндапратэзаў у Беларусі цяпер належыць ЗАТ «Алцімед» — беларускаму вытворцу эндапратэзаў тазасцегнавых суставаў. Хоць гэта і не дзяржаўная кампанія, праект распрацоўкі яе першага эндапратэзу фінансаваўся ў тым ліку з дзяржбюджэту.

Кампанія займае другое месца ў спісе найбуйнейшых дастаўнікаў эндапратэзаў «Белмедтэхніцы». Пры гэтым у медыкаў ёсць пытанні да іх якасці, распавяла БРЦ каардынатарка фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка: «Мы шмат гаварылі з лекарамі, з пацыентамі, з лекарамі, якія ставяць суставы, у першую чаргу. <...> Кажуць пра тое, што “Алцімед” — гэта далёка не найлепшае якасць».

У 2023 годзе «Алцімед» заключыў дамоваў з «Белмедтэхнікай» прыкладна на 19,3 млн рублёў (€5,9 млн) — амаль траціна ад усёй сумы закупак эндапратэзаў, праведзеных прадпрыемствам за гэты перыяд. Гэта ў 3,3 разу больш у параўнанні з 2022 годам — тады кошт угодаў «Белмедтэхнікі» з «Алцімедам» склаў каля 5,77 млн рублёў. У 2021 годзе «Белмедтэхніка» ўвогуле не закупляла эндапратэзы ў беларускага вытворцы.

Анатоль Доста
Крыніца: БРЦ / Анатоль Доста

Кампанія яшчэ не дала справаздачу пра прыбытак і страты за 2023 год. Аднак вядома, што яе выручка ў 2022 годзе ў параўнанні з 2021-м вырасла на 38% і склала 6,6 млн рублёў (€2,4 млн). Чысты прыбытак «Алцімеда» ў 2022 годзе дасягнуў прыкладна 1,5 млн рублёў. А 2021 год кампанія скончыла са стратамі ў 96 тысячаў рублёў. [*] [*]

Паводле апошніх даступных дадзеных, якія далі нам «Кіберпартызаны», 95,23% акцыяў ЗАТ «Алцімед» належаць Анатолю Досце.

Ён жа значыцца дырэктарам кампаніі. За Достай лічацца дзевяць патэнтаў на імплантаты, медычныя матэрыялы і іншае. Яшчэ 0,92% акцыяў кампаніі валодае Яўген Ксяневіч. Астатнія 3,85% лічацца за Аляксандрам Руцкім, але ён ужо памёр. [*]

Руцкі быў траўматолагам-артапедам, доктарам медычных навук, акадэмікам НАН, заслужаным дзеячам навукі БССР і лаўрэатам Дзяржпрэміі РБ, прафесарам. Пад яго кіраўніцтвам распрацоўвалі першы ў Беларусі эндапратэз тазасцегнавога сустава.

Вытворчасць «Алцімед» знаходзіцца ў Асіповічах. У 2012 годзе яго наведаў Лукашэнка. Ён на працягу многіх гадоў кажа, што Беларусь павінна рабіць упор на імпартазамяшчэнне. І нярэдка прыязджае на прадпрыемствы, каб нагадаць пра гэта. Экскурсію па «Алцімеду» праводзіў Анатоль Доста. У 2018 годзе дырэктар «Алцімеду» атрымаў ганаровую грамату Савету Міністраў.

У сакавіку 2023-га ў Пасланні народу і Нацыянальнаму сходу Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што «імпартазамяшчэнне і павышэнне долі інавацыйнай вытворчасці — найважнейшыя задачы. Мы не павінныя залежаць ад капрызаў заходніх палітычных элітаў, якія абмяжоўваюць свабоду цывілізаванага бізнесу».

Малады гулец

У спісе дастаўнікаў імплантаў «Белмедтэхніцы» ёсць яшчэ адзін беларускі вытворца — навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік». Ён не так даўно пачаў вырабляць эндапратэзы каленных суставаў — навіна пра гэта з'явілася ў снежні летась. У жніўні 2023-га «Белмедтэхніка» закупіла ў «Палітэхніка» 600 камплектаў пратэзаў агульным коштам 1,8 млн рублёў. Гэта значыць, кошт аднаго камплекта — 3 тысячы рублёў.

Беларускае Міністэрства аховы здароўя кажа, што эндапратэзы «Палітэхніка» не саступаюць па якасці імпартным. Аднак аўтары тэлеграм-каналу беларускай медычнай ініцыятывы «Белыя халаты» пісалі, што клінічныя выпрабаванні ўзораў гэтых імплантаў праводзіліся на адным трупе і двух жывых людзях у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі і ў 6-й ГКБ у 2022 і 2023 гадах.

«Аддаленыя вынікі, выжывальнасць, змены касцяной тканкі, функцыянальнасць і іншыя паказнікі за гэты час, вядома ж, ніхто вам не прадставіць», — адзначылі аўтары каналу.

З Індыі транзітам праз Амерыку

Нягледзячы на спробы ўладаў выцесніць імпарт з беларускага рынку эндапратэзаў і замяніць яго айчыннымі імплантамі, пакуль першае месца па пастаўках «Белмедтэхніцы» займаюць індыйскія імпланты, якія прадае Neotech Solutions. Прыкладна палову ўсіх эндапратэзаў у 2023 годзе дзяржпрадпрыемства закупіла ў яго і заплаціла амаль 30 млн рублёў.

Гульцом, які прадаў эндапратэзаў «Белмедтэхніцы» на самую вялікую суму ў 2023 годзе, апынулася фірма са статутным капіталам $20, якая не вырабляе імпланты. Паштовы адрас Neotech Solutions вядзе ў горад Манро ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі. Па дадзеных бізнес-рэестру Невады (тут зарэгістравана фірма), на сямі ключавых пазіцыях у кампаніі запісаны адзін і той жа чалавек — нейкая Наталі Рамбальскі. [*] [*] [*] Цяпер яна мае грамадзянства ЗША, але мяркуючы па яе профілі ў LinkedIn, вышэйшую адукацыю яна атрымлівала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. [*] [*]

Кіраўніца прадстаўніцкага офісу Neotech Solutions у Беларусі Наталля Шаманоўская скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. [*]  Такую інфармацыю яна напісала ў сацсетках. [*] Шаманоўская знаёмая з генералам МУС Беларусі Леанідам Глухоўскім. У 2008 годзе яны ўдвая на машыне ездзілі ў Польшчу. [*] Глухоўскі раней займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў і кіраваў Следчым камітэтам, а таксама быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Крыніца: БРЦ

Па тым жа адрасе, указаным у кантактах Neotech Solutions, знаходзіцца дом, якім Наталі валодае разам з Віталём Рамбальскі. [*] У чалавека з такім жа імем ёсць кампанія Cybernet Enterprises з гэтым жа адрасам у Манро. [*] [*]

Мяркуючы па апісанні на сайце Cybernet Enterprises, яна займаецца інфармацыйнымі і медычнымі тэхналогіямі. Кампанія таксама ўдзельнічае ў тэндарах на пастаўку медычных тавараў у Беларусі. У адной з закупак у 2021 годзе Cybernet Enterprises і Neotech Solutions фігуравалі як пераможцы для двух розных лотаў. Дамову з «Белмедтэхнікай» з боку Cybernet Enterprises падпісаў Віталь Рамбальскі.

Мы спрабавалі датэлефанавацца да Наталі Рамбальскі, каб даведацца, як яе амерыканскаму прадпрыемству ўдалося нарасціць пастаўкі індыйскіх эндапратэзаў у Беларусь. Безвынікова. Таксама мы накіравалі ёй пісьмовы запыт, але адказ да выхаду расследавання не атрымалі.

Узаемны інтарэс

На трэцяй пазіцыі ў спісе дастаўнікаў пратэзаў «Белмедтэхніцы» ў 2023-м размясцілася яшчэ адна замежная кампанія — швейцарская HAB Invest AG. Летась фірма прадала беларускаму прадпрыемству імплантаў крыху менш чым на 8,7 млн рублёў ($2,7 млн). У 2022 годзе — на 13,2 млн рублёў (€4,8 млн).

HAB Invest AG заснаваў швейцарац Герман Аляксандр Беелер (Hermann Alexander Beyeler) — ганаровы консул Беларусі ў Швейцарыі і заможны бізнесмен.

Загад аб прызначэнні Беелера Ганаровым консулам уручыў беларус Уладзіслаў Сахашчык, які на той момант (у 2019 годзе) быў трэцім сакратаром беларускай амбасады ў Швейцарыі. А цяпер ён — гендырэктар кампаніі Беелера HAB Invest AG.

Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco называе Беелера «вядомым прапагандыстам тэорыяў змовы і верным прыхільнікам беларускага дыктатара Лукашэнкі». У інтэрв'ю швейцарскаму выданню Luzerner Zeitung Беелер раскрытыкаваў санкцыі ЕЗ супраць Беларусі. У тым жа матэрыяле ён паведаміў, што ніколі не сустракаўся з Лукашэнкам, а сябе назваў нашчадкам цара Аляксандра III.

У Беелера ў Беларусі ёсць і бізнес-інтарэсы. Не толькі ў сферы медыцыны. У жніўні 2019 года тагачасны першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын прапанаваў Беелеру — прэзідэнту Ceres Group Holding AG і старшыні савету дырэктараў індустрыяльнага парку BUSS — стварыць швейцарскі субпарк у «Вялікім камені». Бізнесмен адказаў, што для яго было б гонарам паўдзельнічаць у гэтым праекце. Пра такую супрацу ў сферы ўзаемнага прыцягнення інвестыцыяў казалі і ў 2020 годзе.

Герман Аляксандр Бейелер, Дзмітрый Піневіч
Крыніца: БРЦ / Герман Аляксандр Бейелер, Дзмітрый Піневіч

У ліпені 2022 года Беелер распавядаў, што да ўвядзення санкцыяў на пастаўкі беларускага лесу ў Еўропу адна з яго кампаніяў паспяхова закупляла на біржы айчынныя піламатэрыялы. А 18 траўня 2023 года Беелер сустракаўся з тагачасным міністрам аховы здароўя Беларусі Дзмітрыем Піневічам. Прыкладна ў той перыяд, калі Лукашэнка выказваў незадаволенасць чэргамі на эндапратэзаванне, Піневіч і Беелер абмяркоўвалі магчымасці вытворчасці медтэхнікі ў Беларусі швейцарскімі кампаніямі, а таксама наўпроставыя закупы эндапратэзаў заходніх вытворцаў.

Беелер сустракаўся не толькі з беларускімі чыноўнікамі, але і з Фёдарам Поўным, які згадваецца ў медыях як духоўнік Лукашэнкі.

7 жніўня 2023 года ў храме Усіх Святых у Менску ён уручаў ганароваму консулу Беларусі ў Пратэльне ўзнагароду — памятны медаль «За ўнёсак у будаўніцтва святыні». Атрымаў Беелер яе за ўсебаковую падтрымку абшчыны ўсіх Святых у Менску і арганізацыю аздараўленчага лагеру для дзіцячага царкоўнага хору ў Швейцарыі ў ліпені 2023 года.

Да гэтага, зімой 2021 года Поўны прыязджаў у Швейцарыю і сустракаўся з Беелерам.

Мы даслалі запыт у HAB Invest, але адказу на момант выхаду расследавання не атрымалі.

Хітрае пераўвасабленне

Пастаўкі амерыканскай кампаніі Neotech Solutions, беларускай «Алцімед» і швейцарскай HAB Invest AG, пра якія мы распавялі вышэй, тычацца вялікіх партыяў тыпавых эндапратэзаў. Але некаторым пацыентам у Беларусі патрабуюцца індывідуальныя, якія ўлічваюць іх анатамічныя асаблівасці. Такія пратэзы часта замаўляе РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Там яны патрэбныя дзецям пры істотным разбурэнні косткі пухлінай.

Такія эндапратэзы закупляюць у ТАА «Тэхнамедыцына», якое раней не згадвалася ў кантэксце паставак імплантаў. У 2022 годзе кампанія паставіла шэсць індывідуальных пратэзаў на 540 тысячаў рублёў. Усе прызначаліся для згаданага вышэй РНПЦ.

У 2022 годзе выручка «Тэхнамедыцыны» склала 8,8 млн рублёў (€3,2 млн). Але пасля выліку выдаткаў па выніках года кампанія сышла ў страту — мінус 507 тысячаў рублёў. Са стратамі яна скончыла і 2021 год. [*]

За гэтай фірмай да яе ліквідацыі восенню мінулага года стаяў бізнесмен Віталь Белы. [*] [*] У мінулым лекар. У 2003-м ён працаваў у «Псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў №1». [*]

Цяпер Белы валодае некалькімі фірмамі, звязанымі з медычнымі таварамі. 

Нягледзячы на былую супрацу, адносіны ў «Тэхнамедыцыны» і «Белмедтэхнікі», падобна, нацягнутыя. Першая выступала адказчыкам у 19 працэсах у эканамічным судзе па пазовах, якія падала другая. Судзіліся яны з-за невыканання або неналежнага выканання абавязанняў па дамовах куплі-продажу або паставак тавараў.

Верагодна, на фоне гэтага «Тэхнамедыцына» двойчы пераўвасобілася ў іншую кампанію. 10 кастрычніка 2023 года ў ёй змяніўся заснавальнік. На месца Віталя Белага прыйшоў былы супрацоўнік дзяржкантролю і ўладальнік кансалтынгавай фірмы «Бізнес апора» Сяргей Базуеў. [*] [*] [*] [*]

Ужо праз дзень «Тэхнамедыцына» далучылася да ТАА «РасМедІнструмент». [*] А праз яшчэ месяц з лішкам улілася ў новаўтворанае ТАА «Аватарыял». [*] [*]

У Віталя Белага ёсць дзве судзімасці. Адна з іх звязаная з дзейнасцю адной з ягоных кампаніяў «Асамедыка» — рэзідэнта індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

У 2014-2016 гадах ён і дырэктары фірмы пад выглядам прадукцыі ўласнай вытворчасці прадавалі «Белмедтэхніцы» імпартны тавар. Але на дзяржзакупах заяўлялі права на ўжыванне прэферэнцыйнай папраўкі. Яна дае кампаніі перавагу пры правядзенні дзяржзакупак. На яе могуць прэтэндаваць, да прыкладу, беларускія вытворцы або кампаніі, дзе не менш за палову супрацоўнікаў — людзі з інваліднасцю. [*]

«Асамедыка» была заўважаная і ў іншых махінацыях. У 2015 годзе на прадпрыемстве арганізавалі вытворчасць медычных вырабаў і тэхнікі на суму тры мільёны дэнамінаваных рублёў — без спецыяльнага дазволу. [*]

У 2010 годзе кампанія заключыла інвестыцыйную дамову, па якой у Беларусь павінны былі завезці тавары без выплаты ўвазнога мыта і ПДВ. Але «Асамедыка» не выканала свае абавязанні і павінна была выплаціць мытныя плацяжы без ільготных умоў. [*]

ТАА «Асамедыка» ў 2020 годзе фігуравала ў справе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) праз недатрыманне канкурэнцыі. Кампанія атрымала штраф.

Нягледзячы на не самую чыстую рэпутацыю фірмы, «Белмедтэхніка» і яе даччыныя кампаніі апошнія тры гады знаходзяцца ў топе заказчыкаў «Асамедыкі» па аб'ёме закупак. У гэтым жа спісе — Менскі гарадскі клінічны анкалагічны цэнтр. У большасці выпадкаў у мінулым годзе закупы ў «Асамедыкі» праводзіліся па працэдуры з адной крыніцы.

«Калі праходзяць, скажам так, закупы з адной крыніцы на досыць стандартныя прадукты, якія можа паставіць вялікая колькасць дастаўнікаў, гэта заўсёды вельмі падазрона. Трэба паглядзець, чаму так закупы праводзіліся, але вельмі часта ў такіх закупах можа прысутнічаць і карупцыйны складнік, таму што, калі ёсць некалькі дастаўнікаў, то няма ніякай неабходнасці праводзіць працэдуру закупу з адной крыніцы», — растлумачыў нам незалежны эканаміст Уладзімір Кавалкін.

Яшчэ адзін штрых да партрэту: у студзені 2023 года Беларусь перадала расейскім вайскоўцам не менш за пяць цяжкавікоў індывідуальных аптэчак, якія, са словаў Лукашэнкі, «лепшыя за натаўскія». Як можна меркаваць па апублікаваным тэлеграм-каналам «Пул першага» відэа, аптэчкі зрабіла «Асамедыка». На сайце кампаніі сказана, што гэта «вядучы вытворца медычных расходных матэрыялаў».

У тэлефоннай размове з журналістам БРЦ Віталь Белы заявіў, што аптэчкі кампанія нікуды не пастаўляла: «Гэта няправільная інфармацыя абсалютна».

Аднак адказаць на пытанне, чаму на скрынках — назва ягонай фірмы, ён не змог: «Вось гэтага я не ведаю. Калі быць абсалютна адкрытым... Мы — досыць буйны вытворца не толькі ў Беларусі. Не ведаю, якім чынам гэта ўсё патрапіла».

Абставіны непераадольнай сілы

Усе закупы, у якіх дастаўнікамі сталі тры найбуйныя прадаўнікі «Белмедтэхнікі» — Neotech Solutions, «Алцімед» і HAB Invest AG, праводзіліся па працэдуры з адной крыніцы. То бок без конкурсу. Каб закупіць эндапратэзы па такім прынцыпе, «Белмедтэхніка» альбо аб'яўляла аўкцыён і прызнавала яго несапраўдным, альбо спасылалася на абставіны непераадольнай сілы.

«Калі спецыяльна робяць так, што тэндары не адбываюцца, і потым праводзяцца закупы з адной крыніцы па розных прычынах, таму што тэндар не адбыўся ці нейкія выдуманыя іншыя прычыны, — гэта азначае, што людзі адчуваюць абсалютную сваю беспакаранасць. І менавіта таму і праводзяць такім чынам працэдуру закупак», — сказаў у каментары БРЦ незалежны эканаміст Уладзімір Кавалкін.

Мы скіравалі запыт у Міністэрства аховы здароўя з просьбай пракаментаваць сітуацыю з эндапратэзаваннем у Беларусі. Яго пакінулі без разгляду па сутнасці. Адмову ведамства патлумачыла тым, што наш зварот не адпавядае патрабаванням — «у прыватнасці не прыкладзеныя дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы заяўніка». Такі ж адказ мы атрымалі на запыт у межах папярэдняга расследавання «Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы».

БРЦ таксама скіраваў запыты фігурантам расследавання: ва УП «Белмедтэхніка» і ў кампанію «Алцімед». На момант публікацыі матэрыялу адказаў мы не атрымалі.

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць
Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы
Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам у расследаванні, у расейскіх аптэках абышлася б бюджэту на $2 млн танней, чым оптам у беларускага...

24 студзеня 2024 Чытаць