Фэйк 1: Швецыя пры ўступленні ў NATO гатовая размясціць у сябе ядравую зброю
Партнёрскі матэрыял«Швецыя гатовая размясціць у сябе ядравую зброю пры ўступленні ў NATO. Пра гэта заявіў сёння прэм'ер-міністр краіны. Гэта пры тым, што іншыя скандынаўскія дзяржавы адмовіліся гэта рабіць», — кажа голас за кадрам.
Дакладную цытату прэм'ера Швецыі не далі. Магчыма, таму што на самой справе Ульф Крыстэрсан сказаў, што краіна лічыць неактуальным размяшчэнне ядравай зброі на сваёй тэрыторыі, як і яе скандынаўскія суседзі.
«Мы бачым малаверагоднай, гэтак жа як і іншыя паўночныя краіны, актуальнасць размяшчэння ў мірны час ядравай зброі на нашай тэрыторыі», — так гучалі словы шведскага прэм'ера.
На тое, што прарасейскія медыі сказілі сэнс яго выказвання, звярнуў увагу і сам Крыстэрсан.
«Ва ўсіх шведаў — як цывільных, так і ўсіх у форме — цяпер ёсць задача, больш важная, чым калі-небудзь, — быць вельмі пільнымі ў дачыненні да такой дэзынфармацыі. Яна накіраваная на стварэнне рознагалоссяў і нявызначанасці як унутры Швецыі, так і паміж Швецыяй і нашымі хаўруснікамі», — напісаў ён у фэйсбуку.
Акрамя таго, амбасада Швецыі ў Расеі звязалася з выданнем РБК, якое першым апублікавала гэтую навіну.
«Амбасада Швецыі ў Маскве папярэдзіла РБК пра няправільнае цытаванне. Прэм'ер-міністр Крыстэрсан заявіў у сваім выступе, што Швецыя ўступае ў NATO без фармальных агаворак. Ён таксама сказаў, што, як і для іншых краін Паўночнай Еўропы, неактуальна мець ядравую зброю на сваёй тэрыторыі ў мірны час», — заявіў шведскі МЗС.
РБК прызнала, што дапусціла памылку ў перакладзе словаў Крыстэрсана.