Антыфэйк / фактчэк

12 жніўня

«Беларусь 1»: Канадскаму атлету стала дрэнна пасля заплыву па Сене праз якасць вады ў рацэ. Ён сам назваў іншую прычыну

Спартыўны карэспандэнт тэлеканалу «Беларусь 1» Станіслаў Ліпскі паведаміў, што трыятланіст з Канады збіраецца судзіцца з Міжнародным алімпійскім камітэтам.

Спартыўны карэспандэнт тэлеканалу «Беларусь 1» Станіслаў Ліпскі паведаміў, што трыятланіст з Канады збіраецца судзіцца з Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК). Прычына — спартоўца вырвала пасля заплыву па Сене ў Парыжы праз якасць вады ў рацэ. Каманда Weekly Top Fake даведалася, чым дрэннае самаадчуванне патлумачыў сам спартовец.

Пра наступствы заплыву для аднаго з яго ўдзельнікаў падчас Алімпійскіх гульняў у Парыжы журналіст Станіслаў Ліпскі распавёў 4 жніўня 2024 года ў перадачы «Галоўны эфір» на «Беларусь 1».

«Так, турнір прайшоў, але паглядзіце на гэтыя кадры: атлетам прайсці выпрабаванне Сенай хоць і ўдалося, але якім коштам. Канадскага атлета пасля старту, мякка кажучы, ванітавала ад перажытага заплыву. Па паведамленнях France 24, канадзец падаў у суд на МАК, бо, па яго словах, трыятланіст не змог дамагчыся добрага выніку праз дрэннае самаадчуванне пасля заплыву ў Сене. Небараку вырвала дзесяць разоў пасля заканчэння гонкі», — адзначыў Ліпскі.

Такі выпадак на Алімпіядзе сапраўды адбыўся. Атлета, якому стала дрэнна падчас спаборніцтва, клічуць Тайлер Міслаўчук. Але з якасцю вады ў Сене яго недамаганне не звязана. Спартовец сам распавёў пра гэта ў інтэрв'ю спартыўнаму каналу CBC Sports:

— Я думаю, цябе званітавала разоў дзесяць пасля гонкі, — сказаў вядоўца.

— Так, каля таго, — пацвердзіў атлет.

— Што здарылася? Гэта для вас звычайная справа пасля гонкі?

— Не сказаць, што гэта звычайная сітуацыя, але часам гэта здараецца. Я, бывае, праглынаю шмат вады падчас заплыву. І гэта не звязана з яе якасцю. Мой страўнік быў перапоўнены. І гэта мяне абмяжоўвала ў заплыве. Мой страўнік адчуваў сябе так, як быццам у ім было маленькае дзіця. Плюс дадайце 39 або 40 гадзін працы, — растлумачыў спартовец.

Пацвярджэнняў таму, што трыятланіст мае нейкія прэтэнзіі да МАК і збіраецца з ім судзіцца, журналісты Weekly Top Fake не знайшлі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі