Антыфэйк / фактчэк Сёння

На СТБ прамаўчалі пра траціну апытаных літоўцаў, якія выступілі за захаванне санкцыяў

За захаванне або ўзмацненне санкцыяў выказаліся амаль столькі ж літоўцаў, колькі за іх змякчэнне або адмену.

У праграме «Навіны 24 гадзіны» на СТБ заявілі, што ў Літве прыхільнікаў адмены або змякчэння санкцыяў супраць Беларусі значна больш, чым тых, хто падтрымлівае абмежаванні. Але вядоўцы не агучылі важны вынік апытання: 30% рэспандэнтаў выступілі за захаванне санкцыяў без зменаў.

Кантэкст: У канцы траўня 2026 года ўлады Падляскага ваяводства прапанавалі ўключыць у планы развіцця польскай чыгуначнай сеткі пасажырскае спалучэнне з Белавежай — турыстычным пасёлкам у Белавежскай пушчы на мяжы з Беларуссю. Мясцовыя ўлады таксама адзначылі, што пасля рэканструкцыі чыгункі цягнікі змогуць пайсці і ў Горадню, калі міжнародная сітуацыя палепшыцца. Пасажырскае чыгуначнае спалучэнне паміж Польшчай і Беларуссю спынілася ў 2020 годзе праз пандэмію COVID-19, а пасля пагаршэння міжнароднай сітуацыі так і не аднавілася.

У праграме «Навіны 24 гадзіны» на тэлеканале СТБ 2 чэрвеня 2026 года заявілі, што ўлады Польшчы не чуюць уласны народ. Гэтак жа, як і ўлады Літвы. У якасці пацвярджэння вядоўцы прывялі вынікі апытання грамадскай думкі і сцвярджалі, што прыхільнікаў адмены або змякчэння санкцыяў супраць Беларусі там значна больш, чым тых, хто падтрымлівае абмежаванні.

— Вынікі свежага сацыялагічнага даследавання ў Літве ілюструюць прыкладна такую ж прорву — у гэтым выпадку паміж афіцыйнай і таксама не незалежнай Вільняй, з аднаго боку, і літоўскім народам — з другога. Так, больш за траціну рэспандэнтаў, апытаных у гэтай прыбалтыйскай дзяржаве, выступілі за адмену або змякчэнне санкцыяў у дачыненні да Беларусі, — сказаў вядоўца Ігар Пазняк.

— І іх значна больш, чым тых, хто санкцыі падтрымлівае, — працягнула сувядоўца Юлія Алексеюк.

У пачатку траўня ў Літве сапраўды правялі такое апытанне. Больш за траціну рэспандэнтаў выказаліся за змякчэнне часткі санкцыяў супраць Беларусі, яшчэ 11% — за іх поўную адмену. За ўзмацненне санкцыяў выступілі 17% апытаных.

Аднак вядоўцы СТБ не агучылі яшчэ адзін вынік: 30% рэспандэнтаў лічаць, што абмежаванні трэба захаваць без зменаў. Гэтая лічба змяняе агульную карціну. Калі аб’яднаць адказы, атрымліваецца, што за захаванне або ўзмацненне санкцыяў выступілі амаль столькі ж людзей, колькі за іх змякчэнне або адмену. Літоўскае грамадства ў гэтым пытанні падзялілася амаль пароўну.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
На беларускім радыё заявілі, што Японія абавязаная сваім эканамічным цудам савецкім часопісам. Правяраем
Антыфэйк / фактчэк На беларускім радыё заявілі, што Японія абавязаная сваім эканамічным цудам савецкім часопісам. Правяраем
Пра тое, што ў Японіі ўсталявалі помнік часопісу «Наука и жизнь» як «аснове японскага эканамічнага цуду», паведамляў сатырычны рэсурс «Панорама».
07 чэрвеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць